Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На мэдалі ўдзельніка вайны можна паставіць крыж”


Хвіліна маўчаньня

Хвіліна маўчаньня

У Гомелі прадстаўнікі Аб’яднаных дэмсілаў усклалі вянкі й жывыя кветкі да брацкай магілы савецкіх салдатаў і падпольшчыкаў на плошчы Працы.



Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Сёньня ўлады чамусьці не заплянавалі нейкія мерапрыемствы на гэтай плошчы, ля вечнага агню. Таму сёньня мы ў больш спакойнай абстаноўцы ўсклалі вянкі, усклалі кветкі. Нам ніхто не перашкаджаў. Не было, як звычайна, так званых апэратараў у цывільным, шматлікіх міліцыянтаў. Усё прайшло ўрачыста”.

Ускладаньне вянкоў

У кожнага, хто браў удзел у імпрэзе, былі свае матывы ў Дзень перамогі ўшанаваць памяць загіблых на вайне. Спадар Палякоў згадвае, што ягоны дзед у 1944-м годзе загінуў на тэрыторыі Польшчы.

Сябра ПКБ, палкоўнік у адстаўцы Пётар Цімафееў сам спрычыніўся да баявых дзеяньняў:

“Я – жыхар блякаднага Ленінграду і ўдзельнік яго абароны. За абарону Ленінграда мяне і ўзнагародзілі”.

Сябры ПКБ, палкоўнікі Пётар Цімафееў (злева) і Павал Грышын

Уладзімер Мышак
Яшчэ адзін сябар ПКБ Уладзімер Мышак – былы малалетні вязень лягеру сьмерці “Азарычы”. У свой час спадар Мышак быў узнагароджаны мэдалём як удзельнік Айчыннай вайны. Цяперашняя ўлада малалетніх вязьняў канцэнтрацыйных лягераў сьмерці ня прызнае пацярпелымі:

“Цяпер Лукашэнка ўсё адмяніў – адмяніў нам усе ільготы. На мэдалю ўдзельніка вайны можна ўжо паставіць крыж. Крыўдна, што вязьням канцлягераў, так бы мовіць, плююць у душу. Гэта ня столькі матэрыяльны ўрон, колькі маральны. Вязьні шмат нацярпеліся гора, няшчасьцяў. У мяне ў лягеры загінулі дзядуля, бабуля, дзьве сястры й брацік”.

Леанід Пліска, актывіст АГП – родам зь Меншчыны. Ён адзін з тых, хто адносіцца да афіцыйна ня вызначанай кагорты “дзеці вайны”:

“Вайну я памятаю добра – нават патрапіў у калёну габрэяў, якіх вялі на расстрэл. Добра, што цётка ўбачыла знаёмага паліцая. Той немцу паказаў знакамі – і нас выштурхнулі з калёны. Мы таксама нацярпеліся страху, голаду й холаду. Жылі ў зямлянках, калі ўсё наўкола пагарэла. Каб не памерці з голаду, зьбіралі гнілую бульбу на полі, крапіву, лебяду. Уладам трэба было вызначыць неяк дзяцей вайны, устанавіць некаторыя льготы – напрыклад, на праезд, на лекі”.

Літаральна напярэдадні Дня перамогі стала вядома, што гарадзкія ўлады закрываюць на рэканструкцыю мэмарыял на плошчы Працы. Будуць заменены абліцовачныя гранітныя пліты, якія сталі разбурацца.

На Вечны агонь усталююць газавы лічыльнік, каб кантраляваць расход “блакітнага паліва”.

Што да афіцыйных мерапрыемстваў, якія сёньня ладзіліся ў Гомелі з нагоды сьвята Дня перамогі на плошчы Леніна, то гараджанаў пускалі туды толькі пасьля дагляду міліцыяй сумак. Не дазвалялі несьці з сабой нават плястыкавыя бутэлькі зь пітной вадою.

Уваход з сумкамі на плошчу Леніна забаронены

З мінералкай і кока-колай – таксама

Аўтамашынам – стоп
XS
SM
MD
LG