Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міколы Статкевіча праблемы з сэрцам


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Суд над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам дагэтуль не прызначаны. Ірына Халіп вельмі цікавіцца, як праходзяць працэсы над удзельнікамі плошчы. Адміністрацыя калёніі Алеся Атрошчанкава парушыла абяцаньне вязьню адносна спатканьня з сваякамі.

27 красавіка жонка Мікалая Статкевіча атрымала ад яго адразу два лісты.

Марына Адамовіч: «Мікола піша, што дата суду яму, як і раней, невядомая. Прычым, толькі з майго ліста ён даведаўся, што некаторым ужо прызначаныя працэсы. Бо раней ён думаў, што пойдзе першы. А далей у лісьце ўсё замаранае. І яшчэ, відаць, у яго праблемы з сэрцам. Бо ён піша, што пакрыху аднаўляецца, але мусіў прыпыніць трэніроўкі, бо сэрца не даганяе хуткасьць аднаўленьня мышачнай масы. Мяркую, Мікола б не спыніў трэніроўкі без прычыны. Хутчэй за ўсё, у яго пасьля галадоўкі застаюцца праблемы з сэрцам».

Абвешчана, што Мікалая Статкевіча будуць судзіць у Ленінскім судзе Менску разам з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Дзьмітрыем Вусам, былым міліцыянтам Аляксандрам Класкоўскім ды іншымі ўдзельнікамі плошчы.

27 красавіка ў Першамайскім судзе закончыўся працэс над Зьмітром Бандарэнкам. Актывіст штабу Саньнікава быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сваякі Бандарэнкі ўжо заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.

Учора ў Першамайскім судзе на працэсе над Бандарэнкам прысутнічалі маці і бацька журналісткі Ірыны Халіп, якая чакае суду пад хатнім арыштам. Сёньня Люцына Бяльзацкая і Ўладзімер Халіп былі на працэсе ў Партызанскім судзе, дзе судзяць Андрэя Саньнікава і яшчэ чатырох удзельнікаў плошчы. Паводле Люцыны Бяльзацкай, яе дачка Ірына Халіп вельмі цікавіцца навінамі з працэсаў, тым больш зь сёньняшняга, дзе судзілі яе мужа, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Пра тое, як Саньнікаў трымаецца ў судзе, і пра абстаноўку на працэсе распавяла Свабодзе Люцына Бяльзацкая:
Судзьдзя стараецца паказаць, што вядзе працэс аб’ектыўна, пытаецца, дае выказацца. А потым акажацца… як у Бандарэнкі.

«Ён адказваў на пытаньні пракурора і адвакатаў. Трымаўся вельмі годна, спакойна. Але ўсё гэта прэлюдыя. Заўтра пачнуць выступаць пацярпелыя. Судзьдзя стараецца паказаць, што вядзе працэс аб’ектыўна, пытаецца, дае выказацца. А потым акажацца… як у Бандарэнкі».

Дар’я Корсак не змагла трапіць на абяцанае ёй спатканьне з мужам, сябрам штабу Саньнікава Аляксандрам Атрошчанкавым, які асуджаны на 4 гады калёніі і ўжо адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам:

«Я езьдзіла ў калёнію, спадзявалася на спатканьне з Сашам, на трохгадзінную размову, і трэба было перадаць першую перадачку. Паехала туды з бацькамі, у мяне быў дазвол ад судзьдзі. Напярэдадні мы пазванілі туды, сказалі, што маем дазвол судзьдзі, нам адказалі, што гэта спатканьне ня будзе залічана ў агульную колькасьць. Але нас падманулі. Спатканьне, якое было ў бацькоў, было залічана ў агульную колькасьць. Такім чынам мне прапанавалі прыехаць пасьля 16 жніўня. Але я здолела перадаць перадачу і трошкі паглядзела празь дзьверы на калёнію. Спадзяюся, паеду туды 7 траўня і пагляджу. Магчыма, нам пакажуць месца працы, дзе вязьні сьпяць. Магчыма, пабачу яго, а магчыма, і не».

Паводле раней агучанай інфармацыі, 7 траўня ў калёніі «Віцьба-3» будзе гэтак званы дзень адкрытых дзьвярэй для наведнікаў.

Нагадаю, Менскі гарадзкі суд разглядаў скаргу Алеся Атрошчанкава на прысуд і пакінуў яго бязь зьмены.
XS
SM
MD
LG