Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алег Воўчак: "Сьледзтва па справе тэракту вядзецца дзіўна"


Алег Волчак

Алег Волчак

Мінула 17 дзён ад тэракту ў менскім мэтро, вынікам якога стала гібель 14 чалавек. Дзесяткі пацярпелых пакалечаны. Што новага ў расьсьледаваньні гэтага злачынства?

У пракуратуры Беларусі, дзе вядзецца расьсьледаваньне выбуху на станцыі "Кастрычніцкая", сказалі, што абвінавачаньне падазраваным у тэракце яшчэ ня выстаўленае, і "працягваецца збор доказаў". Зьвесткі пра тое, што спэцслужбы некалькі гадоў запар нібыта трымалі пад кантролем сям'ю аднаго з падазраваных, у пракуратуры камэнтаваць адмовіліся.

28 красавіка расейскі інтэрнэт-рэсурс "Life News" распаўсюдзіў зьвесткі, што ў КДБ нібыта было дасье на аднаго з падазраваных. Як расказала "Life News" крыніца ў праваахоўных органах Беларусі, у супрацоўнікаў КДБ "было вялікае дасье". Яго сабралі яшчэ пасьля выбуху ў Менску ў 2008 годзе. "Тады бацьку падазронага западозрылі ў дачыннасьці да тэракту. Увагу прыцягнуў і яго сын. Малады чалавек трапіў у групу рызыкі праз сваю схільнасьць да хіміі і ўменьне майстраваць выбуховыя пакеты. Сілавікі ведалі пра тое, што юнак амаль увесь вольны час вырабляў піратэхніку і экспэрымэнтаваў з выбуховымі рэчывамі. Але чамусьці яму ніхто не перашкаджаў".

У КДБ гэтыя зьвесткі таксама не камэнтуюць.

Вядома, што раней у пракуратуры Беларусі папярэдзілі шэраг палітыкаў і былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў пра адказнасьць за распаўсюд недакладных зьвестак пра сьледзтва ў справе тэракту. Закрытасьць расьсьледаваньня, аднак, не азначае, што грамадзтва не павінна абмяркоўваць недахопы грамадзкай бясьпекі, лічыць былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што сьледзтва па справе тэракту вядзецца "неяк дзіўна":
Несвоечасовыя заявы могуць выглядаць як падрыхтоўка грамадзкай думкі да нейкай адной вэрсіі
"Ёсьць кіраўнік сьледчай групы і ёсьць пракурор, які назірае за вядзеньнем справы. Толькі яны маюць права даваць нейкія зьвесткі, нешта камэнтаваць па справе. А што мы назіраем? Я бачу, як старшыня КДБ камэнтуе справу, у тым ліку агалошвае дадзеныя сьледзтва, і міністар унутраных спраў тое самае. Таксама камэнтуе справу кіраўнік дзяржавы. У выніку шмат у каго ўзьнікае сумненьне, ці вядзецца сьледзтва законна і незалежна? Бо толькі пасьля завяршэньня сьледзтва можна даваць прававую ацэнку дзеяньням пэўных асоб і агалошваць пэўныя факты і доказы. Несвоечасовыя заявы, вызначэньне пэўных пазыцый да канца расьсьледаваньня можа выглядаць як падрыхтоўка грамадзкай думкі да нейкай адной вэрсіі".

Чаму дагэтуль ня выстаўленае абвінавачаньне падазроным у тэракце? Алег Воўчак кажа, што ў справах пра тэракты закон дазваляе выстаўляць абвінавачаньне і празь месяц. Але ў выпадку з тэрактам 11 красавіка, паводле спадара Воўчака, ёсьць пэўныя асаблівасьці:

"Варта было б выставіць папярэдняе абвінавачаньне, паколькі, як самі кажуць, высьветлілі ўжо і спосаб тэракту, і выканаўцаў. Але цягнуць час. Мяркую, таму, што не хапае ў іх нейкага зьвяна ў ланцужку, каб на 100% паказаць, што гэтыя ж асобы датычныя і да падрыхтоўкі, і да выкананьня тэракту".

Не хапае ў іх нейкага зьвяна ў ланцужку, каб на 100% паказаць, што гэтыя ж асобы датычныя і да падрыхтоўкі, і да выкананьня тэракту
Алег Воўчак не выключае, што спэцслужбы маглі мець дасье на аднаго з будучых тэрарыстаў, але ня верыць у тое, што яго маглі выпусьціць з-пад кантролю. Цяперашні стан здароўя і псыхікі гэтых людзей у Алега Воўчака выклікае непакой:

"Мы ж дагэтуль ня ведаем, у якім стане гэтыя людзі знаходзяцца. Яны адэкватныя? Здаровыя? Могуць яны даваць паказаньні з пункту гледжаньня псыхікі? Мы ўжо сутыкнуліся ў справе Мікалая Аўтуховіча, як Ларын даваў на яго паказаньні, што ледзь не партызанскія базы падрыхтаваныя ў лясах, са зброяй і гэтак далей. А потым высьветлілася, што нічога не было, што чалавеку невядома як пачулася, што ён былы крымінальнік, што ўжываў наркотыкі".

Самым слабым месцам у вэрсіі, якая гучыць з вуснаў афіцыйных асоб, Алег Воўчак лічыць тое, што ў "падазроных тэрарыстаў" нібыта не было ніякага матыву, акрамя як забіць пэўную колькасьць людзей. Досьвед у расьсьледаваньні 50 забойстваў прымушае былога сьледчага Алега Воўчака ў такія заявы ня верыць.

"Заўсёды нешта ёсьць. Ня можа быць, каб не было нічога. І чаму мы павінны пра гэта маўчаць? Па-першае, паводле Канстытуцыі ў нас ёсьць права на сваю думку і сваё меркаваньне. Па-другое, мы павінны абмяркоўваць праблемы грамадзкай бясьпекі, у тым ліку і тое, ці здольная дзяржава нас абараніць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG