Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Пазыцыі з Пазьняком бліжэйшыя, чым з многімі з АДС”


Аляксандар Мілінкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі

Аляксандар Мілінкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі

Сёньня ў Менску лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю па выніках візыту ў Чэхію ў групы беларускіх апазыцыйных палітыкаў.

У яе ўваходзілі таксама Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін. 7 траўня ў Празе адбыўся ўстаноўчы саміт праграмы “Ўсходняга партнэрства”.

Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў журналістам, чаму ён адмовіўся падпісаць супольную заяву “Аб “Усходнім партнэрстве”. Нагадаем, яе падтрымалі чацьвёра сяброў дэлегацыі — Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін.

“Гэтую заяву я гатовы быў падпісаць, бо там ёсьць слушныя моманты пра адраджэньне мовы і культуры, пра ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў праграмах „Усходняга партнэрства“. Пра парушэньні правоў чалавека да сёньняшняга дня на Беларусі. Але там быў пункт, зь якім я не пагадзіўся. Бо ня ведаю, чым ён абгрунтаваны. І хачу, каб мы вельмі дакладна яго сфармулявалі. Гэты пункт тычыцца таго, што Менск і Масква праводзяць перамовы аб тым, як папсаваць „Усходняе партнэрства“. Я лічу, што ў мяне няма падставаў, каб гэта казаць. Што Беларусь туды засланая такім „траянскім канём“ для таго, каб гэтае партнэрства не адбылося. І я прасіў гэты пункт зьняць, бо калі факты ёсьць, мы мусім пра гэта казаць. А калі няма, то намёк на тое, што гэта магчыма, — гэта не прадмет сур’ёзных заяваў сур’ёзных палітыкаў”.

Аляксандра Мілінкевіча, які прапанаваў выдаліць гэты пункт, не падтрымалі іншыя палітыкі. І ён адмовіўся падпісаць супольную заяву. Спадар Мілінкевіч ня бачыць у гэтым трагедыі і зьвяртае ўвагу, што сытуацыя істотна зьмянілася.

“Мова заяваў — гэта не зусім мова тэхналёгій. Мы павінны пазбавіцца палітычнага інфантылізму. Мы ўвесь час да кагосьці апэлюем, каб нам тут вырашылі пытаньні. Мы можам быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі працэсу. Прапануйце тэхналёгіі, прапануйце, што зрабіць. Працэс ідзе, і адаптацыя ўсіх адбываецца. Мы проста пашыраем свае магчымасьці”.

Аднак спадар Мілінкевіч адзначыў, што пазыцыі адносна сёньняшняй сытуацыі на Беларусі ў яго нашмат бліжэйшыя зь Зянонам Пазьняком, чым з многімі лідэрамі АДС. У чым гэтае супадзеньне?

“Ну, напрыклад, падчас сустрэчаў былі прапановы, зноў жа, ізаляваць Беларусь. Зноў жа, уводзіць частковыя санкцыі, візавыя і іншыя абмежаваньні. Зянон Пазьняк казаў, што нельга гэтага рабіць, ён супраць санкцый. Бо санкцыі толькі дазволяць прапагандзе гаварыць, што на Захадзе нас ніхто не чакае. І санкцыі паменшаць жаданьне беларусаў ісьці шляхам Эўропы. Напрыклад, такая пазыцыя, яна мне вельмі блізкая”.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін абверг спадара Мілінкевіча ў тым, што ў заяве нібыта ідзе гаворка пра нейкага “траянскага каня”.

“Калі Мілінкевіч не хацеў падпісаць, то ён проста не захацеў. Яму было многа прапаноў. Каб ён зьмяніў рэдакцыю і ўсё астатняе. Больш за тое, былі зьмены ў рэдакцыі. Было напісана ня так, як зараз у заяве. Калі ёсьць жаданьне ісьці на кампрамісы і дасягаць пагадненьня, то яно ёсьць. А калі няма, то няма. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб падпісаць заяву сумесна”.



Арганізатарам візыту беларускай дэлегацыі, у якую ўваходзілі Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, быў чэскі ўрад. Палітыкаў прынялі прэм’ер-міністар Мірэк Тапалянэк, міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг, таксама адбылася сустрэча ў парлямэнце Чэхіі. Пасьля саміту ў Празе ў ЭЗ толькі пачынаецца праца над “Усходнім партнэрствам”. Эўрапейцы чакаюць канкрэтных прапановаў, як Эўразьвяз мог бы працаваць больш эфэктыўна дзеля большай дынамікі пераўтварэньняў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG