Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Заходняй і Сярэдняй Эўропы ды ЗША сёньня адзначаюць перамогу над нямецкім фашызмам у ІІ сусьветнай вайне.

Святкаваньні Дня Перамогі ў Беларусі, падобна як у Расеі ды іншых постсавецкіх краінах (за выняткам былых прыбалтыйскіх рэспублік СССР) адбудзецца, паводле традыцыі, 9 траўня. Адкуль пайшлі гэтыя дзьве традыцыі?

Насамрэч, у траўні 1945 году былі падпісаныя два акты аб капітуляцыі Нямеччыны.

Першы акт аб капітуляцыі быў падпісаны ў францускім горадзе Рэймсе 7 траўня 1945 г. Дакумэнт уступіў у сілу пасьля адзінаццатай гадзіны вечара наступнага дня. Зь нямецкага боку дакумэнт падпісалі генэрал Альфрэд Ёдль і адмірал Карл Дэніц. За заходніх саюзьнікаў акт падпісаў амэрыканскі генэрал Уолтэр Бэдэл Сьміт, а за савецкі бок — генэрал Іван Суслапараў.

Суслапараў, які быў савецкім сувязным пры заходніх саюзьніках, ня меў ніякіх паўнамоцтваў з Масквы, каб гэты акт падпісваць, і на момант падпісаньня ня мог зьвязацца з Масквой, каб папрасіць інструкцыяў. Але Суслапараў на ўласную рызыку вырашыў паставіць свой подпіс пад актам, бо баяўся, што будзе горай, калі немцы здадуцца толькі заходнім саюзьнікам без савецкага ўдзелу.

Сталін быў незадаволены такім паваротам справы і вырашыў, што акт аб капітуляцыі гітлераўцаў, падпісаны ў Рэймсе, зьяўляецца толькі папярэднім, а сапраўдная цырымонія падпісаньня павінна адбыцца ў Бэрліне з удзелам савецкага маршала Георгія Жукава.

Новае падпісаньне адбылося 8 траўня 1945 году каля адзінаццатай гадзіны вечара. Акт увайшоў у сілу адразу пасьля таго, як зь нямецкага боку яго падпісаў маршал Вільгельм Кайтэль. У Маскве тады ўжо быў дзень 9 траўня 1945 г.

9 траўня разам з Савецкім Саюзам Дзень Перамогі адзначалі і яго сатэліты зь Сярэдняй Эўропы, якія пасьля распаду СССР перайшлі на заходнюю традыцыю сьвяткаваньня, на дзень раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG