Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенкаматы ў масавым парадку “катаюць” пальцы


Адбіткі здаў

Адбіткі здаў

Дарослых мужчынаў выклікаюць для “ўзгадненьня дадзеных воінскага ўліку”. Аднак зьвесткі ваенных білетаў цікавяць супрацоўнікаў менш за ўсё – здымаюць адбіткі пальцаў.


Прыйшоў да ваенкамату Фрунзэнскага раёну Менска а 10-й гадзіне, як патрабавала павестка, і давялося прыстроіцца ў хвост вялізнай чаргі. Некалькі сотняў ваеннабавязаных узорна стаялі ў калёне да дзьвярэй ваенкамату ў неразуменьні, навошта разам сабралі столькі народу:

“Выклікалі б каго на 10.00, іншых на 10.30. Прыкінулі б, што за гадзіну можна прапусьціць чалавек 30-40. Па гадзінах хоць бы падзялілі. Навошта ж усіх у адну кучу?”

“Самі б пастаялі тут пару гадзінаў, можа тады і зразумелі б… А так бяз толку”.


У чарзе ў ваенкамат здаваць адбіткі пальцаў

Усе пытаньні адпалі, як з ваенкамату пачалі выходзіць першыя наведнікі – з чорнымі ад чарніла рукамі. Расказалі, што нейкія асобы ў цывільным бяруць ва ўсіх выкліканых адбіткі пальцаў. Некаторыя абураліся, што ў павестцы напісалі ўзяць пашпарт і ваенны білет, а пра мыла – ні слова. А рукі ад бруду адмыць простай вадой амаль немагчыма.

Празь дзьве гадзіны вулічнага стаяньня трапіў усярэдзіну. У вузкіх калідорах -- ці ня столькі ж мужыкоў, як і на вуліцы. У адзін кабінэт – чарга на рэгістрацыю, у наступны – на подпіс пад аркушам дактыляскапіі з пашпартнымі зьвесткамі. Галава чаргі закручаная ў кабінэт, адкуль чуюцца прыглушаныя галасы – менавіта там “катаюць” пальцы.

Чацьвёра маладых хлопцаў манатонна круцяць каталкі з гумавымі барабанамі па чарнільнай паверхні сталоў. Мажуць спачатку пальцы, а потым цалкам далоні наведнікаў, пасьля чаго прыціскаюць да паверхні аркуша: па чарзе ўсе пальцы, потым паасобку дзьве пяцярні.

У размовы з наведнікамі “катальнікі” не ўступаюць, прычыны масавай дактыляскапізацыі не тлумачаць. Толькі адзін напаўголаса сказаў: у Фрунзэнскім раёне больш за 300 нераскрытых злачынстваў, можа хоць база адбіткаў зрушыць сытуацыю зь мёртвага месца.

Невялікае замяшальніцтва ўзьнікала, калі высьветлілася, што адзін з выкліканых ужо двойчы судзімы, а значыць, ягоныя “пальцы” дзе толькі не адзначаныя. Пасьля кароткай нарады вырашылі адбіткі больш не дубляваць:

-- У якім годзе судзімасьць?

-- Я ўжо не памятаю. Двойчы судзімы

-- За што судзімы?

-- Адзін раз за ДТЗ, другі раз ужо ня памятаю.

-- Няхай папера застаецца тут на месцы.

-- Дык усё, я вольны?

-- Так, пакуль вольны (сьмяецца).

Стаў сьведкам, як хтосьці з наведнікаў спрабаваў адмовіцца здаваць адбіткі. Яго адразу папярэдзілі, што гэта ня так проста – “патрэбная важкая прычына”. Перадусім – папрасілі напісаць заяву з тлумачэньнем такога неардынарнага кроку. А потым паабяцалі доўгія хаджэньні па іншых інстанцыях, якім куды больш, чым ваенкамату, цікава – чаму чалавек хоча праігнараваць усеагульную “павіннасьць”?

Для дактыляскапізацыі распрацаваныя адмысловыя блянкі

Нягледзячы на тое, што адбіткі пальцаў бяруць у ваенкаматах, наглядны матэрыял ідзе на патрэбы міліцыі. Яшчэ ў жніўні мінулага году, неўзабаве пасьля выбуху самаробнага прыстасаваньня на праспэкце Пераможцаў у Менску, тагачасны кіраўнік МУС генэрал Навумаў выдаў распараджэньне, паводле якога ўсё мужчынскае насельніцтва Беларусі ва ўзросьце ад 17 да 60 гадоў абавязанае пакінуць свае “пальчыкі” у картатэках органаў унутраных спраў. Паколькі ў міліцыю столькі народу прыцягнуць амаль нерэальна (няма прававых падставаў), вырашана правесьці масавую дактыляскапізацыю праз удакладненьне зьвестак у ваенных камісарыятах. Балазе, да частых выклікаў у ваенкаматы беларускія мужчыны ўжо прызвычаіліся.


Па не пацьверджаных пакуль зьвестках, да працэдуры зьняцьця адбіткаў пальцаў у бліжэйшай пэрспэктыве могуць быць прыцягнутыя і жанчыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG