Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За непапярэджаньне тэракту – столькі ж, колькі за выхад на Плошчу?


Анатоль Куляшоў, міністар унутраных справаў

Анатоль Куляшоў, міністар унутраных справаў

Міліцыянты, якія “прагледзелі тэракт”, могуць атырымаць ад двух да пяці гадоў – што параўнальна з пакараньнем грамадзянаў за выхад на Плошчу. У выніку падзеяў на Плошчы было разьбітае шкло ва ўрадавым будынку, у выніку тэракту загінулі 14 чалавек, дзясяткі параненыя.

Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў сёньня паведаміў журналістам, што ў справе аб тэракце 11 красавіка ідзе ня толькі ацэнка ўжо сабраных доказаў, але і пошук дадатковых улік. Паводле міністра, прызначаны шэраг экспэртызаў: крыміналістычных, біялягічных, хіміка-тэхнічных. Куляшоў нічога ня змог сказаць пра тэрмін, калі справа будзе перададзеныя ў суд.

Паводле міністра, пасьля службовай праверкі таксама ўзбуджаная крымінальная справа адносна супрацоўнікаў міліцыі: «Справа ўзбуджаная па справе нядбайнасьці ў адносінах супрацоўнікаў МУС, як стаў магчымым гэты выбух, чаму яны яго не папярэдзілі».

Артыкул 428 Крымінальнага кодэксу
«Службовая нядбайнасьць («Служебная халатность»)»:

«Невыкананьне або неадпаведнае выкананьне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў у выніку несумленных ці абыякавых адносін да службы, якое мела вынікам сьмерць чалавека па неасьцярожнасьці або іншыя цяжкія наступствы, або незаконнае адчужэньне ці зьнішчэньне дзяржаўнай маёмасьці (...) караюцца абмежаваньнем свабоды на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю ці пазбаўленьнем свабоды на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю».


Між тым, падрабязнасьці пра выканаўцаў тэракту, якія прасочваюцца, даюць падставы задаваць пытаньні ня толькі пра бязьдзейнасьць міліцыі, але і спэцслужбаў. Так, ужо вядомы сваёй дасьведчанасьцю адносна выканаўцаў тэракту расейскі рэсурс Life News паведаміў, што спэцслужбы некалькі гадоў сачылі за сям'ёй аднаго з падазраваных у тэракце ў менскім мэтро.

Як расказала Life News крыніца ў праваахоўных органах Беларусі, у супрацоўнікаў КДБ "было вялікае дасье". Яго сабралі яшчэ пасьля выбуху ў Менску ў 2008 годзе. Тады бацьку падазраванага западозрылі ў дачыненьні да тэракту. Увагу прыцягнуў і яго сын. Сілавікі ведалі пра тое, што юнак амаль увесь вольны час траціў на выраб піратэхнікі і экспэрымэнты з выбуховымі рэчывамі. Але чамусьці яму ніхто не перашкаджаў.

Паводле зьвестак крыніцы, падазраваны ў тэракце на ўліку ў міліцыі ніколі не знаходзіўся. "За ім пастаянна прыглядалі, гэта так. Мабыць, яго проста на час выпусьцілі зь віду, і ён пасьпеў рэалізаваць сваю задуму, — паведаміла крыніца выданьню. — Як толькі экспэрты, што працавалі на месцы тэракту ў менскім мэтро, устанавілі, што самаробная выбуховая прылада была начыненая арматурай і мела гадзіньнікавы мэханізм, супрацоўнікі КДБ адразу ўспомнілі пра сям'ю зь Віцебска: сына-хіміка і бацьку-гадзіншчыка".

Чаму ж пры так доўгім сачэньні і вялікім дасье спэцслужбы нічога не зрабілі для папярэджаньня тэракту і бясьпекі грамадзянаў? Агенцтва Белапан, якое зьвярнулася з просьбай пра адказ у КДБ, паведамляе, што там ад камэнтароў адмовіліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG