Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пяты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. 8-га траўня да акцыі ва ўправе БНФ далучыўся восьмы ўдзельнік — маладафронтавец з Салігорску Ільля Нагорны. Па-ранейшаму галадуюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Андрусь Цянюта, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская і Глеб Скоркін.

Першае, што адразу кінулася ў вочы, калі я сёньня чарговым разам прыйшоў да галадоўнікаў, — голая сьцяна над іхнымі галовамі. Раней тут вісела расьцяжка — “ГАЛАДОЎКА”. Ірына Губская тлумачыць: учора яна ўзяла расьцяжку на акцыю на Кастрычніцкай плошчы. А там міліцыянты сілай адабралі яе і не вяртаюць.

“Мы пайшлі на плошчу з расьцяжкай, каб паказаць, што мы галадуем і што мы салідарныя з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі і з тымі людзьмі, якія штодня выходзяць на плошчу. Нам гэта не абыякава. І пасьля акцыі ў мяне зьявілася жаданьне яшчэ прыходзіць сюды, каб паказаць, на што я здольная. І я думаю, што міліцыянты яшчэ даведаюцца, што мяне лепш не чапаць”.

Сёньняшні дзень пасьля ўчорашніх падзеяў пачаўся як звычайна, кажа Яўген Скрабец:

Яўген Скрабец
“Раніца пачалася звычайна. Хтосьці першы прачнуўся, пачалі ўсе рухацца. Пасьпявалі песьні, я граў на гітары. Пасьля прыходзілі сябры, паплечнікі. Спадар Атрошчанка з “Эўрапейскай Беларусі” прынёс вадзічку. То бок такі стандартны дзень, безь нейкіх вялікіх асаблівасьцяў”.

Пакуль я гутарыў зь Яўгенам, зьявілася і сёньняшняя “асаблівасьць”. Да ўдзельнікаў галадаваньня прыехаў з Салігорску маладафронтавец Ільля Нагорны. Ільля кажа, што пакуль ня вызначыўся, ці будзе ён галадаваць бестэрмінова:

“Вось ня ведаю. У мяне суд будзе ў аўторак. І ўчора толькі пра яго сказалі. Таму трэба будзе вярнуцца ў аўторак у Салігорск. А потым, мабыць, вярнуся сюды зноў”.

Прыезд Ільлі Нагорнага адарваў ад кампутара Арцёма Дубскага. Цікаўлюся ў Арцёма, што ён так уважліва вывучаў:

Арцём Дубскі
“Я быў у скайпе. Аднаўляю свае кантакты. Бо калі я быў у СІЗА, а мяне туды забралі 13 студзеня, дык сябры сказалі, што нехта выходзіў пад маім нікам. І зараз я не магу патрапіць на свой стары ўліковы запіс. Таму сяджу ў скайпе, аднаўляю кантакты, іх там вельмі шмат”.

Падтрымаць галадоўнікаў прыйшла сёньня Алена Піваварун. Жанчына кажа, што сярод галадоўнікаў у яе няма радні. Але яна цікавіцца грамадзкімі падзеямі:

“На гэтыя акцыі амаль ніхто не зьвяртае ўвагі. І гэта зьвязана з тым, што людзі мала інфармаваныя. А наша кола ўсё цудоўна ведае. Другіх людзей гэта, на жаль, не цікавіць”.

Сёньня ўвечары ўдзельнікаў акцыі павінен наведаць лекар. Ён дасьць рэкамэндацыі, як далей працягваць галадаваньне.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG