Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя валютчыкі ў Беларусі — людзі з чэргаў да абменьнікаў


Нацыянальны банк Беларусі вырашыў не праводзіць дадатковую сэсію на таргах валютна-фондавай біржы. Ажыятаж на ўнутраным валютным рынку ўзмацніўся: людзі цяпер суткамі стаяць у чэргах каля абменных пунктаў. Некаторыя перапрадаюць сваё месца ці набытую валюту. Каля абменьнікаў узьнікаюць сваркі і нават бойкі.

Новую ў Беларусі зьяву дасьледавалі ў сераду рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


З-за валютнага крызісу зьніжаецца попыт на аўтамабілі, заціхае будаўніцтва, на мяжы зьмяншаюцца чэргі.

У той жа час на рынках, каля буйных абменьнікаў зьяўляюцца валютчыкі, якія прапануюць валюту — часам нават колькі заўгодна.

Валер, былы валютчык зь Берасьця, які стаў прадпрымальнікам, ізноў вярнуўся да продажу валюты. Паводле яго слоў, "чорныя курсы валюты" значна адрозьніваюцца ад афіцыйных, якія вызначае Нацбанк Беларусі:

"Даляр каштуе ў межах 4000 рублёў. Эўра ў нас каштуе менш, але на гэтую валюту заўсёды меншы быў попыт. Такім чынам, у залежнасьці ад сумы курс продажу складае 3800—4000 рублёў за даляр. Продаж таксама ў гэтых межах".

Пры гэтым валютчык адзначае, што свабодна набыць валюту немагчыма. Гараджане практычна не нясуць даляры і эўра ў абменьнікі:

Хто мае валюту, той у банк яе не нясе
"Афіцыйна цяпер набыць валюту немагчыма. Але мы разумеем, што можам панесьці адказнасьць, калі нас затрымаюць міліцыянты. Адказваць будуць і валютчыкі, і тыя, хто здае ім грошы. Калі ж нехта і мае валюту, ён не нясе яе ў банк. Або ідуць да прадпрымальнікаў, якія езьдзяць па тавар. Яны бяруць у людзей даляры па 3700—3800 рублёў. Або ідуць да нас, дзе курс нашмат вышэйшы".

Актывіст прадпрымальніцкага руху "Пэрспэктыва" Віктар Чайкоўскі кажа, што цяпер многія прадпрымальнікі карыстаюцца паслугамі валютчыкаў. Апошнім часам практычна няма абмежаваньняў на набыцьцё даляраў і эўра. Курсы, праўда, даволі высокія:

Курсы ў валютчыкаў амаль на 1000 рублёў вышэйшыя, чым у банках
"Праз знаёмых, сяброў магчыма адшукаць валютчыкаў. Назіраецца такая ж самая схема, што была ў 90-я гады. Курсы ў валютчыкаў амаль на 1000 рублёў вышэйшыя, чым у банках".

Валютны крызіс ужо даволі моцна адбіўся на аўтамабільным рынку, на памежным бізнэсе. Многія жыхары Берасьця, якія раней часта езьдзілі ў Польшчу, цяпер ня маюць магчымасьці набыць валюту. Беларускі рубель, як кажа Ігар, польскія банкі не прымаюць:

Спаў ажыятаж на ўжываныя іншамаркі
"Вельмі відавочна спаў ажыятаж на ўжываныя іншамаркі з Эўропы. На мяжы цяпер чэргі зьменшыліся амаль у тры разы. Калі няма даляраў або эўра, то нікуды ня выедзеш. Таму застаецца проста чакаць, калі зьявіцца валюта ў продажы. Людзі чакаюць зь нецярплівасьцю валюты. Нават калі б зараз зьявіліся даляры па 5000 рублёў у свабодным продажы, яны былі б адразу ж скупленыя".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На чорным рынку працуюць скрытна

У гомельскіх абменьніках усё часьцей можна бачыць ня столькі чэргі, колькі людзей са сьпісамі. Адсутнасьць валюты прымушае людзей самаарганізавацца.

Гаворыць прадпрымальнік Ігар, які на Прывакзальнай плошчы сачыў за чаргой у абменьніку "Тэхнабанку":

"Прыходзім і запісваемся. Чарга можа дасягаць 100—120 чалавек. Мы, напрыклад, з жонкай запісаліся яшчэ заўчора, і праз 2—3 дні да нас даходзіць чарга. Каб быць першым, трэба 2-3 дні пастаяць. Нават ноччу даводзіцца прыходзіць, каб кантраляваць чаргу, каб тыя, чужыя ня сталі й не завялі сваю чаргу".

Ігар кажа, што валюта яму патрэбная, каб ехаць у Расею па тавар. Інакш прадпрымальніцкую дзейнасьць давядзецца згарнуць, бо ня будзе з чаго заплаціць падаткі й зборы за месца.

Вызначана й сума, якую можа набыць чаргавік — гэта 200 даляраў альбо 5 тысяч расейскіх рублёў:

Купіў 5000 "расеі" ды сыходзь
"Мы дамовіліся ў чарзе, каб купляць па 5 тысяч. Купіў — і сыходзь. Мы не стаім, каб набраць 100 тысяч. А толькі 5 тысяч расейскіх. Гэта рэальна. Іншую валюту людзі амаль не здаюць. Адзін, два, пяць даляраў — гэта мала. У асноўным здаюць расейскія рублі. Пяць тысяч узяў — і пайшоў. Больш як 5 тысяч чарга браць не дае".

Ля абменьнікаў усталяваныя відэакамэры
"Чорныя валютчыкі" іншы раз прапаноўваюць свае паслугі, але вельмі асьцярожна. Чаргавікі й самі баяцца купляць, бо ля абменьніка вядзецца відэаназіраньне:

"Прапаноўваюць, але паколькі тут стаяць відэакамэры, мы проста не рызыкуем. Настолькі ўсё схавана, што не перадаць. Усе баяцца, проста баяцца".

Ля абменьніка Белпрамбудбанку на прыгарадным вакзале жанчына таксама стаіць са сьпісам. Чарга — 168 чалавек.

Спадарыня Ларыса, якая прыйшла праверыць сваю чаргу, кажа, што будзе шукаць валюту на чорным рынку:

"На чорны рынак пойдзем купляць. Калі пастарацца, то можна. Курс — 150. За беларускія можна купіць расейскія, курс — 150".

Жанчына ведае, што на цяперашняй сытуацыі сёй-той зарабіў добрыя грошы. І асабліва калі можна было пераводзіць беларускія грошы ў Расею і атрымліваць там расейскія рублі:

"У Расею грошы перапраўлялі і такім чынам зарабілі. Своечасова пасьпелі, бо цяпер гэтая лавачка зачынілася ўжо. За 5 адсоткаў адпраўляў беларускія рублі ў Злынку, Навазыбкаў альбо Маскву. Там атрымліваў расейскія, прывозіў іх сюды й на "чорным рынку" зарабляў грошы".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Каб набыць $100, трэба суткі адстаяць ля абменьніка"

У Магілёве, каб набыць неабходную суму валюты, людзям ля абменьнікаў даводзіцца прастойваць суткамі.

Ля абменьніка ў адным з буйных магілёўскіх гандлёвых цэнтраў двое дзяўчат разгарнулі шматок паперы, на якім чытэльным почыркам пазначаныя сорак прозьвішчаў. Гэта і ёсьць чарга, паведамілі маладзіцы. Гаварыць пра яе арганізацыю адмовіліся. Параілі зьвярнуцца да мужчын. Трое спадароў неахвотна, але ўсё ж пагадзіліся пагутарыць:

Карэспандэнт: Колькі даводзіцца стаяць, каб, напрыклад, набыць сто даляраў?

Спадар: Па двое сутак даводзіцца стаяць, а то й па трое.

Спадар: Я вось пазаўчора па сто баксаў дзень стаяў. Нехта здае, а мы адразу набываем.

Карэспандэнт: Мужчыны ў асноўным стаяць ці жанчыны?

Спадар: Усе ёсьць. І людзі ва ўзросьце 70 гадоў стаяць, і па 20. Мы вось прадпрымальнікі. Мы ўсе нешта прадаём. Нам тавар трэба набываць.

Спадар: Мы тавар набываем за валюту. А ў нас толькі беларускія. Куды нам іх дзяваць? Патрэбная валюта. А яе няма. Даводзіцца стаяць. З рук у валютчыкаў набываць небясьпечна й дорага.

Спадар: Цяпер жа новы закон. Першы раз папаўся — штраф да ста базавых велічыняў. А другі раз — ужо турма да шасьці гадоў.

Курсы валюты ў Магілёве: даляр — 4000 рублёў, эўра — 5000
Карэспандэнт: Валютчыкі па якім курсе прапануюць даляр?

Спадар: Чатыры тысячы за даляр. А эўра — пяць.

Карэспандэнт: А ці можна сказаць, што сытуацыя з валютай спарадзіла новую прафэсію — стаяньне ў чарзе па валюту?

Спадар: Не, хутчэй аднавіла старую.

Карэспандэнт: Як вы думаеце, колькі такая сытуацыя яшчэ будзе цягнуцца?

Спадар: Мне падаецца, што цяпер — заўжды.

Сытуацыя на валютным рынку стала некіраванай у фінансавым пляне
Спадар: Сытуацыя стала такой некіраванай у фінансавым пляне. Чакаюць усе абяцанага Расеяй крэдыту. Але мы ня ўпэўненыя, ці дапаможа нам гэты крэдыт чым-небудзь.

Гутарку хлопцы нечакана спынілі. Занепакоіліся. У гандлёвым цэнтры двое міліцыянтаў пільнуюць парадак. Яны тут зьявіліся адразу пасьля таго, як ў Менску адбыўся тэракт. Іх магчымае зьяўленьне і ўстрывожыла хлопцаў.

Бойкі адбываюцца найчасьцей ля кругласуткавага абменьніка
Валютныя чэргі арганізуюцца ўва ўсіх буйных гандлёвых цэнтрах Магілёва. У тым ліку ва ўнівэрмагу і ў будынку білетных касаў чыгуначнага вакзалу. Найчасьцей на вакзале і ўзьнікаюць канфлікты й нават бойкі, бо абменьнік працуе кругласуткава.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Няма спадзяваньняў на тое, што валюта ў бліжэйшым часе зьявіцца ў свабодным продажы".

Жыхары Горадні адзначаюць, што праблемы з валютай не зьмяншаюцца. Адны хочуць проста перавесьці свае рублі ў даляры, іншым валюта патрэбная ў практычных мэтах — закупіць тавар у Польшчы альбо паехаць за мяжу на адпачынак. Кожны імкнецца парадзіць сабе ў гэтай сытуацыі сам. Спадзяваньняў на тое, што валюта ў бліжэйшым часе зьявіцца ў свабодным продажы, пакуль няма.

Спадарыня: Бачу, напруга вельмі вялікая цяпер з валютай: не купіць, ажыятаж вялізны.

Спадар: Я думаю, штосьці тут няправільнае: ва ўсіх краінах усё нармальна, а ў нас чамусьці даляр гэты расьце. Знаёмыя езьдзілі ва Ўкраіну, кажуць: усё нармальна, прыходзь, купляй. А ў нас чыніцца штосьці зусім незразумелае. Хто на гэтым гуляе, я нават ня ведаю.

Спадарыня: Калі зьняць ажыятаж, то попыт можа з часам і зьнізіцца, чыста паводле чаканьняў людзей.

Беларусы імкнуцца захаваць свае ашчаджэньні менавіта ў валюце
Спадар: Такі ажыятаж складаецца, напэўна, таму, што ў многіх грамадзянаў нашай рэспублікі ўклады ў беларускіх рублях, і іх настолькі шмат, што на валюту захоўваецца ажыятажны попыт. Людзі стараюцца захаваць свае грошы.

Спадарыня: Людзі страцілі давер да беларускага рубля, і на чаканьні таго, што курс усё-ткі падымецца, усе кінуліся мяняць рублі на больш стабільную валюту, на даляры і на эўра. Але людзі самі падаграюць ажыятажны попыт і самі спараджаюць праблему: калі чалавек начуе ў чэргах, запісваецца за пару сутак, то гэта таксама ня робіць сытуацыю прасьцейшай і лепшай. Каб не было такіх звышажыятажных чутак, то, можа, і была б прасьцейшай сытуацыя.

Пэнсіянэр: Ня ведаю, мне даляры не патрэбныя, я іх увогуле ня ведаю і не разумею ў гэтай справе. А навошта яны мне патрэбныя? Для чаго? А хто езьдзіць, той хай іх знаходзіць там, дзе трэба яму знаходзіць…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG