Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтуховіч заклікаў маладафронтаўцаў спыніць галадоўку


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Пра гэта “Свабодзе” паведаміў адвакат Павал Сапелка, які сустрэўся зь Мікалаем Аўтуховічам ў менскім сьледчым ізалятары.

Мікалай Аўтуховіч заклікаў маладафронтаўцаў спыніць галадоўку, каб “зьберагчы сілы”. Сам прадпрымальнік мае намер галадаваць “да перамогі”.

Пра заклік Аўтуховіча да маладафронтаўцаў спыніць галадоўку салідарнасьці паведаміў “Свабодзе” адвакат Павал Сапелка, які сустрэўся зь вязьнем у менскім сьледчым ізалятары.

Павал Сапелка
“Аўтуховіч зьвярнуўся да маладафронтаўцаў з заклікам спыніць галадоўку. Ён ім вельмі ўдзячны за падтрымку, але кажа, што іх здароўе і маладосьць патрэбныя для далейшага змаганьня. Выглядае вельмі стомленым, у асноўным ляжыць, але да мяне на сустрэчу прыйшоў сам. Зноў не далі магчымасьці перадаць яму дастаткова вады. Дазволілі толькі 6 бутэлек. Гэтага мала. А тую ваду, якую можна набываць у турэмнай краме, яму ўжываць катэгарычна нельга, бо яна газаваная”.

Паводле адваката, адміністрацыя ізалятара не дазваляе перадаць у камэру для Аўтуховіча тэлевізійную антэну, безь якой не працуе тэлевізар. Таксама вязень скардзіцца на інфармацыйны голад — да яго амаль не даходзяць лісты з волі. “Ён схуднеў больш як на 15 кіляграм, але мае намер галадаваць далей, як ён кажа, “да перамогі”, — паведаміў адвакат Павал Сапелка.

Пра тое, як сьледзтва камэнтуе галадоўку Мікалая Аўтуховіча, адвакату невядома. Павал Сапелка кажа, што ўжо тры месяцы сьледчыя дзеяньні з удзелам ягонага падабароннага не вядуцца:

“Сьледзтва чамусьці зацягваецца. На мой погляд, гэта сьведчыць пра тое, што ў сьледчых няма дастаткова доказаў віны Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, каб перадаць справу ў суд”.

Дачка былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі Вольга выказвае ўдзячнасьць людзям, якія ў апошнія дні выходзілі з партрэтамі яе бацькі на акцыі салідарнасьці і якія ўдзельнічаюць у галадоўцы. Вольга кажа:

“Ніколі ня думала, што партрэт майго бацькі будуць трымаць людзі на такіх акцыях. Я ім вельмі ўдзячная. Толькі дзякуючы іх мужнасьці і незалежным сродкам масавай інфармацыі можна прыцягнуць увагу грамадзкасьці і палітыкаў да такіх спраў”.

Дзяўчына сказала, што сама таксама выходзіла на Кастрычніцкую плошчу разам зь пікетоўцамі.

У менскім сьледчым ізалятары дзяжурны адмовіўся паведаміць зьвесткі пра стан здароўя галадоўніка Аўтуховіча, але запэўніў, што таго “рэгулярна аглядаюць турэмныя дактары”. У прэсавай службе МУС не адказваюць на пытаньне, чаму зацягнулася расьсьледаваньне справы Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, якую былы міністар Уладзімер Навумаў у сакавіку абяцаў “хутка адправіць на разгляд у суд”. У МУС кажуць, што “тэрміны сьледзтва вызначаюць сьледчыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG