Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ёсьць гарады ў Беларусі?


Фрагмэнт вокладкі кнігі «Гульня ў гарады»

Фрагмэнт вокладкі кнігі «Гульня ў гарады»

Сёньня ў Магілёве адбылася прэзэнтацыя кнігі “Гульня ў гарады”. Кніжка пабачыла сьвет намаганьнямі Цэнтру сацыяльных інавацыяў і Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў.

Яна, паводле аўтараў, плён іх вандровак па малых гарадах Беларусі. У ёй яны спрабуюць адказаць на пытаньне — ці ёсьць гарады ў Беларусі.

Распавесьці магілёўцам пра кнігу прыехалі філёзаф Уладзімер Мацкевіч, кандыдатка сацыялягічных навук Аксана Шэлест, магістар палітычных навук Андрэй Ягораў ды сябра Цэнтру сацыяльных інавацыяў і Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў Зьміцер Галіноўскі.

Пачуць ад гасьцей адказ на галоўнае пытаньне кнігі ў грамадзкі цэнтар “Кола” прыйшлі больш за тры дзясяткі, пераважна маладых, людзей. Сваю цікаўнасьць яны тлумачаць па рознаму.

Юначка: “Паглядзець, ці ёсьць насамрэч гарады ў Беларусі, якія яны, як яны разьвіваюцца й разьвіваюцца ці наагул”

Юнак: “Я разглядаю гэтую кнігу як спробу зразумець праблемы, якія ёсьць у гарадах і калі нешта зьменіцца, калі пачнуцца рэформы мы будзем ведаць дзе, у якім горадзе што рабіць”.

Спадарыня: “Мне ўяўляецца, што гэтая кніжка — сур’ёзнае дасьледаваньне й штуршком, каб задумацца, што мы ёсьць наагул і калі мы пачнём жыць”.

Кніга і пытаньні, якія ў ёй уздымаюцца, у нечым правакацыйныя, заяўляе Аксана Шэлест:

“Мы прапануем свой погляд наконт таго, ці так мы бачым Беларусь як яна ёсьць. І адказу — магчыма, ня зараз на гэтай прэзэнтацыі, а адказу ў сэнсе задуменьня”.

Я пацікавіўся: Ці знайшлі аўтары адказ на сваё пытаньне -ці ёсьць у Беларусі гарады?

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч: “На сёньняшні дзень, нейкія вонкавыя прыкметы гарадзкога жыцьця канечне ж ёсьць, а вось сутнасьці, стрыжня гарадзкога, амаль ў ніводнага гораду няма. У Беларусі ёсьць патэнцыйныя гарады й Менск канечне ж належыць да іх. Горадня таксама паказала за гады незалежнасьці, што яна пры пэўных умовах можа стаць горадам. І нават больш меншыя гарады, напрыклад агламэрацыя Полацка-Наваполацку”.

Паводле спадара Мацкевіча, беларускія гарады пачалі губляць сваю сутнасьць па акупацыі Беларусі Расеяй і скасаваньня прынцыпаў эўрапейскага самакіраваньня. Спадар Мацкевіч цьвердзіць, што сёньняшняя палітыка скіраваная на сьціраньне гарадоў, на тое, каб гарадзкое жыцьцё не паўставала:

“Горад — гэта прастора свабоды. Горад — гэта прастора, якая вырабляе свабоду. Свабоды для аўтарытарных рэжымаў — небясьпека. Хацелася б напэўна лідэрам, ідэолягам таталітарных, аўтарытарных рэжымаў, каб гарады страцілі сваю місію, перасталі быць прастораю свабоды.

Кніга “Гульня ў гарады” напісаная на расейскай мове. Тлумачыць Уладзімер Мацкевіч:

“Мы зьяўляемся пасьлядоўнымі прыхільнікамі беларусізацыі, але ў нас свой аргумэнтаваны погляд на тое як павінна адбывацца беларусізацыя. Каб аднавіць мову спачатку трэба папрацаваць са сьвядомасьцю, а зьвяртацца да сьвядомасьці трэба на той мове, якая найбольш распаўсюджаная”.

Магілёўская прэзэнтацыя кнігі “Гульня ў гарады” — першая ў Беларусі. Аўтары плянуюць арганізаваць навуковае яе абмеркаваньне ў Менску. Плянуюць аўтары таксама арганізаваць некалькі прэзэнтацыю і ў мястэчках, якія згадваюцца ў кніжцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG