Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свой погляд на прычыны, дзеля якіх Аляксандар Лукашэнка паехаў у Туркменістан, прапануе расейскі экспэрт у пытаньнях Цэнтральнай Азіі, міжнародны аглядальнік газэты "Московские новости" Аркадзь Дубноў.

Дракахруст: Чаму Лукашэнка зараз паехаў да Бердымухамедава? Так атрымалася, што гэта яго першая паездка за мяжу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Дубноў: Прыгожая навіна. Ледзь не апошні дыктатар Эўропы едзе ў госьці да ледзь ня першага дыктатара Цэнтральнай Азіі. Аляксандру Рыгоравічу застаецца толькі паспачуваць. А куды яму ехаць? Захад для яго закрыты, Расея -- кепская, з Украінай ён сапсаваў адносіны па "вашывым" прынцыпе. Застаецца лібійская Джамахірыя, але там пад бомбу патрапіць можна. Гэта ўсё жарты, але калі казаць сур’ёзна, то апошняя "чорная каса", адкуль можна падабраць пару дзясяткаў мільёнаў -- гэта ў Ашгабаце. Тым больш што кітайцы толькі што далі Бердымухамедаву крэдыт у 4.1 млрд. даляраў.

У Лукашэнкі цяжкое становішча, ён ужо не ідэалягічна, а фізычна знаходзіцца ў становішчы ізгоя, і апошняя краіна, дзе яго гатовыя прыняць -- гэта Туркменістан.

Дракахруст: Вы сказалі -- а куды яму ехаць? А чаму не ў Баку, напрыклад? Падчас леташняга газавага крызісу з Расеяй Лукашэнка дзякаваў Ільхаму Аліеву за 200 мільёнаў даляраў, якія азэрбайджанскі лідэр яму пазычыў. Ёсьць такія лідэры, як Назарбаеў, як Карымаў, калі казаць пра рэгіён Цэнтральнай Азіі. Чаму не да ніх, а да Бердымухамедава?

Дубноў: Варта прыгадаць, што пасьля 19 сьнежня на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы адбыўся ланцуг забурэньняў. Сьвет катастрафічна зьмяніўся за некалькі месяцаў. У ім зьявіліся фігуры, ня вартыя пацісканьня рукі. Сярод іх ганаровае месца ў дзясятцы заняў Аляксандар Рыгоравіч. Сёньня ні ў Баку, ні ў Астане, ні нават у Ташкенце не захацелі б сябе кампрамэтаваць такімі сумнеўнымі кантактамі. Гэтыя сталіцы шукаюць добрага стаўленьня з боку Захаду ў момант, калі пра гэтыя краіны кажуць, што яны могуць стаць працягам гэтай арабскай дугі нестабільнасьці. У той час як у Туркменістане -- цішыня і спакой. І Ашгабат настолькі ўпэўнены ў сваёй непахіснасьці, што можа прыняць Лукашэнку.

Дракахруст: А вось наконт грошай. Тут два пытаньні. Некаторыя экспэрты кажуць, што менавіта зараз фінансавая сытуацыя Туркменістану ня надта добрая. Ці сапраўды фінансавае становішча Ашгабату такое кепскае? А калі нават яно і някепскае, то зь якой радасьці ён павінен дапамагаць далёкаму паўночнаму брату?

Дубноў: Мы памятаем, што ў цяжкі час Лукашэнка быў гатовы і ў Чавэса шукаць дапамогі, у далёкай Вэнэсуэле. Чаму б не паехаць у Ашгабат? Тое, што зараз тэрмінова трэба Лукашэнку, -- гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, каб закрыць варонку, якая разрастаецца і ўсмоктвае ў сябе ўсю беларускую эканоміку. Гэтыя некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў мог бы для яго нашкрэбці Бердымухамедаў. У Туркменістана ёсьць фінансавыя праблемы, але іх парадак -- гэты мільярды, а не дзясяткі мільёнаў даляраў. Да таго ж тут ёсьць і іміджавы складнік. Уяўляеце сабе -- Бердымухамедаў ратуе славянскага брата, які ўваходзіць у саюзную з Расеяй дзяржаву. Які піяр! За гэта можна любыя грошы заплаціць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG