Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ўсклалі вянкі да Чарнобыльскай капліцы


Вянок ад АДС
Вянок ад АДС
Сёньня адвячоркам у Гомелі прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў усклалі вянкі й кветкі да Чарнобыльскай капліцы ў мікрараёне Валатава.

Гэта ўжо стала традыцыяй -- ушаноўваць 26 красавіка памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, успамінаць тыя чорныя дні нашэсьця на горад “мірнага атаму”.

Да Чарнобыльскай капліцы

Сябра АГП Уладзімер Няпомняшчых прыйшоў на жалобную імпрэзу ў майцы з надпісам: “За Беларусь без Лукашэнкі”:

Уладзімер Няпомняшчых
“Улада ні грама не клапоціцца пра свой народ. Зараз задумалі будаваць Чарнобыль-2 – у Астравецкім раёне. Нашу ўладу нішто ні чаму ня вучыць – ні Чарнобыль, ні аварыя ў Японіі. Нашаму сонцападобнаму, відаць, патрэбны “мірны атам”, каб зь ім лічыліся ва ўсім сьвеце”.

Былога малалетняга вязьня вайны Ўладзімера Мышака да Чарнобыльскай капліцы прывёў свой боль. Уладзімер Міхайлавіч лічыць, што Чарнобыль – гэта бяда для ўсяго беларускага народу. У вайну маленькім хлопчыкам Уладзімера акупанты загналі ў канцэнтрацыйны лягер “Азарычы”, а маці зь яшчэ трыма дзецьмі – у Хойнікі. Там і засталіся ляжаць у зямлі ягоны дзьве сястрычкі. Праз сорак адзін год іх магілы пасыпала чарнобыльскім попелам.

Аксана Бас
Аксана Бас у чарнобыльскі год хадзіла ў шостую клясу. Яна памятае тыя дні 1986-га, калі іх, школьнікаў, вывозілі ў Кабардзіна-Балкарыю, каб уратаваць ад радыяцыі.

У Аляксандара Каротчанка бацькі жывуць у заражаным радыяцыяй Веткаўскім раёне:

“Бацькі жывуць у “зоне”, куды ежджу і я. Яны маюць праблемы са здароўем. Асабліва хварэюць на ногі. У вёсцы ўсе перакананыя, што да гэтага спрычыніўся радыяцыйны стронцый, які засеў у касьцях”.

Кветкі чарнобыльцам

Жалобную імпрэзу гомельскіх дэмакратычных актывістаў здымалі апэратары ў цывільным – з аўтамашыны і непасрадна на вуліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG