Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Лукашэнку не падабаюцца правы чалавека – няхай выйдзе з ААН”


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў адносна сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Да прыкладу, у інтэрвію агенцтву Ройтэрс ён сказаў, што у адрозьненьне ад эўрапейскіх краінаў не выкарыстоўваў сьлезацечны газ і вадамёты для разгону дэманстрантаў. А падчас паездкі ў Салігорск выказаў меркаваньне, што аснова праграмы "Ўсходняе партнэрства” — прагматычнае супрацоўніцтва. Маўляў, «пры чым тут правы чалавека да нафты і газу»? Якія мэты мае такая рыторыка кіраўніка Беларусі? Алесь Дашчынскі гутарыць з праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Бяляцкі: “Спадар Лукашэнка хоча чытаць у праграме "Ўсходняга партнэрства” тое, што хоча там бачыць. Але рамкі, якія зададзены перад яшчэ пачаткам гэтай праграмы, зь якой пагадзіліся ўсе 6 краінаў, уключаюць у сябе ня толькі паляпшэньне эканамічнага супрацоўніцтва, але паляпшэньне сытуацыі з дэмакратыяй, правамі чалавека канкрэтна ў кожнай з гэтых шасьці краінаў.

Сытуацыя ў гэтых краінах даволі няроўная. Мы бачым: іх страсаюць пэрманэнтныя крызісы. І апошнія выбары ў Малдове, якія скончыліся дэманстрацыяй і арыштамі. Дэманстрацыі ў Грузіі, і супраць дэманстрантаў ужываецца сіла. І гадавой даўнасьці вялікая дэманстрацыя ў Армэніі, якая была гвалтам разагнаная. І ў нас праблемы, якія пэрманэнтна працягваюцца – я маю на ўвазе, разгоны пікетаў і рэзкае абмежаваньне мірных дэманстрацый, якое нічым не абгрунтавана.

Сытуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах неадназначная. І таму праграма “Ўсходняе партнэрства” мае адну з мэтаў – паляпшэньне гэтай сытуацыі. Калі спадару Лукашэнку не падабаюцца правы чалавека ў тым выглядзе, у якім яны прапісаны ў міжнародных дакумэнтах – няхай ён тады выйдзе з ААН, а не ўваходзіць ва “Ўсходняе партнэрства”.

Наша задача дамагчыся, каб гэтая праграма не ператварылася ў чыста тэхнічны праект. Таму такая пазыцыя Эўразьвязу, якая прапануе супрацоўніцтва і адначасова не пагаджаецца на чыста тэхнічнае супрацоўніцтва, а бачыць гэта ў комплексе, падаецца мне вельмі важнай для ўсёй Беларусі, для беларускіх грамадзянаў”.

Дашчынскі: А як выглядае сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі на фоне астатніх краінаў, якія далучыліся да праграмы “Ўсходняе партнэрства”?

Бяляцкі:
“Дзесьці ў вельмі невялікіх выпадах лепш. І гэта датычыцца разьвіцьця інфраструктуры і нейкага агульнага сацыяльнага забесьпячэньня, эканамічнага разьвіцьця, напрыклад, параўнальна з Малдовай, Грузіяй ці Армэніяй.
Лукашэнка непасрэдна адказны за грамадзкую, палітычную дыскрымінацыю беларускіх грамадзянаў

Але ў той жа час, з пункту гледжаньня дэмакратычных інстытутаў, Беларусь знаходзіцца ў самым хвасьце. Ну хаця б тое, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы – гаворыць само за сябе. Нават Азэрбайджан зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. І сыходзячы з тых рэкамэндацый і добраахвотных абавязкаў, дарэчы, за апошнія пяць гадоў вельмі прагрэсуе ў пляне разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў. Можна казаць пра значны ўдзел грамадзкіх арганізацый у кантролі над выканаўчымі ўладамі. Колькасьць палітычных вязьняў у Азэрбайджане – а лік ішоў там на сотні – зараз вельмі хутка зьмяншаецца. І гэтага якраз дабіваюцца прадстаўнікі няўрадавых праваабарончых арганізацый.

Што тычыцца Армэніі, Грузіі, Украіны, Малдовы, то ўзровень дэмакратыі, узровень падзелу ўлады там на галаву вышэйшы. Я быў ва ўсіх гэтых краінах цягам апошніх гадоў. Пару месяцаў таму, калі там быў Лукашэнка, я быў у Армэніі. Рэальна бачна, наколькі там палітычная культура і культура грамадзтва вышэйшая за тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта ж тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі, палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Калі казаць пра агульны фон, то Беларусь, насамрэч, пляцецца тут ў хвасьце”.

Дашчынскі: Дыялёг Эўразьвязу з афіцыйным Менскам у сфэры правоў чалавека – а на першым этапе зь міністэрствам замежных спраў Беларусі – не прадугледжвае ўдзелу грамадзянскай супольнасьці. Можна прадбачыць, як будзе ісьці гэты дыялёг, калі Лукашэнка цяпер заяўляе: "Хто сёньня ў Беларусі супраць правоў чалавека?"

Бяляцкі: “Ён непасрэдна адказны за грамадзкую, палітычную дыскрымінацыю беларускіх грамадзянаў. Крывадушнічаць няь трэба. Я параіў бы яму быць больш шчырым і з сабой, і з беларускімі грамадзянамі.

Праграма “Ўсходняе партнэрства” дае вельмі вялікія магчымасьці, але імі трэба яшчэ ўмець скарыстацца. Усходняе партнэрства” чым для нас і цікавае, што прадугледжвае актыўны ўдзел прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый. І я спадзяюся, што гэта дасьць магчымасьць урэшце рэшт, можа, пры ўдзеле Эўразьвязу, сесьці за адзін стол з прадстаўнікамі беларускага ўраду. І назваць тыя праблемы адкрыта, вочы ў вочы, якія сёньня ёсьць у пытаньнях разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, дэмакратыі і правоў чалавека”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG