Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы канвэер: пацярпелыя міліцыянты — адны і тыя ж


У судзе Кастрычніцкага раёна 27 красавіка пачаўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Паўлам Вінаградавым, маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам, сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Дзьмітрыем Драздом, так званым «навушнікам» Уладзімерам Хамічэнкам і Андрэем Пратасенем, які ня быў ні ў якой партыі ці руху. У першы дзень суд выслухаў усіх пяцёх абвінавачаных і пацярпелага відэаапэратара упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

Усе, хто ўважліва сочыць за судамі, заўважаюць поўную адсутнасьць лёгікі у тым, па якіх крытэрах фармавалі групы людзей у працэсы. Намесьнік старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка кажа:

«Цяжка зразумець, чаму судзяць маладафронтаўца Кіркевіча зь Вінаградавым з „Гавары праўду!“, а не Кіркевіча зь Яроменкам, якія маглі разам быць, і тады іх можна было б абвінаваціць у групавых дзеяньнях, бо яны з адной арганізацыі. Улада камбінуе вельмі дзіўна і сьведкаў, і пацярпелых. Ужо не адзін працэс мы маглі пераканацца ў тым, што пацярпелыя нават ніколі ня бачылі абвінавачаных, ня могуць нават загадзя дамовіцца пра свае паказаньні».

Удзельнікі працэсу ня ведалі дагэтуль адзін аднаго, упершыню сустрэліся толькі ў залі суду. Усе пяцёра абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Андрэй Пратасеня віну прызнаў, Алесь Кіркевіч, Зьміцер Дрозд не прызналі. Уладзімер Хамічэнка прызнаўся, што быў на падпітку — выпіў за вечар 4 літры піва і ня памятае, як частка трубы апынулася ў руках. Павал Вінаградаў у судзе наагул адмовіўся даваць паказаньні, судзьдзя зачытвала іх з матэрыялаў справы.

Павал Вінаградаў

Сяброўка Паўла Сьвятлана Гарохавік, якая прысутнічала на працэсе, выказала такое меркаваньне наконт адмовы Паўла:

«Я дакладна ня ведаю, ён не тлумачыў мне ў сваіх лістах. Ён пісаў некалькі разоў толькі, што будзе адмаўляцца даваць паказаньні. Ну, магчыма, таму, што ён ня хоча прызнаваць сваю віну хоць у чым-небудзь. То бок у пісьмовых паказаньнях ён прызнаў, што наносіў гэтыя ўдары. Але, магчыма, ён ня хоча гэта агучваць уголас. А магчыма, ня хоча ўдзельнічаць у гэтым фарсе і адказваць на пытаньні, якія яму будзе задаваць пракурор».
Нават калі ў судовай залі ўсё будзе выглядаць даволі прыстойна, то ў любым выпадку вырак, які будзе выносіць гэты суд, гэта будзе не яго вырак, не яго прысуд.


Прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі наконт першага дня суду выказаў такое меркаваньне:

«Нягледзячы на тое, што зараз частку хадайніцтваў суд задаволіў (хаця і ня ўсе), і судзьдзя не перапыняе, дае выказаць падсудным тое, што яны мяркуюць — мы ведаем, што судоў у гэтай краіне няма. Таму нават калі ў судовай залі ўсё будзе выглядаць даволі прыстойна, то ў любым выпадку вырак, які будзе выносіць гэты суд, гэта будзе не яго вырак, не яго прысуд. Гэта будзе прысуд, які ім прадыктуюць зьверху».

На судзе даў паказаньні і пацярпелы міліцэйскі відэаапэратар, які, як ён выказаўся, «фіксаваў беспарадкі» на камэру. Па ягонай камэры быццам бы нанёс удар Зьміцер Дрозд. Відэаапэратар Аляксандар Шылко, праўда, заўважыў, што ня ён першы, ня ён апошні. Дрозд папрасіў прабачэньня ў Шылко.

У чацьвер на суд выклікаюць дзясятак пацярпелых міліцыянтаў. У сьпісе тыя ж самыя прозьвішчы, што фігуравалі і на судах Атрошчанкава, Новіка, Маўчанава, Мядзьведзя, Брэўса, Гапонава. Тыя ж самыя пацярпелыя выкліканыя на заўтра і ў працэс Саньнікава, Мірзаянава, Гнедчыка, Вінаградава і Яроменкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG