Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка едзе ў Туркмэністан


Бердымухамедаў і Лукашэнка ў Менску, студзень 2010

Бердымухамедаў і Лукашэнка ў Менску, студзень 2010

У чацьвер увечары пачынаецца афіцыйны візыт прэзыдэнта Беларусі ў Туркмэністан.

Апошні раз Аляксандар Лукашэнка быў у Турменістане пазалетась, дзе яго прымаў цяперашні прэзыдэнт Гурбангулы Бердымухамедаў, летась туркмэнскі лідэр наведваў з афіцыйным візытам Беларусь.

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі ня надта вялікі: хаця за 2 апошнія гады ён вырас амаль удвая, летась ён дасягнуў сьціплай лічбы 91 мільён даляраў, пры гэтым яго львіная доля – 87 мільёнаў даляраў – гэта беларускі экспарт. Зь Беларусі ў Туркменістан пастаўляюцца грузавікі, цукар, сельгасмашыны, шыны, седлавыя цягачы, лекі.

Для параўнаньня – з Украінай таваразварот летась склаў 4.4 мільярды даляраў.
Самы буйны аб'ект беларуска-туркменскага супрацоўніцтва – праект па будаўніцтве ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю горнаўзбагачальнага комплексу па вытворчасьці угнаеньняў на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў.

Нягледзячы на тое, што Туркменістан зьяўляецца адным з найбуйнейшых у сьвеце прадаўцоў прыроднага газу з геаграфічных, эканамічных і палітычных прычынаў ягоны экспарт у Беларусь зьяўляецца вельмі складанай задачай, цяпер Туркменістан не прадае Беларусі газ, летась увесь туркменскі імпарт у Беларусь склаў каля 4 мільёнаў даляраў.

Ня выключана, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан мае збольшага палітычныя матывы. Рэжым у Ашгабаце і пры Бердымухамедаве як і пры яго папярэдніку Ніязаве, застаецца адным з самых рэпрэсіўных у сьвеце. Пры гэтым, дзякуючы запасам прыроднага газу, ён мае пэўны ўплыў у рэгіёне і выклікае пэўную зацікаўленасьць з боку краін Эўразьвязу.

Пасьля ўчорашніх заяваў беларускага прэзыдэнта, паглыбленьня канфлікту з Эўразьвязам і ўзьнікненьня праблем з Украінай, візыт у Ашгабат можа быць дэманстрацыяй таго, што ў Беларусі ў сьвеце ёсьць добрыя сябры.

Да таго ж ня выключана, што адной з тэмаў перамоваў Лукашэнкі і Бердымухамедава можа стаць прадастаўленьне Беларусі крэдыту. Паводле апошніх паведамленьняў чаканы крэдыт ад Расеі зьявіцца не раней чым праз 2-3 тыдні, а грошы патрэбныя цяпер, дакладней, учора.

У Туркменістана зь яго велізарнымі даходамі ад экспарту газу грошы ёсьць. Іншая справа, наколькі ён схільны пазычаць іх беларускім сябрам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG