Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Чарнобыльскі шлях” – праз асабісты дагляд і відэаздымкі


Belarus – opposition manifestation Charnobylski Shlyakh (Chernobyl Way). Minsk, 26apr2011

Belarus – opposition manifestation Charnobylski Shlyakh (Chernobyl Way). Minsk, 26apr2011

Актывісты дэмакратычнай апазыцыі правялі штогадовую вулічную акцыю, прысьвечаную 25-годзьдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна мусіла прайсьці ў выглядзе традыцыйнага шэсьця «Чарнобыльскі шлях» па вуліцах Менску, аднак з прычыны забароны ўладаў адбыўся толькі мітынг у парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор.

Пра хаду мітынгу можна прачытаць ТУТ.

Месца збору ўдзельнікаў мітынгу ахоўнікі правапарадку абгарадзілі жалезнымі турнікетамі, наладаваўшы некалькі прапускных пунктаў. Кожны, хто ішоў на мітынг, мусіў прайсьці асабісты дагляд – праверку зьместу сумак і кішэняў. Гэтым разам міліцыянты пераглядалі паперы, якія людзі мелі з сабой і нават спрабавалі перачытваць запісныя кніжкі. Усю працэдуру дагляду і кожнага чалавека здымалі на відэакамэру супрацоўнікі спэцслужбаў. Вельмі многіх людзей гэта абурыла і абразіла. Гавораць удзельнікі мітынгу:

Спадар: «Я прыйшоў на “Чарнобыльскі шлях”, але бачу, што ён замыкаецца ў рэзэрвацыі”.

Спадар: “Гэта вельмі і вельмі непрыемна, тут цябе проста прыніжаюць. Вось ідзі сюды, мы цябе праверым, абмацаем, а тады ты ўжо пойдзеш. Гэта проста фашызм, звычайны фашызм”.

Спадар: “Я параўноўваю ўсё гэта з 1937 годам і з вайной, калі так фашысты гестапаўцы рабілі. Нешта падобнае і ў нас тут адбываецца”.

З прычыны пільнага дагляду многія людзі засталіся стаяць за агароджанай тэрыторыяй. Тыя, хто прайшлі, разгарнулі партыйную сымболіку і плякаты антыядзернай тэматыкі: «Не АЭС у Беларусі», «Чарнобыль, Фукусіма – што далей». Некаторыя з прысутных былі апранутыя ў мэдычныя халаты, гумавыя пальчаткі, з павязкамі і выявамі ядзернай небясьпекі. Адкрываючы мітынг, адзін з арганізатараў Юры Хадыка сказаў:

«Нам «Чарнобыльскі шлях» не дазволілі, а дазволілі толькі гэты мітынг-стаяньне. Я хачу падзякаваць усім, хто тут сабраўся, бо нашая галоўная звышзадача – перадолець страх у грамадзтве, які быў народжаны жорсткім разгонам мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня. Мы павінныя паказаць, што мы выстаім, што пераможам гэты гвалт, арганізаваны «чорнымі кашулямі». Мы вытрымаем і пераможам».

На чарнобыльскі мітынг у парк Дружбы народаў прыйшло некалькі сотняў чалавек. Сярод іх былі былыя ліквідатары, актывісты дэмакратычнага руху з рэгіёнаў краіны. Адзін зь іх – Сяргей Абразоўскі з Пухавіцкага раёну:

«Улады мусілі зрабіць высновы пасьля аварыі – яны зрабілі свае, а мы – свае. Яны хочуць нас прыніжаць, а мы ведаем, што мы павінныя абараняць сябе. Хаваць наступствы аварыі ў Чарнобылі нельга і пра гэта адкрыта, на ўвесь сьвет сказала таксама Фукусіма. Я спадзяюся, што ўсе жыхары ўрэшце аб'яднаюцца і будуць змагацца за свабоду Беларусі і за бязьядзерную зону ў Беларусі. Жыве Беларусь».

На завяршэньне арганізатары мітынгу зачыталі рэзалюцыю з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, аднавіць ільготы і сацыяльныя гарантыі ўдзельнікам ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, а таксама ўраду адмовіцца ад плянаў будаўніцтва АЭС у Беларусі. Гаворыць адзін з арганізатараў Дзяніс Садоўскі:

«Мы цудоўна разумеем, што Менскія гарадзкія ўлады абыякава ставяцца да праблемы наступстваў аварыі на ЧАЭС. Гэта яны паказалі сваёй забаронай правесьці шэсьце ў цэнтры гораду. Таму мы разумеем, што накіроўваць рэзалюцыю ўладам безсэнсоўна. Яна скіраваная да грамадзтва, яна выказвае нашу пазыцыю і мы надалей будзем рабіць усё, каб рэалізоўваць нашы заявы і ініцыятывы”.

Па завяршэньні мітынгу ягоныя ўдзельнікі ўсклалі кветкі да Чарнобыльскай капліцы. Увесь гэты ж час вялікая колькасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў, а таксама аўтазакі заставаліся на цэнтральных вуліцах Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG