Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўныя кандыдаты: выкраданьні, турма, праблемы


У Менску працягваюцца працэсы над палітвязьнямі. Як ставяцца да іх былы палітвязень Аляксандар Казулін і старшыня АГП Анатоль Лябедзька?

Андрэй Саньнікаў стаў першым экс-кандыдатам у прэзыдэнты, якога судзяць пасьля выбарчай кампаніі 2010 году. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што гэта, аднак, ня першы экс-кандыдат у прэзыдэнты, якога судзяць за апошнія гады:

"Мы бачылі, што ў нас патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты выкрадалі, яны зьнікалі і іх забівалі, у нас кандыдаты ў прэзыдэнты мелі турэмныя тэрміны. Гэта працяг таго, што было ўчора, на вялікі жаль. Гэта азначае адно: што тая выбарчая сыстэма, якая ў нас існуе, запраграмаваная на тое, каб нешта здаралася з альтэрнатыўнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты: выкраданьні, турма, праблемы".

Анатоль Лябедзька называе прысуды палітвязьням цаглінамі, якія кладуцца ў новы Бэрлінскі мур, які падзяляе краіну і падзяляе грамадзянаў.

"Гэта палітыка канфрантацыі, нянавісьці. І гэта тупік найперш для краіны і для тых, хто ў ёй жыве, амаль для дзесяці мільёнаў людзей. Гэтыя прысуды закранаюць інтарэсы практычна ўсіх, пачынаючы ад немаўлят і заканчваючы пэнсіянэрамі".

Паводле Анатоля Лябедзькі, палітычныя працэсы і прысуды — дэманстрацыя ня сілы ўлады, хоць гэта і сілавыя дзеяньні, а яе слабасьці і няўпэўненасьці.

"Фактычна так выглядае, што ў нас адзін кандыдат у прэзыдэнты вырашае лёс іншых кандыдатаў у прэзыдэнты па выніках прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта нейкая анамалія. Тыя, хто за гэтым стаіць, прама ці ўскосна, — гэта людзі з каманды аднаго з удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі. Такая сыстэма ня мае пэрспэктыў".

Улада працуе па сцэнары 2006 году, лічыць былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Аляксандар Казулін. Ён мяркуе, што ўладам лепш сесьці за стол перамоваў з грамадзтвам, каб знайсьці выйсьце з таго стану, зь якога выйсьця ўжо амаль што няма. Калі ўлада гэтага ня зробіць сёньня, то потым будзе позна. Як спадар Казулін ставіцца да прысудаў палітвязьням і працэсаў над імі?

"Гэтыя прысуды — пакараньне тым, хто мае сваю думку, хто мае свой гонар і сьмеласьць. Гэта проста ні ў чым не вінаватыя людзі, якія дзейнічалі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй сваёй краіны і якія маюць усе падставы для таго, каб іх права было абаронена дзяржавай. А калі гэта ня зроблена, то ў нас тады, зразумела, няма ні закону, ні Канстытуцыі".

Якія наступствы для грамадзтва будуць мець палітычныя працэсы ў Беларусі?

"Яны паказваюць, што ўлада ўжо ня можа ўправіцца з тымі праблемамі і пытаньнямі, якія ёй дае час. І тое, што зараз адбываецца на прысудах, — гэта як люстраны адбітак таго, што адбываецца ўнутры краіны. Ня толькі ў эканоміцы, але ўсюды. У галовах і сэрцах людзей, у адносінах адзін да аднаго. І гэта ня выкажаш словамі. Гэта ўжо нашмат больш. Тое, чаго ўлада не разумее, чаго ўказамі і загадамі не забараніць. І хутка ўсё гэта стане відавочным".
XS
SM
MD
LG