Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багдонас: “Больш за ўсё мы зацікаўленыя ў стабільным рэгіёне”


Эдмінас Багдонас у Хатыні

Эдмінас Багдонас у Хатыні

8 траўня Эўропа адзначае Дзень перамогі над фашызмам. Менавіта ў гэты дзень усе супрацоўнікі амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі вось ужо дванаццаты год наведваюць Хатынь.

Супрацоўнікі літоўскай амбасады ўсклалі кветкі да хатынскага мэмарыялу.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас падкрэсьліў:

“Мы адзначаем заканчэньне Другой усясьветнай вайны 8 траўня, як і ўся Эўропа. Менавіта 8-га мы ўзгадваем ахвяры Другой усясьветнай, таму што 9 траўня ў Літве — гэтая дата азначае ня толькі перамогу, у гісторыі Літвы з гэтай датай зьвязана шмат трагічнага”.

Літва, як і Беларусь, вельмі моцна пацярпела ў апошнюю вайну. У Літве таксама ёсьць вёска з такім самым трагічным лёсам, як і ў Хатыні:

“Гэта вёска Пірчупяй. Прыкладна такая самая гісторыя трагедыі: партызаны напалі на фашыстаў, тыя адпомсьцілі і такім жа зьверскім спосабам, як і тут, зьнішчылі ўсю вёску — у адзін дом сагналі і спалілі. Там таксама ёсьць мэмарыял”.


Пасьля жалобнай цырымоніі ў Хатыні не абышлося без пытаньняў журналістаў пра праграму “Ўсходняга партнэрства”. Літва цёпла вітае і ўхваляе гэтую праграму, сказаў амбасадар Багдонас:

“Гэта і наша ініцыятыва, хоць яна і называецца польска-швэдзкаю. Мы лічым гэты шлях ня толькі правільным палітычна, але ён выгадны. Для Беларусі шлях супрацоўніцтва з Эўропай учора ў Празе і ўхвалены. Цяпер самае галоўнае — як гэта будзе...”


Што тычыцца канкрэтных кірункаў супрацоўніцтва, літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас выказаўся так:

“Мы больш за ўсё зацікаўленыя ў стабільным рэгіёне, у стабільнай сытуацыі ў энэргетычнай сыстэме. Ні вы ня можаце быць незалежнымі, ні мы — асобна ўзятыя краіны, ні Расея, ні тая ж самая Эўропа. Гэта ўсё ўзаемазьвязана. Наша адзіная мэта — каб быў прагназаваны, стабільны рэгіён”.


Беларусаў вельмі цікавіць візавая праблема. Кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў (60 эўра) істотна вышэйшы, чым для расейцаў ці ўкраінцаў (35 эўра). Амбасадар Літвы спадар Багдонас выказаў такое меркаваньне:

“Крыўдна, што самым галоўным у супрацоўніцтве многія лічаць візавае пытаньне. Самае галоўнае — гэта жаданьне, жаданьне быць сябрамі Эўрапейскай супольнасьці. У якіх структурах — гэта ўжо другаснае пытаньне. У першую чаргу важныя стратэгічныя пытаньні, а візавае пытаньне другаснае. Калі мы дамаўляемся, калі мы разумеем адзін аднаго, рашэньне можа быць прынятае вельмі хутка”.

І прыемная навіна. 12—14 чэрвеня на мяжы Літвы і Беларусі пройдзе трэці Міжнародны музычны фэстываль “Be2gether”. Традыцыйна туды хочуць трапіць тысячы беларусаў, але шмат каго стрымлівае менавіта візавая праблема. Літоўскі амбасадар запэўніў:

“Тыя грамадзяне Беларусі, якія купляюць квіткі на фэстываль “Be2gether”, што ў перакладзе азначае “Будзьма разам”, і зьвяртаюцца ў літоўскую амбасаду, візу атрымліваюць бясплатна”.
XS
SM
MD
LG