Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 траўня ў Менску адбылося афіцыйнае шэсьце ад з нагоды Дня Перамогі.


Шэсьце было арганізавана ў савецкіх традыцыях. Калёна дзялілася па адміністрацыйных раёнах Менску і была аздобленая афіцыйнай сымболікай, з абазначэньнямі прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і навучальных установаў, а таксама праўладных арганізацыяў. Некаторыя былі апранутыя ў нацыянальныя строі. Удзельнікаў шэсьця, якія далучаліся да калёны, тамсама на праспэкце абшуквалі мэталашукальнікамі, прымушалі адчыніць сумкі. На ўваходах на плошчу Незалежнасьці, а таксама на плошчу Перамогі былі ўсталяваныя мэталічныя рамы. Празь іх прапускалі ўсіх, хто хацеў трапіць на мерапрыемства. Аднак у грамадзянаў адбіралі бутэлькі з напоямі, а таксама пакеты з сокам. Ачоліў шэсьце кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які прыбыў на мерапрыемства разам з сынамі Віктарам і Дзьмітрыем. У сваім выступе ён адзначыў, што Беларусь ператварылася ў “сучасную эўрапейскую дзяржаву”:

“Сёньня ў нас усюды ёсьць верныя сябры – і ў Эўропе, і ў Лацінскай Амэрыцы, у Азіі і на Блізкім Усходзе. Бо Беларусь праводзіць шматвэктарную, мірную зьнешнюю палітыку”.

Пры гэтым А.Лукашэнка адзначыў асаблівасьць стасункаў з Расеяй, сумесна зь якой “надзейна ўмацоўваецца абароназдольнасьць саюзных краін”. Гаворачы пра краіны, якія зрабілі ўклад у перамогу, ён адзначыў таксама ролю ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Польшчы і Кітаю.

Удзельніца шэсьця, былая партызанка Галіна Апанасевіч з Лагойскага раёну штогод ускладае кветкі да мэмарыяльнай дошкі Пятру Машэраву:

“Сёньня на праспэкце Машэрава павінны ружы стаяць гэтаму чалавеку, гэтаму сьвяцілу Беларусі. Колькі Машэраў зрабіў для Беларусі і каб такія жабрацкія кветкі стаялі, якія я паставіла. Я ніяк не магу зьмірыцца з гэтым. Машэраў – самы сьветлы чалавек. Самы праўдзівы. Гэта сумленны беларус. Гэта самы добры чалавек. Ён паважаны усімі сумленнымі беларусамі. І яго ў Эўропе таксама паважалі”.

Адзін зь лідэраў аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька разам зь некалькімі моладзевымі актывістамі прыйшоў да плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі да абэліску. Аднак шэсьць прадстаўнікоў спэцслужбаў у цывільным заступілі яму дарогу і не пусьцілі на плошчу. Хаця іншым грамадзянам гэта не забаранялася.

Анатоль Лябедзька
“У нас даўно ўжо грамадзтва падзелена на касты. У нас, здаецца, ёсьць канстытуцыя, і яе яшчэ ніхто не адмяняў. Аляксандар Рыгоравіч любіць часта згадваць гэты дакумэнт. Што ў нас “самая дэмакратычная краіна” – пэрл такі. Але я не ўяўляю сытуацыі, каб на Дзень Перамогі ў Брусэлі ці Варшаве чалавек ня мог некуды прайсьці, каб ускласьці кветкі. У мяне загінуў дзед і два дзядзькі сталі ахвярамі той вайны. І вось стаяць маладыя, выкармленыя людзі і кажуць: “Вы ня пройдзеце, вам забаронена зьяўляцца на грамадзкіх мерапрыемствах. Хто гэта вырашыў?!”

Пасьля гэтага спадар Лябедзька накіраваўся ўскласьці кветкі на Вайсковыя могілкі, да якіх яго суправаджалі супрацоўнікі міліцыі. Адносна мераў бясьпекі, якія былі прынятыя сёньня, палітык адзначыў, што А.Лукашэнка “самая ахоўваная пэрсона сярод усіх эўрапейскіх прэзыдэнтаў”.





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG