Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 мільярдаў рублёў выдаткавала Нароўля да прыезду Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
У 25-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, калі ў Кіеве на саміце па ядзернай бясьпецы прысутнічалі высокія эўрапейскія чыноўнікі, прэзыдэнты шэрагу краін, беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка езьдзіў у Нараўлянскі раён.

У райцэнтры й выселенай вёсцы Дзёрнавічы, якая месьціцца недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы, Лукашэнка патлумачыў, чаму яго няма ў Чарнобылі разам з прэзыдэнтамі Ўкраіны й Расеі:

«Вы задайце гэтае пытаньне Януковічу. На жаль, вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны. Напрошвацца я ні да каго не зьбіраюся. І якімсьці быць, ведаеце, падпявалам я не зьбіраюся ні ў аднаго прэзыдэнта, ні ў другога.

Што дачычна такіх казлоў, як Барозу, ды іншых… Ну, хто такі Барозу? Ну быў якісьці Барозу ў Партугаліі, потым выгналі яго. Уладкавалі там у Эўракамісію ці яшчэ дзесьці. Таму я на гэта менш гляджу, што штосьці дзесьці вякнуў эўрапейскі чыноўнік».

Лукашэнка заявіў, што дні наведваньня чарнобыльскіх рэгіёнаў для яго — «сьвятыя дні». І ён тут, каб не было разгубленасьці, каб разам з навукоўцамі вяртаць у сельгасабарот заражаныя радыяцыяй землі. Прыгадаў, што калі ён прыехаў у Нароўлю, будучы яшчэ, як сам выказаўся, «пацаном-прэзыдэнтам», у райцэнтры жыло 4 тысячы чалавек, а цяпер — 8200.

Наведваючы завод гідраапаратуры, даччынае прадпрыемства Менскага трактарнага заводу, Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся зборачныя вытворчасьці засноўваць у такіх райцэнтрах, як Нароўля.

Ён згадваў, што на рэабілітацыю чарнобыльскіх раёнаў за гады пасьля катастрофы выдаткавана амаль 20 мільярдаў рублёў. Куды й як ідуць грошы, асабліва бачна было перад прыездам кіраўніка дзяржавы ў Нароўлю
Той ядловец, які пасадзілі раней, выкапалі й закапалі ў кар’ер ля ракі, а замест яго пасадзілі прыгажэйшыя туі. І кветкі ўжо цьвітуць на клумбах.

Апавядае нараўлянскі ліквідатар спадар Іван: «За апошнія два тыдні, перад тым як да нас прыехаў старшыня ўсіх калгасаў, які стаў цяпер на пару дзён галоўным чарнобыльцам, да яго прыезду каля 5 мільярдаў беларускіх рублёў выдаткавалі. Такую лічбу называлі на плянёрках. Дык што, рэканструююць набярэжную. Той ядловец, які пасадзілі раней, выкапалі й закапалі ў кар’ер ля ракі, а замест яго пасадзілі прыгажэйшыя туі. І кветкі ўжо цьвітуць на клумбах».

Ліквідатар кажа, што на галоўнай вуліцы зноў паклалі сьвежы асфальт, а ля жалобнага чарнобыльскага помніка памянялі плітку:

«Той помнік, які развальваўся, ля яго нашы нараўлянцы паклалі каля тыдня таму белую плітку. Потым камусьці не спадабалася, ужо сталі ўкладваць іншую, чорную такую. А гэта ж усё грошы. Дык што, іншага прымяненьня грошам няма?», — зьдзіўляецца нараўлянскі ліквідатар.

Спадар Іван апавёў, што яму, каб падлячыцца ў мясцовым шпіталі, трэба часьцяком самому купляць і лекі, і нават кропельніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG