Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткасьць, выкліканая страхам


Сёньня ў Беларусі працягваліся суды над арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Падаем меркаваньні назіральнікаў за судовымі працэсамі.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч кажа: жорсткасьць, зь якой ставяцца да арыштаваных, абумоўленая найперш страхам улады:

"Да такой ступені яна сама сябе напалохала, калі пабачыла вялікі грамадзкі пратэст. І асабліва -- салідарнасьць грамадзтва з арыштаванымі. З тэлеэкранаў штодня ліецца прапаганда. Але выразна бачна, што многія людзі ўжо ёй ня вераць. Я сам у гэтым пераканаўся, калі неаднойчы размаўляў зь людзьмі па дарозе ў суд. І адчуваецца — тыя, каго зараз судзяць, маюць вялікую падтрымку ў грамадзтве.

Улада пра гэта ведае. І яна асьлепленая гэтым страхам. Таму і паводзіць сябе абсалютна неадэкватна".

Літаратар Сямён Букчын сказаў "Свабодзе", што ён бачыць у цяперашніх судовых працэсах пэўныя гістарычныя аналёгіі:

"Пісалі — "застой" пра брэжнеўскія часы. Каб не было такога застою, беларуская аўтарытарная, ці напаўаўтарытарная, напаўтаталітарная, сыстэма таксама мусіць разьвівацца, рабіць пэўныя захады. Напрыклад, дадаваць жорсткасьці. А потым адыходзіць. Як казалі, два крокі наперад, крок назад. Інакш сыстэма пачне гнісьці. А так у яе ёсьць сваё ўнутранае разьвіцьцё.

Калі ў царскай Расеі насьпявала першая рэвалюцыя, адзін зь вядомых людзей сказаў, што трэба дрыжыкі пусьціць. Вось такія таксама гістарычныя паралелі".

Пра аналёгіі з гісторыяй Беларусі кажа і гісторык Анатоль Сідарэвіч. Яму цяперашнія падзеі нагадваюць шмат у чым канец 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя:

"Такая палітыка ў часы Пілсудзкага называлася "ўзьдзяваньне намордніка". Калі браць 1927-ы, 1928-ы і пазьнейшыя гады, то тады ішлі пэрманэнтныя суды над дзеячамі беларускага вызвольнага руху. Літаральна не было году, каб не было нейкага вялікага працэсу. Так, у 1928 годзе быў вялікі працэс "Грамады" і некалькі малых працэсаў. У 1929 — апэляцыйны працэс "Грамады". У 1930 — арышт дзеячоў "Змаганьня" і зноў суды. Адным словам, гэта цягнулася некалькі гадоў запар".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG