Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам і Пратасенем. Другі дзень

абноўлена

У Кастрычніцкім судзе 28 красавіка працягваўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Паўлам Вінаградавым, маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам, сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Дзьмітрыем Драздом, так званым «навушнікам» Уладзімерам Хамічэнкам і Андрэем Пратасенем, які ня быў ні ў якай партыі ці руху.

Суды за Плошчу

18:00 У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 29 красавіка. Працэс адновіцца а 10-й раніцы.

17:15
Суд заслухоўвае сьведку Алега Гулака. Гулак расказаў пра свае ўражаньні: ніякіх ледасекаў і мэталічнай арматуры ён у дэманстрантаў ня бачыў. Сутычак падчас пераходу да плошчы Незалежнасьці не было. Зь ягоных слоў, Мікола Статкевіч заклікаў ісьці да Чырвонага касьцёлу, пазьней Андрэй Саньнікаў заклікаў ісьці да Дому ўраду, аднак гэта не было заклікам уваходзіць непасрэдна ў будынак Дому ўраду. Паводле ацэнак БХК, у акцыі бралі ўдзел каля 30 тысяч чалавек. Гулак быў там у якасьці назіральніка.

Гулак знаходзіўся ля помніка Леніну, пачуў грукат прыкладна а палове на дзясятую. Некалькі чалавек білі шкло. Зьявіліся журналісты, якія пачалі здымаць. Хто біў — не было бачна. Але гэта была невялікая купка людзей, а не натоўп. Зьдзівіла, што праваахоўныя органы іх не спынялі.

Шкло білі чалавек 15, побач стаялі міліцэйскія начальнікі ў цывільным. «Я іх ведаю, — удакладніў Гулак. — Іх было чалавек 8-10. Я падышоў і запытаўся: чаму вы не рэагуеце? Яны кажуць: а з чаго вы ўзялі, што мы камандзіры?»

16:50 Сьведку Арцыбашаву судзьдзя адмовіла ў дачы паказаньняў на той падставе, што той, маўляў, раней быў у залі суду. Паказаньні дае літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч. Янушкевіч кажа, што ведае Зьмітра Дразда па сумеснай працы ў архівах, уразіла не па гадах сталая працавітасьць, грунтоўны падыход да справы.

16:10 Паказаньні дае Аляксандар Пратасеня — брат абвінавачанага Андрэя Пратасені. Аляксандар расказаў, што з братам і сябрамі быў на плошчы Незалежнасьці, агулам прыблізна каля 2 гадзінаў. Чулі звон разьбітага шкла: «У гэты момант брат быў са мной, потым папрасіў дазволу схадзіць паглядзець, што там адбываецца. Вярнуўся ён даволі хутка, але бачна было, што яго ўдарылі. Пазьней Андрэй апавёў, што нанёс некалькі ўдараў па шчытах».

Кажа, што пакінулі плошчу яны яшчэ да разгону мітынгоўцаў. А прыйшлі, каб азнаёміцца з вынікамі выбараў, і паглядзець, што будзе адбывацца на плошчы. Судзьдзя заўважыла супярэчнасьці ў пісьмовых паказаньнях Пратасені. Дае паказаньні Вячаслаў, сябра Пратасені. Кажа, што хтосьці выступаў, але не было чутна. Вырашылі сыходзіць, калі зьявілася міліцыя: «Звон шкла чулі. На 5-7 хвілін Андрэй адышоў, потым мы разышліся. Сьцягі бачыў, а палак, іншай зброі — не». Удакладніў, што Андрэй Пратасеня быў у яркай жоўтай шапцы і такой жа куртцы.

15:30 Выклікалі сьведку Рыціка, намесьніка камандзіра батальёну. З прысутных на лаве падсудных ён пазнаў Хамічэнку. Падразьдзяленьне выконвала на плошчы самыя розныя задачы, таму мяняла месцы дыслякацыі. Гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў, ужываньня сілы супраць іх ён ня бачыў. Як білася шкло, ён ня бачыў. Кажа, што ён затрымліваў Хамічэнку, а той супраціўляўся, не хацеў ісьці. Актыўных дзеяньняў каля Дому ўраду ён асабіста ня бачыў. Але ён лічыць, што ў дэманстрантаў былі намеры ўварвацца ў Дом ураду.

15:00
Паказаньне дае сьведка Аляксандар Гарбёнак. Ён нёс службу ў міліцэйскай форме. Пазнаў Хамічэнку. Сказаў, што затрымліваў яго. Бачыў у натоўпе сьцягі, вуды.

Бачыў, як мітынгоўцы кідаліся на шчыты спэцназу. Кажа, што актыўныя дзеяньні зьдзяйсьнялі чалавек 500. Лаяліся нецэнзурнымі словамі, многія былі ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Хамічэнка, паводле сьведкі, нешта выкрыкваў. Затрымаў ён Хамічэнку ў сярэдзіне плошчы. Ён нічога не рабіў, проста стаяў і крычаў.

Колькі чалавек затрымлівала Хамічэнку, не сказаў. Заўважыў, што той быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Не памятае, ці складаў пратакол затрыманьня. Блытаецца па часе. Кажа, што затрымліваў Хамічэнку прыкладна а палове на дзясятую.Пасьля разгону людзей бачыў на плошчы зламаныя вуды.

Калі ягонае падразьдзяленьне прыбыла на плошчу Незалежнасьці, шкло ўжо пабілі. Мэталічных прадметаў ён ня бачыў. Бачыў пену ад вогнетушыцеля

14:20
Пасьля перапынку дае паказаньні пацярпелы Юры Сарока, міліцыянт Савецкага РУУС Менску.

Сарока вёў дакумэнтаваньне, ягоная задача — фіксаваць падзеі на відэа. Спачатку ён знаходзіўся калі Макдональдса, потым — на Кастрычніцкай плошчы.

Калі натоўп пайшоў на Плошчу Незалежнасьці, Сарока апынуўся каля правага краю Дому ўраду. Актыўная частка — чалавек 50 — накіравалася да ўваходу. Чуў гук разьбітага шкла, фіксаваў асобныя моманты, паводзіны людзей. Блізка да дзьвярэй не падыходзіў. Яму нанесьлі моцны ўдар у пераносіцу. Стаціў на момант прытомнасьць. Ачуняў, працягваў фіксаваць тое, што было справа ад уваходу. Зьявіўся спэцназ. Каб не перашкаджаць, знаходзіўся ззаду міліцыянтаў. Каля паштамту калега сказаў, што ў яго нешта з носам. Накіраваўся ў мэдчастку. Дыягназ — ушыб мяккіх тканак. Пералому не было. У удзельнікаў акцыі бачыў палкі, вуды, вогнетушыцель.

Сарока ў аднаго з удзельнікаў акцыі бачыў пад вопраткай нешта «буйнагабарытнае». Сярод абвінавачаных нікога не апазнаў. На пытаньне Кіркевіча, ці бачыў ён, каб хтосьці нападаў на міліцыю, Сарока адказаў, што не памятае.

Колькі народу было на Плошчы Незалежнасьці, Сарока сказаць не адважыўся. На пытаньне, чаму ён асьцерагаўся падыходзіць да міліцыянтаў, адказаць не пасьпеў — судзьдзя зьняла гэтае пытаньне.

Бачыў, як білі шкло Дому ўраду. Чуў воклічы: «Пара мяняць лысую гуму», «Ламай». На плошчы Незалежнасьці адчуваў штуршкі ў сьпіну, удары па відэакамэры.

13:30 Абвешчаны перапынак да 14.15

13:00 Паказаньні дае пацярпелы Гушча, інструктар па фізпадрыхтоўцы. Нікога з абвінавачаных ён ня ведае, бачыць іх упершыню.

Натоўп спрабаваў прарваць ланцуг байцоў. Паступіла каманда «Адсекчы» натоўп ад Дома ўраду. Атрымаў ушыб каленнага сустава.

Сьцьвярджае, што быў са шчыткамі на лакцях і каленях. Але яны абараняюць толькі пярэднюю частку. А па калене яго ўдарылі збоку. На бальнічны не сыходзіў. Да ганку блізка не падыходзіў.

Ніякіх прадметаў кшталту палак, стрыжняў, арматуры ён у мітынгоўцаў ня бачыў.

12:45 Паказаньні дае пацярпелы спэцназавец Аляксандар Волкаў. Быў каля Палаца прафсаюзаў, паступіла каманда прыбыць на плошчу Незалежнасьці. Там яго ўдарылі нагой па правым калене.

Волкаў кажа, што на ганку Дома ўраду было прыкладна 50 чалавек. Як білі шыбы, ён ня бачыў. Яго ўдарылі некалькі разоў палкай па галаве. Пазьней невядомы мужчына ўдарыў нагой па калене. Да мэдыкаў Волкаў не зьвяртаўся.

Судзьдзя адзначае некаторыя супярэчнасьці ў вусных паказаньнях у судзе і пісьмовых паказаньнях, якія ён даваў раней.

12:10 Пачынае даваць паказаньні намесьнік камандзіра роты спэцназу міліцыі Сяргей Лушчык. У часе разгону ён атрымаў гематому на ягадзіцы. На судзе ён у чорнай форме.

Лушчык быў на плошчы без шчыта, таму што ён — кіраўнік, і ягоная задача — кантраляваць байцоў. Быў загад адцясьніць натоўп ад Дома ўраду. Ён атрымаў удар чаранком ледасека па правай ягадзіцы. Бачыў ва ўдзельнікаў тэлескапічныя вуды, чаранкі рыдлёвак. Лічыць, што імі можна нанесьці значныя пашкоджаньні. Нікога з падсудных ня ведае і ня бачыў. Кажа, што на ягоным участку былі 2-3 спробы прарвацца да Дома ўраду.

Нанясеньне ўдараў яму і ягоным падначаленым лічыць супрацьпраўнымі дзеяньнямі.

На думку Лушчыка, натоўп быў настроены даволі агрэсіўна. Былі спробы прарвацца ў Дом ураду. Але ланцуг міліцыянтаў ня даў ажыцьцявіць прарыў.

11:30 Чацьвёрты пацярпелы, міліцыянт Піліпейка
таксама спачатку знаходзіўся ў рэзэрве. Быў за 15 мэтраў ад Дома ўраду. Кажа, што ўдары яму наносіліся па нагах, руках, тулаве. Кажа, што з натоўпу некалькі разоў нападалі на шэрагі міліцыянтаў. Купка мужчын у кажухах крычала «бі мянтоў», наносілі ўдары нагамі і рукамі. Нейкі мужчына распыліў вогнетушыцель. Бачыў вуду, чаранкі рыдлёвак. Кажа, што ў яго апёк насавой поласьці. Але па мэдычную дапамогу не зьвяртаўся.

Людзей у кажухах ён зараз бы ўжо не апазнаў. Мужчыну з вогнетушыцелем — таксама. Кажа, прайшло шмат часу. Яму наносілі ўдары толькі рукамі і нагамі. Калегам дасталося і палкамі. Ён мяркуе, што ў натоўпа быў намер уварвацца ў Дом ураду.

Судзьдзя адзначыла супярэчнасьці паміж сёньняшнімі вуснымі паказаньнямі і пісьмовымі, дадзенымі раней. Бо там пацярпелы напісаў, што пасьлізнуўся. А сёньня кажа, што яго павалілі. Пацярпелы прызнаў больш дакладнымі пісьмовыя паказаньні.

11:20 Пацярпелы Сакач
кажа, што нікога зь пяці абвінавачаных ня бачыў і ня ведае іх.

11:10
Судзьдзя не дазволіла абвінавачанаму Зьмітру Дразду задаць пытаньне пацярпеламу міліцыянту.

10:55
Паказаньні дае пацярпелы Сакач. Ён служыць са Скараходам у адным узводзе. 19 сьнежня ад 16 гадзіны ён стаяў у рэзэрве за Палацам Рэспублікі. Каля 22 гадзіны паступіла каманда ісьці да Дома ўраду. Кажа, што былі ўдары па шчытах рукамі і нагамі

10:45.
Выступае пацярпелы Зінкевіч. Кажа, што стаяў сьпінай да цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду і стрымліваў натоўп. Бачыў, як штурмавалі дзьверы, чуў звон разьбітага шкла. Атрымаў шмат удараў па галаве, згубіў шчыт. Струмень вогнетушыцеля побач зь ім хтосьці накіраваў у зямлю. Атрымаў хімічны апёк. У людзей бачыў палкі і нават мэталічны стрыжань.

10:30
Судзьдзя зачытвае пісьмовыя паказаньні Скарахода з матэрыялаў справы. Хто яго біў, Скараход ня ведае. У пісьмовых паказаньнях Скараход піша, што пасьлізнуўся і ўпаў.

10:20
У залі два шэрагі лаваў занятыя пацярпелымі. Яшчэ два — студэнтамі, якіх прывялі ў залю. Для сваякоў і ўсіх астатніх засталося толькі тры шэрагі лаваў.

10:03 Дапытваюць пацярпелага міліцыянта Скарахода. Ён нёс службу на Кастрычніцкай плошчы і далей на плошчы Незалежнасьці.

Скараход кажа, што стаяў паміж актыўнымі ўдзельнікамі і натоўпам. Не даваў людзям прарвацца ў Дом ураду. Кажа, што яго павалілі на зямлю, сарвалі шлем і нанесьлі 2-3 удары па галаве. Зьвярнуўся ў шпіталь МУС. Дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма. Нікога зь пяці абвінавачаных не пазнаў, яны яго ня білі.

10:00 Пачаўся працэс. У суд выкліканыя пацярпелыя міліцыянты. Частку зь іх павялі ў Партызанскі суд на працэс над Саньнікавым.

Хамічэнку, Дразда, Кіркевіча і Пратасеню абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Вінаградаву, апроч гэтага, інкрымінуюць зьнявагу дзяржаўных сымбаляў.

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам і Пратасенем

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў
Нарадзіўся 24 красавіка 1988 года ў Менску. Скончыў прафэсійна-тэхнічны ліцэй № 4. Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага педагагічнага ўнівэрсытэту.

Быў актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь». За палітычную дзейнасьць затрымліваўся міліцыяй. У 2008 годзе зьяўляўся фігурантам «справы 14-ці» па артыкуле 342 крымінальнага кодэксу, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны.

Апошнім часам быў актывістам кампаніі «Гавары праўду», сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках). Утрымліваецца пад вартай ў СІЗА № 1 Менска па вуліцы Валадарскага, 2.

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч
Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік яго Гарадзенскай філіі. Яму 21 год. Нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Паступіў на гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэта, аднак вырашыў адкласьці вучобу дзеля палітычнай дзейнасьці.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

Андрэй Пратасеня

Андрэй Пратасеня
Нарадзіўся 12 сьнежня 1981 года. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэту. Працаваў праграмістам. Сябра АГП.

Быў валантэрам у агітацыйнай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Затрыманы 9 лютага 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 крымінальнага кодэкса – “актыўны ўдзел у масавых беспарадках”. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Дзьмітрый Дрозд

Дзьмітрый Дрозд
Нарадзіўся 26 сакавіка 1973 году. Працаваў фатографам, захапляўся навукай, дасьледаваў архівы.

Палітыкай не займаўся.

У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца — кніга «Землеўладальнікі Менскай губерні 1861-1900».

Пад час выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня адбыў 10-суткавы арышт. 1 лютага 2011 года быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па часты 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG