Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнавіл пра Лукашэнку: "Замест індульгенцыі — поўная неадэкватнасьць"


Чарнобыльская канфэрэнцыя ў Кіеве, куды не паехаў А.Лукашэнка

Чарнобыльская канфэрэнцыя ў Кіеве, куды не паехаў А.Лукашэнка

Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ім 26 красавіка на адрас кіраўніцтва Эўракамісіі, Украіны, а ўскосна — і Расеі, выклікалі сапраўдны пярэпалах у тамтэйшым палітычным істэблішмэнце. Найбольш гучна на абвінавачаньні ў "вашывасьці" ўкраінскіх уладаў рэагуюць у Кіеве. Эмацыйныя меркаваньні паплечнікаў прэзыдэнта Віктара Януковіча, а таксама незалежных палітыкаў выслухаў Ігар Карней.

Яшчэ ўчора Міністэрства замежных спраў Украіны выказала абурэньне "беспрэцэдэнтна некарэктнымі" заявамі Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён абвінаваціў у "вашывасьці" ўкраінскае кіраўніцтва — маўляў, у тым, што ён ня трапіў на мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Чарнобыль, вінаваты і Віктар Януковіч, які пайшоў на повадзе ў Жазэ Мануэля Барозу. Прэзыдэнт Эўракамісіі яшчэ раней заявіў, што не прыедзе ва Ўкраіну, калі там будзе прысутнічаць Аляксандар Лукашэнка.

27 красавіка ва ўкраінскім МЗС з гэтай нагоды адбыўся брыфінг, на якім было падкрэсьлена, што запрашэньне на жалобныя мерапрыемствы атрымалі ўсе зацікаўленыя бакі, і крыўда Лукашэнкі — ягоная асабістая справа.

А ці павінен Віктар Януковіч публічна адрэагаваць на абвінавачаньні з боку Лукашэнкі? Сябра парлямэнцкай камісіі ў замежных справах Вярхоўнай Рады Ўкраіны Тарас Чарнавіл лічыць, што ў гэтым выпадку разумней іх проста праігнараваць. Але сам спадар Чарнавіл называе выказваньні беларускага лідэра неадэкватнымі і падкрэсьлівае, што нэрвовая рэакцыя апошнім часам Лукашэнку вельмі падводзіць:

"Увогуле нават ня ведаю: а як яшчэ рэагаваць? Заявы ў прынцыпе абсалютна неадэкватныя. Паводзіны апошнім часам у прэзыдэнта Беларусі таксама нейкія дзіўныя. Маючы вельмі добрыя прэфэрэнцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, калі Эўразьвяз шмат на што гатовы быў закрыць вочы, трэба было проста карэктна прайсьці выбарчы маратон і не дапусьціць нейкіх жорсткіх дзеяньняў. Якія, праўда, усё ж адбыліся. І можна было атрымаць індульгенцыю за вельмі многія правіны, якія былі да гэтага. Замест гэтага робіцца абсалютна дзікае зьверства, зараз — неадэкватныя заявы. І гэта на тле таго, што галоўны козыр беларускага кіраўніцтва пра самыя лепшыя ўмовы жыцьця, самыя нізкія цэны, самыя лепшыя ўмовы працы сёньня пачынае пакрысе таяць. Таму думаю, што ў такіх умовах да гэтага можна ставіцца як да неадэкватнай нэрвознасьці, якая насамрэч выглядае вельмі і вельмі па-дурному".

Скандальным заявам Лукашэнкі прысьвечаныя першыя палосы газэт і загалоўныя старонкі інтэрнэт-выданьняў Украіны. Грамадзкі дзяяч Сьцяпан Хмара ў інтэрвію парталу "Обозреватель" кажа пра недапушчальнасьць "занадта эмацыйных заяваў" прэзыдэнта Беларусі: "Гэта не ўпрыгожвае нікога, а тым больш — такую высокапастаўленую асобу суседняй краіны. Спадзяюся, Лукашэнка зь цягам часу зразумее і будзе шкадаваць пра тыя глупствы, якія ён нагаварыў, таму што ён ужыў абсалютна непрыстойныя выказваньні ў адносінах як да Ўкраіны, так і да эўрачыноўніка высокага рангу Жазэ Мануэля Барозу".

Лідэр Украінскай народнай партыі Юры Кастэнка адзначыў, што Лукашэнка ўжо давёў краіну да таго, што супрацьпастаўляе яе дэмакратычнаму сьвету і ставіць Беларусь па-за палітычнымі і эканамічнымі працэсамі ў Эўропе: "Такога кшталту рэчы, якія дазваляе сабе Лукашэнка, сьведчаць толькі пра тое, што ў яго нешта з самакрытыкай ня вяжацца: трэба спачатку паглядзець, што адбываецца ва ўласным доме, а потым ужо ацэньваць іншых".

Шэф-рэдактар "Обозревателя" Міхаіл Падаляк, дэпартаваны зь Беларусі ў 2004 годзе, лічыць, што ў любым выпадку ўсе павінны зразумець: схіляць Лукашэнку да дыялёгу, да чаго імкнулася ў тым выпадку і Ўкраіна, марна:

"Падкрэсьлю самае важнае: ніякія перамовы, кампрамісы, дыялёгі з Лукашэнкам немагчымыя. Не з прычыны нежаданьня там Эўропы, Расеі ці грамадзтва самой Беларусі. А з прычыны таго, што Лукашэнка — ня ўдзельнік дыялёгу. Ён удзельнік маналёгу. А ў рамках гэтага маналёгу ён прымае толькі тое, што выгадна яму. Усё, што яму нявыгадна, ці калі дзесьці трэба ісьці на саступку, што прадугледжвае любы дыялёг, ён катэгарычна адрынае. Больш за тое, ён стараецца яшчэ больш падкрэсьліць сваю "адметнасьць" і прынізіць апанэнта. Таму заклікі весьці зь ім дыялёг, гаварыць зь ім па-людзку — ды нічога падобнага, усё марна".

Сябра праўладнай Партыі рэгіёнаў, віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Іван Папеску перакананы, што нельга асабістыя крыўды выстаўляць на публічнае абмеркаваньне:

"Хачу падкрэсьліць наступнае: катастрофа на ЧАЭС — гэта вялікая трагедыя, і мы не павінны рабіць з гэтага вялікай палітыкі. Хто прыехаў, куды прыехаў — гэта справа трэцяя. Таму калі хтосьці пачынае палітызаваць, ня важна хто — прэзыдэнт нейкай краіны ці нават просты чалавек — гэта не па-хрысьціянску. І асабліва ў гэты велікодны тыдзень. І ўжо усім не выпадае спэкуляваць на чарнобыльскай тэме, таму што для ўсіх нас гэта перадусім была трагедыя".

У камэнтары МЗС Украіны, у сваю чаргу, сказана: "На жаль, падыходы афіцыйнага Менску да адносінаў з Эўразьвязам, з многімі іншымі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасьці ў апошнія месяцы ўсё менш адпавядаюць нормам міжнародных зносінаў". Падкрэсьлена, што "асабістыя крыўды непрымальныя ў кантактах паміж людзьмі, асабліва калі абразьлівыя выказваньні адрасуюцца дзяржаўным дзеячам, якія прадстаўляюць сувэрэнныя краіны і цэлыя аб'яднаньні дзяржаў".
XS
SM
MD
LG