Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Сурыкаў загаварыў пра ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі?


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў лічыць актуальным аднаўленьне перамоў па увядзеньні расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі ў якасьці адзінага плацежнага сродку. Чаму Сурыкаў ва ўмовах валютнага крызісу ў Беларусі загаварыў пра магчымасьць увядзеньня расейскага рубля? Ці Масква на самой справе зацікаўленая ў такім кроку? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.


Цыганкоў: Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ён лічыць актуальным аднаўленьне перамоў па ўвядзеньні расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі ў якасьці адзінага плацежнага сродку. «Сытуацыя, шчыра кажучы, актуалізавалася. Напэўна, мае сэнс яе пачаць абмяркоўваць», — сказаў Сурыкаў журналістам у сераду ў Менску. Што такое адбылося, што меў на ўвазе Сурыкаў, якая такая «сытуацыя»?

Коктыш: З аднаго боку, мы бачым «цудоўны мэнеджмэнт» беларускай улады ў валютных і эканамічных пытаньнях, ад якога грамадзтва пачынае награвацца і бурліць. І існуюць парады і ад расейскага Мінфіна нешта зрабіць, і ад Сурыкава, які, заўважым, часам мае сваю ўласную палітыку, якая адрозьніваецца ад пазыцыі расейскага МЗС.
Калі сёньня Лукашэнка з абурэньнем адхіляе прапанову Масквы аб адзінай валюце, то заўтра ён наўрад ці зможа казаць пра Саюзную дзяржаву і быць даволі моцным гульцом на расейскай палітычнай прасторы.

Але калі мець на ўвазе ўзгодненую пазыцыю Сурыкава і расейскага МЗС, то тут магчымая даволі цікавая камбінацыя. Бо калі сёньня Лукашэнка з абурэньнем адхіляе прапанову Масквы аб адзінай валюце, то заўтра ён наўрад ці зможа казаць пра Саюзную дзяржаву і быць даволі моцным гульцом на расейскай палітычнай прасторы. Бо яна зараз палітызаваная, і ніякія новыя гульцы і фактары ўплыву сёньня там не патрэбныя. Так што заява Сурыкава можа быць і такім «апрыёрным разьмініраваньнем».

Цыганкоў: Многія ў Беларусі ўпэўненыя, што Крэмль мае стратэгію інкарпарацыі Беларусі, якая павінна пачынацца менавіта з эканамічных і фінансавых рэчаў — купля беларускіх прадпрыемстваў, потым увядзеньне расейскага рубля. Вы лічыце, што такіх намераў у Масквы няма?

Коктыш: Маскве цяпер не да Беларусі, бо ў іх пачынаецца свая палітычная барацьба. Што да прадпрыемстваў, то ў эпоху фінансавага капіталізму падчас крызісу яны наўрад ці каму патрэбныя. Гэта такі беларускі «пункт», які падтрымліваецца ўладай, нібыта ўсе сьпяць і мараць, каб захапіць беларускія заводы. Насамрэч гэта каштуе вельмі мала, і мала каму патрэбна. Гэта ня Volvo, і ня MAN зь іхнімі перадавымі тэхналёгіямі.

Што да фінансавага аб’яднаньня, то я ня думаю, што Беларусь ёсьць такім ласым кавалкам. Але зрабіць захады, каб агарадзіць расейскую палітычную прастору — для Крамля куды больш актуальна. Лукашэнка, канечне, хоча, каб ён быў Расеі патрэбны — але рэчаіснасьць зусім адваротная.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG