Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазволяць Зьмітру Дашкевічу разьвітацца з маці?


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Суд Маскоўскага раёну Менска дазволіў Зьмітру Дашкевічу прысутнічаць на пахаваньні маці, якая раптоўна памерла 26 красавіка. Адміністрацыя СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзіцца Зьміцер Дашкевіч, пакуль адмоўчваецца.

З хадайніцтвам аб вызваленьні Зьмітра Дашкевіча на пахаваньне маці зьвярнулася ягоная намесьніца ў «Маладым фронце» Наста Палажанка. Гэта было зроблена на просьбу бацькі Зьмітра — Вячаслава Дашкевіча, які зараз займаецца падрыхтоўкай пахаваньня ў Старых Дарогах. Суд хадайніцтва задаволіў, — паведаміла Свабодзе Наста Палажанка:

«Намесьнік старшыні Маскоўскага суду быў ня супраць і адказаў пазытыўна на хадайніцтва, каб Зьміцер быў на пахаваньні маці. Але невядома, што вырашыць кіраўніцтва СІЗА і ГУУС, паколькі хадайніцтва было задаволенае з боку суду, але накіраванае да СІЗА і ГУУС. І яны сумесна мусяць вырашыць пра тое, ці можна яго вызваляць паводле гэтай прычыны і ў якім фармаце гэта можа адбыцца».

Суд Маскоўскага раёну асудзіў Зьмітра Дашкевіч на два гады турмы паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб «злосным хуліганстве».
У спадара Дашкевіча могуць быць розныя сытуацыі: ён можа быць адпушчаны і вярнуцца сам, ці да яго будзе прыстаўлены канвой.
У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён чакае абскарджаньня гэтага рашэньня ў Менскім гарадзкім судзе. Таму ёсьць усе падставы вызваліць яго на пахаваньне маці, — кажа юрыст Уладзімер Лабковіч:

«Па-першае, я спачуваю Зьмітру, бо гэта вялікае гора. Што да юрыдычнага аспэкту, то фармальна прыгавор не ўступіў у законную сілу — ён абскарджаны ягоным адвакатам і разгляду касацыйнай скаргі яшчэ не было. Гэта азначае тое, што ён яшчэ не вінаваты. Паколькі сьледзтва скончылася і матэрыялы справы знаходзяцца ў раённым судзе, то пытаньне пра меру стрыманьня — падпіску пра нявыезд ці ўзяцьцё пад варту — гэта пытаньне, якое на гэты момант знаходзіцца ў кампэтэнцыі суду. У спадара Дашкевіча могуць быць розныя сытуацыі: ён можа быць адпушчаны і вярнуцца сам, ці да яго будзе прыстаўлены канвой, які даставіць яго на пахаваньне — гэта залежыць ад гуманізму людзей, якія будуць прымаць рашэньне».

Адміністрацыя СІЗА на вуліцы Валадарскага не паведамляе, ці будзе вызвалены Зьміцер Дашкевіч на пахаваньне маці, а таксама тое, калі і як гэта будзе адбывацца. Пахаваньне Вольгі Дашкевіч пройдзе ў Старых Дарогах 28 красавіка. Перагляд прысуду Зьмітру Дашкевічу ў гарадзкім судзе Менску адбудзецца 5 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG