Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці – "Стоп-Бэнзын-2"


Сёньня аўтаўладальнікі Берасьця супольна з жыхарамі іншых 10 беларускіх гарадоў плянуюць правесьці акцыю "Стоп-Бэнзын-2". Калёна аўтамабіляў праедзе па галоўнай вуліцы горада над Бугам зь невялікай хуткасьцю, каб выказаць пратэст супраць падвышэньняў цэнаў на паліва.

Акцыя "Стоп-Бэнзын-2" першапачаткова плянавалася на 14-га красавіка. Але ў сувязі з трагедыяй у менскім мэтро была перанесена на два тыдні. 28 красавіка, як плянуюць арганізатары мерапрыемства, а 17:30 на пляцы каля Берасьцейскай крэпасьці мяркуецца збор аўтамабілістаў. Распавядае адзін з ініцыятараў акцыі:

"На пляцы каля Берасьцейскай крэпасьці мяркуецца збор ўдзельнікаў акцыі. Тут жа адбудзецца невялікі брыфінг. Пасьля гэтага мы накіруемся на адну з заправачных станцый "Белнафтахіму". Тут плянуецца набыцьцё ўдзельнікамі акцыі па аднаму-два літрa паліва, прычым, расплочвацца будзем дробнымі купюрамі па 10-50 рублёў, і абавязкова патрабаваць чэк".

Пасьля гэтага калёна аўтамабілістаў мяркуе накіравацца па вуліцы Машэрава да спартыўнага комплексу "Вікторыя". Рухацца аўтакалёна будзе зь невялікай хуткасьцю, чым павінна прыцягнуць ўвагу людзей да пратэсту:

Мы плянуем заняць значную частку дарогі, але будзем старацца прапускаць спэцаўтамабілі і грамадзкі транспарт
"Мы плянуем заняць значную частку дарогі, але будзем старацца прапускаць спэцаўтамабілі і грамадзкі транспарт. Аўтамабілі будуць з лягатыпамі нашай акцыі. Завершым рух каля спартыўнага комплексу "Вікторыя" імправізаванай прэсавай канфэрэнцыяй."

Разам з тым, арганізатары акцыі адзначаюць, што з боку спецслужбаў ўжо адзначана пільная ўвага да ініцыятараў мерапрыемства. Некаторых папярэдзілі пра тое, што акцыя недазволеная і арганізараты будуць несьці адказнасьць паводле існага заканадаўства. Гаворыць іншы арганізатар акцыі:

"Мы маем інфармацыю пра тое, што спэцслужбы не дапусьцяць правядзеньне акцыі. У прыватнасьці, у сувязі з тэрактам у менскім мэтро выклікалі на допыт прадстаўнікоў апазыцыі зь Берасьця. Акрамя пытаньняў пра выбух, у іх цікавіліся акцыяй "Стоп-Бэнзын" і папярэджвалі, што будуць непрыемнасьці, калі актывісты прымуць у ёй удзел".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG