Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З маленства памятаю -- пасьля дзіцячых сутычак бабуля вучыла: а ты, перш чым даць камусьці, апрабуй гэта на сабе. Перш, чым прычыніць крыўду іншаму, прычыні яе сабе, каб ведаць меру свайго ўчынку.

Пэдагагічны эфэкт дасягаецца ня столькі тым, што пасьля апрабацыі на сабе ты, як правіла, ужо ня хочаш ужываць гэта да іншага, колькі тым, што ты вучысься трактаваць іншага як сябе самога.

З часам такая навука прыдаецца і ў міжэтнічных дачыненьнях.

“Вялікая Кніга ВКЛ”

Надоечы ў Менску ў Акадэміі мастацтваў прэзэнтавалі “Вялікую Кнігу ВКЛ”. Гаворка на сустрэчы йшла пра тое, што супольнае жыцьцё розных народаў у ВКЛ – гэта ўнікальны прыклад для Эўразьвязу, дзе сёньня зьнішчаныя межы і пачынаецца ўсеагульнае ўзаемапранікненьне народаў.

Не бяруся меркаваць, наколькі прыклад талеранцыі ВКЛ унівэрсальны для кожнай іншай геапалітычнай сытуацыі. Адно кідаецца ў вочы, што мы апэруем гэтым прыкладам, быццам не заўважаючы, што ён – гістарычны, што ён ніяк не праяўляецца й не культывуецца ў сучаснасьці там, дзе мы знаходзім яго ў мінуўшчыне. Мы ўхваляем і прапануем іншым тую формулу суіснаваньня, на месцы якога сёньня ўзвышаюцца межы адчужэньня. Таму Эўразьвяз, выслухаўшы нашы хваласьпевы самім сабе, можа з поўным правам спытаць: Ну і дзе ваша слаўнае ВКЛ? Толькі ў кнізе?

Гэты прыклад суіснаваньня дзейнічаў ад пачаткаў вядомай нам гісторыі да мінулага стагодзьдзя, калі беларусы й літоўцы стварылі свае асобныя дзяржавы. З тых часоў кожны стаў фармаваць свае гістарычныя ўяўленьні ў межах сваёй нацыі й краіны. Адама Міцкевіча перацягвалі як канат ці як коўдру – кожны на сябе. Пісаў па-польску, але пра Беларусь, але радзімай называў Літву. Пра Уладзіслава Сыракомлю й наогул стварылі энцыкляпэдычную дэфініцыю, падобную на паравозік: беларуска-польска-літоўскі паэт. Але ні Міцкевіч, ні Сыракомля не пачуваліся такімі вось этнічна камбінаванымі, а наадварот, адбыліся як асобы цэльныя й велічныя, бо былі плоць ад плоці з аднаго матэрыялу, з таго самага, што й ВКЛ.

Аднак, часы мяняюцца, мяняюцца й гістарычныя ўяўленьні. Палякі ўжо не змагаюцца так заўзята за Сыракомлю – яго нават выключылі са школьнай праграмы. Новыя пакаленьні насельнікаў ВКЛ не выяўляюць цікавасьці да перацягваньня канатаў і коўдраў. Дзяржаўная палітыка яшчэ точыцца ў рэчышчы адчужэньня. Але вось зьяўляецца прэцэдэнт – “Вялікая Кніга ВКЛ”, у якой пра Княства пішуць тое, што думаюць, і беларусы, і літоўцы, і палякі.

Дэмаршы гісторыкаў

Ініцыятыва сабраць усіх пад адну вокладку належыць інтэлектуалам зь беларуска-літоўскага краю Чэславу Мілашу, Томасу Венцлаву і Анджэю Струмілу. У выніку атрымалася сапраўды вялікая кніга – кіляграмаў на пяць вагі, два дзясяткі аўтараў падаюцца на чатырох мовах, цэлае мора ілюстрацыяў... Выдаць такое ня проста. Але шматкроць больш важкай уяўляецца ідэя сабраць усіх разам.

На прэзэнтацыі ў Акадэміі гаварылі пра тое, што найбольш неахвотна заўсёды ішлі на такія кантакты літоўскія гуманітарыі. Адам Мальдзіс распавёў пра дэмаршы аднаго літоўскага прафэсара, які, толькі пачуўшы як нехта зь беларусаў ставіць пад сумнеў штосьці з кананічнай літоўскай гісторыі, зараз жа выходзіў з залі.

Іх, між іншым, можна зразумець. Столькі сілаў пакладзена спадкаемцамі супольнае назвы агульнай дзяржавы на тое, каб умацаваць свае пазыцыі. Умацавалі. У энцыкляпэдыі Брытаніка Вітаўт па-ангельску прадстаўлены як Вітаўтас. Сталіца ВКЛ Вільня вядомая на ўвесь сьвет пад назваю Вільнюс, што была сканструяваная толькі ў 1918 годзе. Назва “літоўцы” трывала асацыюецца толькі з нашчадкамі балцкіх плямёнаў Княства. І тут прачынаюцца беларусы, задача якіх – адваёўваць свае пазыцыі. У гэтым сэнсе ідэя ВКЛ тоіць у сабе ня толькі велізарныя магчымасьці, але й вялікія небясьпекі.

Цяжка сказаць, ці робіцца сьвет вакол нас дабрэйшым. Іншы раз думаеш – калі так, дык чаму яго паразуменьне прыпала менавіта на твой век, а не адбылося хоць бы на пару пакаленьняў раней ці пазьней. І што менавіта пры табе людзі так паразумнелі, што болей ня будзе ані войнаў, ані прэтэнзій, нават перацягваньне коўдры ранейшым пакаленьнем гуманітарыяў цяпер быццам страціла сэнс. Няма адказу на гэтыя пытаньні. Але маем, што маем. І думаем пра тое, што сёньняшняе дасягненьне – гэтая “Вялікая Кніга ВКЛ” – толькі прэцэдэнт, толькі пачатак узаемадзеяньня пасьля столькіх гадоў адчужэньня.

У кожным літоўцы сядзіць беларус


Калі я скажу, што ў кожным беларусе сядзіць літовец, а ў кожным літоўцы беларус, мне, хутчэй за ўсё, не павераць. Хоць, думаю, любы дасьведчаны ў тэме чалавек пагодзіцца, што гэтая тэарэма даказвальная. І я паспрабаваў яе даказаць.

Задача выглядала так – трэба літоўскім школьнікам распавесьці пра беларусаў. Скажу адразу, што ім гэта ні на кроплю ня больш цікава, чым беларусам слухаць пра літоўцаў. За сто гадоў нас разьвялі так далёка, што слухаць пра літоўцаў – гэта амаль тое самае, што пра ліванцаў... І гэта пры тым, заўважце, што два народы тысячу гадоў жылі й жывуць у рэальным чалавечым узаемапранікненьні. Вось дзе скрыўленьне сьвядомасьці і -- як можна ідэалёгіяй зьмяняць рэальнасьць, якой мы яе ўспрымаем.

Ёсьць меркаваньне, што кожнаму цікавей слухаць пра сябе, чым пра іншага. Тое самае тычыцца й народаў. Дык вось, кожны літоўскі школьнік ведае пра пісьменьніцу Лазьдзіну Пяледу, якая займае значнае месца ў літоўскай літаратуры. А кожны беларускі школьнік ведае пра Янку Купалу. Лазьдзіну Пяледа была жонкай беларускага адраджэнца Вацлава Ластоўскага і нарадзіла яму дачку, сапраўдным бацькам якой быў Янка Купала. У выніку сёньня ў Вільні жыве літоўскі спадар салідных гадоў, які зьяўляецца ўнукам беларускага песьняра. Ён даўно перастаў дакучаць нашым дасьледчыкам сваёй гісторыяй, бо ніколі не адчуваў жывое цікавасьці да сябе. З нашага боку даніна ідэалёгіі адчужэньня спляталася тут з натуральнай сарамлівасьцю зазіраць у інтымнае жыцьцё вялікага паэта. Але ж фактаў гэта ўсё не адмяняе.

Што да літоўскіх дасьледнікаў, дык трэба ім той Янка Купала -- як нашым тая Лазьдзіну Пяледа. Так і жывем.

Раскажы мне пра мяне

Кожны беларускі школьнік ведае пра паэтку Алаізу Пашкевіч (Цётку), а літоўцам вядомы яе муж палітык Сьцяпан Кайрыс. Жонкай рэдактара часопіса “Калосьсе” Янкі Шутовіча была знакамітая літоўская паэтка Она Міцютэ... Ужо толькі праз беларуска-літоўскія шлюбы можна даказаць маю тэарэму, дзе ня будзе ніякай адгалоўшчыны, а будзе, калі хочаце, чысты матэрыялізм. Прычым я бяру толькі імёны, якія ёсьць у энцыкляпэдыях. Можаце сабе ўявіць, колькі падобных прыкладаў сярод людзей паспалітых.

Мы распавядаем суседу пра сябе, распавядаючы яму пра яго. Тады яму можа быць цікава і пра нас. Скажам, Адам Мальдзіс, пішучы пра літоўскую літаратуру 19 ст., тлумачыць, што Сіманас Станявічус – гэта як наш Ян Чачот – абодва выдавалі кніжкі народных песень, а Антанас Баранаўскас – як Дунін-Марцінкевіч. Першы насьледаваў Міцкевічавага “Пана Тадэвуша”, а другі проста пераклаў яго на беларускую мову. І гэтак далей. Вось цікавы факт. Першым буйным творам літоўскай прозы лічыцца аповесьць жыхара Менску Яна Ходзькі “Пан Ян са Сьвіслачы”, перакладзеная з польскай на літоўскую мову. Гэта 1823 год. Што тут “чыё” нават і пытацца марна.

Ці магчыма суседу распавесьці пра сябе, выкарыстоўваючы ягоныя, суседавы рэаліі і ўяўленьні? Калі гэта сапраўднае суседзтва дый яшчэ на працягу стагоддзяў, тады – магчыма. Ня цяжка ўявіць такія расповеды расейцаў і палякаў, латышоў і ўкраінцаў пра свае краіны й народы для нас, беларусаў, выкананыя ня толькі на нашай мове, але й складзеныя з нашых, беларускіх фактаў і стэрэатыпаў. Іншая рэч, што такое пранікненьне ў суседа аказваецца найперш пранікненьнем у саміх сябе.

Здавалася б, ніхто такім чынам ня робіць. Але й ніякага новага слова тут няма. Шукаючы найбольш дакладнага слова для перадачы суседзтва як дзеяньня, я, да свайго зьдзіўленьня, адпаведны дзеяслоў знайшоў толькі ў слоўніку Івана Насовіча (1870). Аказваецца словы суседзіць, суседнічаць – гэта або русізмы, або штучныя творы. Сапраўднае беларускае слова, зафіксаванае Насовічам – суседзіцца – менавіта так, са зваротнай часьціцай – сьведчыць пра тое, што суседзтва сыходзіць ад цябе, гэта тваё дзеяньне, твой посьпех або параза, а ніякая не аб’ектыўная дадзенасьць ці нешта залежнае ад таго, хто твой сусед. Моўны прыклад на гэтае слова гучыць у Насовіча як прысуд: “Дарэмна тут суседзісься к нам, цябе тут ня пусьцюць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG