Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міліцыянты накінуліся са сьпіны, зьбівалі, паламалі фотаапарат"


Уладзіслаў Старавераў

Уладзіслаў Старавераў

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску распачаўся судовы працэс над журналістам Уладзіславам Стараверавым, якога вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы і непадарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Віцебскага журналіста Ўладзіслава Стараверава ў Кастрычніцкі раённы суд прывезьлі асобна — пасьля таго як звазілі ў пастарунак ды аформілі пратакол пра падзеі 26 красавіка. Хлопец быў затрыманы падчас жалобнай акцыі, прысьвечанай памяці ахвяраў Чарнобылю, мінулую ноч правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

У суд зьявіліся і міліцыянты-сьведкі. Цяпер яны былі ўжо ў форменным адзеньні, а не ў цывільным, як учора, калі затрымлівалі і зьбівалі Ўладзіслава Стараверава:

"Учора я рабіў фотарэпартаж з акцыі памяці ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі каля крыжа Эўфрасіньні Полацкай на Ўсьпенскай гары ў Віцебску. Літаральна празь некалькі хвілін, як я дастаў фотаапарат, на мяне са сьпіны накінуліся нейкія людзі, паклалі тварам у зямлю, не назвалі сябе, не прадставіліся… Людзі моцнага целаскладу, яны паламалі мне фотаапарат, на руках — вось — засталіся сінякі…"

Уладзіслаў Старавераў мае намер напісаць заяву ў пракуратуру на жорсткае абыходжаньне міліцыянтаў. Пра тое, што гэта былі ахоўнікі правапарадку, ён даведаўся ўжо толькі ў пастарунку: як высьветлілася, супрацоўнікі міліцыі, якія прыйшлі на акцыю "па працы", былі незадаволеныя, што таксама трапляюць "у кадар".

Таму да судзьдзі Алесі Жарыкавай журналіст зьвярнуўся з хадайніцтвам, каб да справы далучылі відэазапіс, зроблены міліцэйскім відэаапэратарам — той здымаў усе навокал, ні ў кога не пытаючы дазволу.

Віцебскія жанчыны-актывісткі на чале з Тацянай Севярынец прыйшлі ў суд, каб быць сьведкамі. Пасьля затрыманьня Ўладзіслава Стараверава яны таксама прыходзілі ў пастарунак ды напісалі некалькі скаргаў пра тое, што адбывалася ў іх на вачах:

"Мы стаялі каля крыжа, я пачула нейкую валтузьню, зірнула — а там на Ўлада накінуліся двое. Адзін здаровы такі мужчына, а другі — сумна вядомы Аляксандар Каліноўскі, падпалкоўнік з Кастрычніцкага РАУС. Пачалі заломліваць рукі, кінулі тварам на камяні — там брукаванка, зьбівалі рукамі і нагамі. Мы кінуліся да іх, дык той, здаравейшы, шавяльнуў плячом так, што я аж адляцела".

Потым Тацяна Севярынец высьветліла, хто гэта быў — той чалавек, які гучна крычаў: "Ён ня будзе мяне здымаць". На просьбу прадставіцца чалавек у цывільным заявіў, што ён "просты грамадзянін", але ягоныя калегі падказалі, што гэта Ігар Скарыновіч, сам начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Ігар Скарыновіч і яго падначаленыя зьявіліся ў суд, але да іхніх сьведчаньняў справа не дайшла. Уладзіслаў Старавераў зьвярнуўся да судзьдзі з хадайніцтвамі, каб яму далі час знайсьці адваката ды наведаць мэдычныя ўстановы. Ён зьбіраецца засьведчыць цялесныя пашкоджаньні, нанесеныя міліцыянтамі, і схадзіць да кардыёляга, бо мінулай ноччу ў ізалятар часовага ўтрыманьня яму выклікалі хуткую дапамогу. Хлопцу было дрэнна з сэрцам, і ня толькі з прычыны ўчорашніх падзеяў: некалькі дзён таму ён пахаваў маці.

Суд над Уладзіславам Стараверавым будзе працягнуты 10 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG