Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма “Ўсходняе партнэрства” Эўразьвязу застаецца ў цэнтры ўвагі палітыкаў Беларусі і іншых краін рэгіёну. Чым гэтая праграма карысная для Беларусі, ці мае яна антырасейскую скіраванасьць? На гэтыя і іншыя пытаньні адказвалі палітыкі зь Беларусі і суседніх краін.


“Усходняе партнэрства” адкрывае новы фронт канкурэнцыі паміж Расеяй і Эўразьвязам, перакананы расейскі палітык Канстанцін Затулін. Ён ня верыць эўрапейцам, якія кажуць, што ў праграме няма антырасейскай накіраванасьці. Свае аргумэнты ён базуе на досьведзе пашырэньня НАТО без уліку інтарэсаў Расеі.

Канстанцін Затулін
“Безумоўна, Эўразьвяз зьнешне мае высакародныя мэты ў сваёй праграме “Ўсходняга партнэрства”. Ён хоча знайсьці ўзаемаразуменьне з гэтымі дзяржавамі. Але быў і непрыемны сымптом — Беларусь некалькі разоў папярэджвалі, што ёй не пабачыць ніякага “Ўсходняга партнэрства”, калі яна прызнае Паўднёвую Асэтыю з Абхазіяй. Што гэта, калі не палітычны ціск на краіну для таго, каб яна не выступала з салідарных з Расеяй пазыцый?”

Тое, што да “Ўсходняга партнэрства” далучылася Беларусь, якая лічылася першым саюзьнікам Расеі, спадар Затулін ацаніў пэсымістычна:

“Беларусь цяпер знаходзіцца ў стане роздуму пра лёс Саюзнай дзяржавы. Сапраўды, яна бліжэйшая нам, чым хто-колечы з постсавецкіх дзяржаў. Яна ўвайшла ў цесныя адносіны з Расеяй. Але апошнім часам кіраўніцтва Беларусі, А. Лукашэнка, якога трэціравалі ў Эўропе як апошняга дыктатара, відавочна робіць паварот, спрабуе адгуляць палітыку арэляў між Усходам і Захадам, разьлічвае, што гэта прынясе Беларусі больш выгады.

Папярэдні такі досьвед быў у Леаніда Кучмы, які таксама гойдаў арэлі паміж Усходам і Захадам. Скончыў ён досыць прыкра, калі не для сябе самога, то для сваіх аднадумцаў, якія былі не дапушчаныя да ўлады ў выніку “аранжавай рэвалюцыі”.

Разам з тым спадар Затулін прызнаў, што ў пытаньні пра “Ўсходняе партнэрства” Расея ня мае права вэта і не зьбіраецца закрываць дарогу для супрацоўніцтва з Масквою шасьці постсавецкім краінам, якія далучаюцца да гэтай праграмы Эўразьвязу.

Польскі палітык, старшыня камісіі замежных спраў Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі пярэчыць заявам спадара Затуліна, нібыта праграма “Ўсходняга партнэрства” скіраваная супраць Масквы:

Яцэк Сарыюш-Вольскі
“Наадварот, Эўрапейскі Зьвяз зацікаўлены на сваіх усходніх межах мець кола сяброў, якія ў пэрспэктыве рабіліся б усё больш дэмакратычнымі, рыначнымі і заможнымі, усё больш паважалі б правы чалавека”.

Яцэк Сарыюш-Вольскі кажа, што Эўразьвяз шчыра зацікаўлены, каб краіны-партнэры пераймалі эўрапейскія стандарты ў грамадзкім і гаспадарчым жыцьці. Што да Беларусі, то гэта будзе нялёгка, мяркуе спадар Сарыюш-Вольскі.

“Гэта будзе вельмі цяжка і вельмі доўга. Таго, што ёсьць сёньня ў Беларусі, недастаткова, гэта не задавальняе Эўразьвяз. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся, — гэта вызваленьне палітвязьняў, вольны распаўсюд дзьвюх незалежных газэт, лепшае стаўленьне да СМІ і апазыцыі. Мы чакаем, што далей будзе зьменены закон аб СМІ, выбарчае і крымінальнае заканадаўства, што будуць выконвацца 12 пунктаў пажаданьняў Эўразьвязу, ухваленых у рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту. І я маю надзею, што гэтае “Ўсходняе партнэрства” дапаможа паступова іх рэалізаваць”.

Такія ж спадзяваньні мае і беларускі апазыцыйны палітык М.Грыб:

Мечаслаў Грыб
“Я б хацеў, каб гэта спрыяла прыходу ў Беларусь эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Але сёньня на гэта разьлічваць немагчыма, бо ўлада аж шалее, як чуе пра гэта. Пакуль жа ёсьць магчымасьць ісьці на эканамічнае супрацоўніцтва — трэба ісьці. А далей і іншае будзе”.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб вітае крокі дзейных беларускіх уладаў у кірунку эўрапейскай інтэграцыі і адмовы ад аднавэктарнай прарасейскай палітыкі.

Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян кажа, што ўдзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” не азначае, што яна адварочваецца да Расеі. Насьпеў час і зьявілася магчымасьць нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Захадам, мяркуе ён:

Сяргей Касьцян
“Я не лічу, што мы там нешта выйграем. Але выйгрыш будзе для ўсіх толькі ў тым, што будзе існаваць мір на захадзе, што тут можна будзе працаваць і жыць ціха, мірна, спакойна, бяз выбухаў, мітынгаў і ўсялякай барацьбы”.

Тым часам ва Ўкраіне ня ўсе цалкам задаволеныя далучэньнем сваёй дзяржавы да “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу, бо чакаюць ад Брусэля большага — прапановы далучыцца да самога альянсу.

Пра сваё расчараваньне кажа былы міністар замежных спраў Украіны Генадзь Удавэнка:

Генадзь Удавэнка
“Мне прыкра, што Эўразьвяз зьвёў Украіну на нішто, да ўзроўню звычайных суседзяў. Нас фактычна паставілі на адзін узровень зь Беларусьсю. У гэтых словах у мяне няма ніякай антыбеларускай скіраванасьці... Але Беларусь ніколі не абвяшчала курсу на эўраатлянтычную інтэграцыю, нават на эўраінтэграцыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG