Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе просіць паспрыяць зьмене меры ўтрыманьня для Мікалая Аўтуховіча.

Аляксандар Мілінкевіч просіць Аляксандра Лукашэнку зьвярнуць увагу на лёс Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, паведамляе прэсавая служба руху “За свабоду”.

Усе трое былі затрыманыя ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 году. Ім прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці).

“На працягу трох месяцаў знаходжаньня пад вартай з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам фактычна не праводзяцца сьледчыя дзеяньні, дагэтуль не адбыліся вочныя стаўкі зь меркаванымі пацярпелымі і сьведкамі абвінавачваньня”, — піша Мілінкевіч Лукашэнку. — “Больш за тое, па злачынстве, у якім яны абвінавачваюцца, ужо было праведзенае сьледзтва, былі асуджаныя іншыя людзі, якія адбываюць пакараньне, шкода пацярпелым была кампэнсаваная.

Пратэстуючы супраць зацягваньня сьледзтва і несправядлівага характару свайго затрыманьня, Мікалай Аўтуховіч быў вымушаны пайсьці на адзіна даступную меру пратэсту ва ўмовах турмы — на галадоўку. Ён патрабуе неадкладнага пачатку адкрытага судовага разбіральніцтва або зьмяненьня меры ўтрыманьня для сябе, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі. Ён галадае ўжо 23-я суткі“.

Каб выратаваць жыцьцё Мікалаю Аўтуховічу і палепшыць імідж Беларусі, Мілінкевіч заклікае Лукашэнку “зьдзейсьніць акт добрай волі і паспрыяць неадкладнаму пачатку адкрытага судовага разьбіральніцтва па дадзенай справе, або зьмене меры стрыманьня для Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі”.

Іншыя апазыцыйныя палітыкі – Мікола Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька – учора абралі іншы спосаб барацьбы за справядлівасьць у дачыненьні да ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Яны ўзялі ўдзел у супольнай акцыі салідарнасьціз палітвязьнямі і памяці аб зьніклых.

Перад пачаткам акцыі саладірнасьці на “Кастрычніцкай” станцыі мэтро Анатоль Лябедзька быў затрыманы і пазьней зьбіты ў пастарунку.

Тым часам у сядзібе БНФ на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі ўжо пяты дзень працягваецца галадоўка маладафронтаўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG