Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менску ня ўдасца за тыдзень атрымаць крэдыт у Расеі


Чарга ў абменьнік

Чарга ў абменьнік

Масква і Менск на працягу 2-3 тыдняў ўзгодняць умовы расейскага крэдыту на мільярд даляраў, які дапаможа стабілізаваць беларускую эканоміку. Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на дырэктара дэпартамэнту міжнародных фінансавых адносін Мінфіна РФ Андрэя Бокарава. Раней 26 красавіка ўлады Беларусі паведамілі, што спадзяюцца дамовіцца з Расеяй пра ўмовы крэдыту за тыдзень.

Беларусь з сакавіка 2011 году вядзе перамовы з Расеяй пра крэдыт на мільярд даляраў і разьлічвае атрымаць яшчэ каля 2 мільярдаў ад кантраляванага Расеяй антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Масква заяўляла, што ў абмен на крэдыт запатрабуе ад Менску правесьці структурныя рэформы і адмены абмежаваньняў на валютным рынку.

Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец 26 красавіка заявіў, што Расея і Беларусь ужо ўзгаднілі пералік мер па стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі ў краіне. Аднак ён не прывёў дэталяў таго, на якія ўмовы Масквы Менск гатовы пайсьці дзеля крэдыту.

25 красавіка першы намесьнік старшыні Цэнтрабанку РФ Аляксей Улюкаеў сказаў, што рашэньня аб крэдыце пакуль няма, і Расея чакае ад беларускіх уладаў большай гнуткасьці ў курсавой палітыцы. Ён таксама ўдакладніў, што курс пры продажу валюты насельніцтву таксама павінен быць свабодным.

Валютны крызіс у Беларусі, які разьвіваецца з пачатку гэтага году, паўстаў з-за таго, што насельніцтва краіны пачало скупляць даляры і эўра, асцерагаючыся дэвальвацыі мясцовай валюты. Каб пагасіць попыт на валюту, уладам Беларусі прыйшлося выдаткаваць істотную частку рэзэрваў краіны, а таксама прыняць шэраг мер па абмежаваньні апэрацыяў на валютным рынку.

Нявызначанасьць з курсам рубля, якую справакавалі дзеяньні Нацбанку Беларусі, адбілася на росьце цэн на імпарт, а таксама прывяла да зьяўленьня ў Беларусі множнасьці валютных курсаў і чэргаў у абменных пунктах.
XS
SM
MD
LG