Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі да нас дапусьцяць танныя і якасныя тавары, то эканоміка лясьне”


Саміт удзельнікаў праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў Празе, галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, 10 год ад зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Празе адбыўся саміт кіраўнікоў Эўразьвязу і шасьці постсавецкіх краін Усходняй Эўропы і Закаўказьзя ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Запрашэньне на саміт атрымаў і Аляксандар Лукашэнка, але дэлегацыю Беларусі ўзначаліў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня: “У Празе пачалася вялікая, вельмі важная сустрэча, і мне б вельмі хацелася, каб яна была карыснай і для Беларусі”.

Спадар Віктар: “Што нам дасьць “Усходняе партнэрства”? Я мяркую, што нічога ня дасьць. Але калі да нас дапусьцяць танныя і якасныя тавары, то наша эканоміка проста лясьне. Дык што мы хочам, калі кіруюць людзі без спэцыяльнай адукацыі? Напрыклад, прэзыдэнт і старшыня Нацбанку”.

Спадарыня: “Запрашэньне на саміт чыноўнік Эўразьвязу вырашыў перадаць асабіста ў рукі Лукашэнку. Верагодна, што ён спадзяваўся сваімі вачыма пабачыць форму хоць нейкай барацьбы, пратэсту на вуліцах Менску. А тут аказалася — ціш ды гладзь”.

Спадар: “На погляд ахвяр палітычных рэпрэсій гораду Менску, Радыё Свабода павінна кожны дзень тлумачыць беларускаму народу і ўсяму сьвету, што Аляксандар Лукашэнка — гэта не Беларусь. А Беларусь — гэта не Лукашэнка”.

Ад 4 траўня ў Менску праходзіць галадоўка салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Паводле арганізатараў, зараз у галадоўцы бяруць удзел 27 чалавек. Змагары за вызваленьне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў таксама на працягу аплошніх дзён праводзілі акцыю салідарнасьці на Кастрычніцкім пляцы Менску. Слухачы “Свабоды” абмяркоўваюць гэтую тэму:

Спадар: “Пра маруднае, вымушанае самазабойства прадпрымальнікаў і шмат каго яшчэ, хто ажыцьцяўляе палітычную галадоўку. Гэтым грамадзянам патрабуецца вельмі сур’ёзная і вялікая юрыдычная і фінансавая дапамога”.

Спадар: “Хадзіў па Кастрычніцкай плошчы, бачыў пікет маладафронтаўцаў. Малайцы, хлопцы, так трымаць!”

Наступныя выказваньні з нагоды 10-й гадавіны зьнікненьня палітыка, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі:

Віктар Канцавенка, Рэчыца: “Надзея — найлепшы лекар з усіх, якія мне вядомыя, казаў Дзюма. Ужо мінула 10 год, як для маці Захаранкі Ульляны Гаўрылаўны няма зьвестак пра сына Захаранку Юрыя Мікалаевіча, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі. Калі нарэшце беларускі народ даведаецца праўду пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага? Колькі часу будзем жыць надзеяй?”

Спадар: “Ужо няма Юрыя Захаранкі 10 гадоў. Дзе ён мог згубіцца? Нейкія людзі ведаюць, але каб прызнацца, яны дужа ўлад баяцца. Яны добра ведаюць: калі сьведкі дадуць, яны таксама прападуць, бо беларусы сярод беззаконьня жывуць”.

Працягваем праграму пытаньнем слухача:

Спадар: “Я б хацеў задаць некалькі пытаньняў Сяргею Шупу, вядоўцу праграмы “Настрой на Свабоду”. 1. Якім чынам у дыяпазоне FM ствараецца стэрэагук? 2. Якая мінімальная адлегласьць паміж суседнімі станцыямі ў розных дыяпазонах? 3. Што азначае фраза “73”, якую радыёаматары кажуць адзін аднаму на разьвітаньне?”

Адказвае Сяргей Шупа:

“Пра стэрэавяшчаньне ў дыяпазоне FM. Калі казаць каротка і спрошчана, то на адной частаце пасылаецца адразу некалькі сыгналаў. Тут варта было б зьвярнуцца да нейкай спэцыяльнай літаратуры ці паглядзець у інтэрнэце, бо хутка не раскажаш пра ўсе тонкасьці гэтай тэхналёгіі.

Другое — адлегласьць паміж станцыямі ў розных дыяпазонах, паміж перадатчыкамі. Гэта вызначаюць тыя органы, якія вызначаюць частоты. І тут у кожным канкрэтным выпадку, у кожным канкрэтным дыяпазоне гэтыя адрозьненьні будуць розныя.

І апошняе, што значыць “73” і што яно азначае. Гэта такі жаргон радыёаматараў. Канкрэтна вось гэтае “73”, якое азначае “ўсяго найлепшага”, узьнікла ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Тэлеграфісты, каб зэканоміць час выкарыстаньня тэлеграфнай лініі, найбольш частым фразам надалі нумарныя коды. Вось адзін зь іх дажыў да нашых дзён, і яго ўжываюць радыёаматары ў розных краінах сьвету. І заканчваюць кантакты са сваімі калегамі вось гэтым “73”, што азначае “ўсяго найлепшага”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG