Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 27 красавіка 2011 году

Безнадзейныя маркотныя чэргі ля банкаўскіх абменьнікаў, на вакенцах якіх звыклы надпіс: "Валюты для продажу няма і сёньня ня будзе"... Разгубленыя людзі ля паліцаў у крамах, дзе лічбы на цэньніках, здараецца, за адзін дзень павялічваюцца напалову, а то і ўдвая... Многія беларускія грамадзяне, ашаломленыя цяперашняй эканамічнай сытуацыяй, хочуць пачуць адказы на свае пытаньні. Але ўлада чамусьці ў адказ на абурэньне найчасьцей адказвае ўхіліста, толькі заспакойваючы і абяцаючы хуткую стабілізацыю.

На гэтую тэму — значная частка нашай пошты, якую мы атрымліваем у гэтыя красавіцкія дні.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Вольгі Маладоўскай зь Пінску. Пад уражаньнем ад імклівых негатыўных зьменаў, што адбываюцца ў штодзённым жыцьці беларусаў, слухачка піша:

"Ну вось мелі мы сацыяльна арыентаваную, кіраваную мудрай "вэртыкальлю" эканоміку. Адзін час нам нават гаварылі пра "беларускі эканамічны цуд". І што з гэтым цудам зрабілася? Нешта я не магу зразумець. Тое, што "квітнеючая" эканоміка дала трэшчыну — ясна, гэта мы штодня назіраем. Але чаму так адбылося, хто вінаваты? Слухала, як гэта тлумачыў наш Аляксандар Рыгоравіч, калі езьдзіў па Берасьцейскай вобласьці, калі выступаў з пасланьнем перад дэпутатамі. Кажа, гандляры аўтамабілямі вінаватыя, вывезьлі валюту. Дык што гэта за стабільнасьць, што гэта за кіраваная эканоміка, калі ўсё кіраваньне могуць раструшчыць няшчасныя ўладальнікі старога аўтамабільнага ламачча, якія мараць памяняць яго на такое ж ламачча, толькі крыху навейшае?

Дзякуючы мудраму кіраўніцтву нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы на арэну зноў вярнуліся жулікі-валютчыкі. Лукашэнка ўвесь час клянецца, што ён за народ, а што на самой справе? У людзей вочы на лоб лезуць ад лічбаў на цэньніках. Дык калі ў цябе ўлада, то абарані народ, рабі нешта, каб усе бачылі, што сытуацыя выпраўляецца. Але ж робіцца ўсё так, што народ — бяднее, а багатыя жулікі, чыноўнікі, прахадзімцы — толькі багацеюць"
.

Падчас апошняга выступу на тэму фінансавага крызісу — у сваім штогадовым пасланьні — Аляксандар Лукашэнка дакараў і вінаваціў у валютных праблемах ужо ня толькі несьвядомых грамадзянаў, якія скуплялі валюту, цукар і алей. Гэтым разам дасталося і ўраду, і Нацыянальнаму банку. Маўляў, друкавалі пустыя грошы, раздавалі крэдыты налева і направа, імпартавалі з-за мяжы тавараў значна больш, чым экспартавалі. Словам, жылі не па сродках, залазілі ў даўгі — таму і збанкрутавалі. Крытыка, вядома, слушная. Вось толькі каму яна павінна быць адрасавана ў дзяржаве, у якой ні ўрад, ні парлямэнт, ні Нацыянальны банк не самастойныя ў сваіх дзеяньнях, дзе любое больш-менш значнае палітычнае і эканамічнае рашэньне ўжо на працягу паўтара дзясяткаў гадоў прымае выключна адна ўсім вядомая асоба?

Другая надзённая тэма, якая хвалюе і непакоіць у гэтыя дні большую частку беларускага грамадзтва, — прычыны і наступствы выбуху 11-га красавіка ў менскім мэтро, вынікам якога сталі шматлікія чалавечыя ахвяры. Аналізуючы рэакцыю ўлады на гэтую ды іншыя падзеі апошняга часу, наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў піша:

"Аляксандар Лукашэнка — той чалавек, які ва ўмовах канфлікту пачувае сябе, як шчупак у сажалцы, дзе шмат карасёў. Вось і цяпер, перажываючы двухсэнсоўнае становішча, у якім Беларусь апынулася пасьля 19-га сьнежня, на хвалі валютнага крызісу, пасьля шоку 11-га красавіка — якім мы бачым Лукашэнку? Ніякай разгубленасьці! Толькі — харызма і рашучы настрой зьнішчыць і пусьціць па ветры ўсіх ворагаў і падпальшчыкаў вайны!

Ці змогуць аслабленыя рэпрэсіямі нацыянал-дэмакраты перажыць яшчэ і ўдары гэтай зьнішчальнай кувалды, якая так дарэчы трапіла ў рукі ўлады пасьля 11-га красавіка? У новых умовах беларускае грамадзтва заканамерна і непазьбежна будзе спаўзаць да лукашэнкаўскага "Трымаць і не пушчаць!". Апынуўшыся ў абцугах Лукашэнкавай улады, апазыцыя ня мае пэрспэктывы. Тэракт пахавае ў масавай беларускай сьвядомасьці нават тыя невялікія запыты на дэмакратыю, што існавалі да 19-га сьнежня 2010-га году.

Падобна на тое, што мы станем сьведкамі таго, як у Беларусі канчаткова і назаўсёды зьнікне тая форма апазыцыі, што нарадзілася на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Відаць па ўсім, дэмакратызацыя Беларусі назаўжды ўвязваецца ў залежнасьць ад магчымай будучай дэмакратызацыі Расеі"
.

Мяркуючы па апошніх публічных выступах, Аляксандар Лукашэнка сапраўды спрабуе зьвязаць у адзін ланцуг і акцыю пратэсту 19-га сьнежня, і валютны крызіс, і спажывецкую паніку, і выбух у мэтро. І ланцуг гэты, вельмі верагодна, плянуецца апусьціць менавіта на галовы апазыцыі. Прынамсі, лейтматыў усяго прэзыдэнцкага пасланьня, што прагучала 21-га красавіка — якраз абвінавачаньні на адрас апазыцыі (так званай "пятай калёны"), а таксама прызнаньне памылковаю той палітыкі некаторай лібэралізацыі і дэмакратызацыі, што пад ціскам Захаду праводзілася ў Беларусі падчас апошняй выбарчай кампаніі.

Пытаньне ў тым, ці прыме гэтыя тлумачэньні і апраўданьні грамадзтва. Вынішчыць, выпаліць апазыцыйнае поле дарэшты Лукашэнка можа — у гэтай справе ўжо так шмат зроблена, што да канца недалёка. І гайкі з дапамогай сілавых структураў заціснутыя так, што далей няма куды. Але насамрэч галоўная пагроза для ўстойлівасьці рэжыму зыходзіць сёньня зусім не ад апазыцыі — а ад разьюшаных чэргаў ля абменьнікаў; ад глухога абурэньня рабочых, якія пры цяперашніх коштах ня могуць пракарміць свае сем'і; ад дэзарыентаванасьці і разгубленасьці пэнсіянэраў, якія яшчэ ўчора шчыра верылі, што іх вядуць да сьветлай будучыні.

Многіх нашых слухачоў працягвае турбаваць лёс палітвязьняў — тых апазыцыйных палітыкаў, актывістаў і проста актыўных грамадзянаў, якія пацярпелі за свой удзел у мітынгу пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19-га сьнежня мінулага году. Вось які ліст на гэтую тэму даслала нам Алена Паўлоўская з Ашмянаў. Слухачка піша:

"Шмат гадоў слухаю "Свабоду". Хачу сказаць, што пасьля 19-га сьнежня майму абурэньню няма межаў. Няхай пачуюць мяне тыя судзьдзі, ілжэсьведкі і ўсе турэмныя каты, якія маюць дачыненьне да перасьледу палітвязьняў. Адумайцеся! Што вы робіце зь нявіннымі людзьмі? Бог усё бачыць. Няхай вы пражывяце на гэтым сьвеце нават і па сто гадоў — усё роўна канец настане. І давядзецца паўстаць перад тым судом, якому ніякі начальнік ня можа загадаць вынесьці несправядлівы вырак. Вас жа ўсіх забярэ д'ябал. Будзеце гарэць у пякельным агні і ніколі адтуль ня выйдзеце — ні праз тысячу гадоў, ні празь мільён вякоў (як напісана ў Эвангельлі). Адтуль выйсьця ня будзе.

Асабліва шкада маладых хлопцаў-міліцыянтаў. Няхай бы папрасілі сваіх бацькоў, каб тыя растлумачылі, што іх чакае за зямныя злачынствы на тым сьвеце. Пасадзіць бязьвіннага чалавека ў турму — ня меншы грэх, чым забойства. Так, яны хаваюць твары, даюць хлусьлівыя сьведчаньні з-за дзьвярэй, бо сорамна людзям у вочы глядзець. Але ж ад Божага суду ні за якімі сьценамі не схаваесься"
.

Ня думаю, спадарыня Паўлоўская, што гэтыя людзі вызначаюцца набожнасьцю і надта высока цэняць Божыя запаветы. Тое, што можна было закласьці ў гэтыя душы ў дзяцінстве, наўрад ці магчыма зрабіць зараз, калі дваццацігадовыя бэйбусы ў мундзірах і касках беспакарана зьбіваюць гумовымі палкамі безабаронных людзей, упіваючыся ўласнай сілай і ўладай.

А ўвогуле, роля царквы ва ўсіх значных грамадзкіх узрушэньнях апошняга часу — асобная вялікая праблема. Пасьля падзеяў 19-га сьнежня духоўныя герархі фактычна прамаўчалі, ня выказалі свайго стаўленьня да таго, што адбылося. Што тады патрабаваць высокай маральнай і хрысьціянскай адказнасьці ад шараговых вернікаў (а тым больш ад тых, хто ўсьлед за кіраўніком краіны залічвае сябе ў "праваслаўныя атэісты"?).

Яўген Бондараў зь вёскі Марозаўка Чавускага раёну вырашыў узяцца за ліст на Радыё Свабода пасьля таго, як у аглядзе званкоў пачуў прапанову аднаго нашага зацятага апанэнта з заклікам закрыць "Свабоду". Яўген Бондараў з гэтай нагоды піша:

"Калі чалавек упэўнены, што ў нас усё добра, то ніякае радыё ці газэта не пераканаюць яго ў адваротным. І наадварот, калі чалавеку жывецца кепска, то што яму да таго, што многія зараз купляюць аўтамабілі?..

Яшчэ ў вас у эфіры выступаў нейкі нарачанскі селянін, што хваліўся дасягненьнямі. А я ў яго хацеў бы спытаць: ці задаволены ён тым, што ў ягонай вёсцы засталося толькі дзевяць двароў? І чаму, калі ўлада з усіх адтулін сьвішча пра тое, што беларуская вёска адраджаецца, гэтая самая вёска насамрэч вымірае? Людзі рвуцца зь вёскі туды, дзе можна зарабіць, дзе пасьля працы ёсьць магчымасьць адпачынку. Мне сьмешна, калі ўлада хваліцца, што прадукцыйнасьць працы на вёсцы вырасла ў тры разы. Ды ў нас проста няма каму працаваць. А калі і захоча нехта прыехаць на вёску — дзе знайсьці месца, на якім плацілі б нармальныя грошы?

Ёсьць у мяне і іншыя пытаньні да ўлады, на якія я не магу знайсьці адказу. Напрыклад, паводле Канстытуцыі, адукацыя ў нас — бясплатная. А насамрэч большая палова студэнтаў вымушана плаціць за сваё навучаньне ў ВНУ. Ці яшчэ адна праблема. Законы ў нас чамусьці працуюць пераважна на карысьць начальніка. Я шмат дзе працаваў — і ўсюды сутыкаўся з парушэньнем працоўнага заканадаўства. Цікава, што мне могуць адказаць на гэта прыхільнікі Лукашэнкі.

Я думаю, варта было б правесьці рэфэрэндум аб адказнасьці дэпутатаў і прэзыдэнта за дадзеныя народу абяцаньні. Але нешта сумняюся, што нехта яго правядзе"
.

Калі ўявіць, што ўлада пагадзілася б на такі рэфэрэндум і што яго праводзілі б паводле дзейнага заканадаўства тыя самыя падначаленыя ўладнай "вэртыкалі" выбарчыя камісіі, якія арганізоўвалі ўсе выбары і рэфэрэндумы на працягу апошніх шаснаццаці год, дык вынік з высокай ступеньню верагоднасьці можна прадказаць загадзя, спадар Бондараў. Хутчэй за ўсё, афіцыйна было б абвешчана, што дзейная ўлада атрымала пераканаўчую перамогу, а працэнтаў 70—80 насельніцтва выказалася за тое, што ні дэпутаты, ні прэзыдэнт не павінны несьці адказнасьць за дадзеныя падчас выбарчай кампаніі абяцаньні. Дык ці варта народныя грошы на гэта марнаваць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG