Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: Я не паехаў бы ў Прагу, каб тут быў Лукашэнка


Госьць “Начной Свабоды” экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін.

Эфір 6 траўня.

Аляксандар Казулін цяпер у Празе разам са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і былымі кандыдатамі на прэзыдэнта Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком і Станіславам Шушкевічам на запрашэньне міністэрства замежных справаў Чэхіі, якая цяпер страшынюе ў Эўразьвязе.

Ганна Соўсь
: Спадар Аляксандар, 5 траўня вы ўсе сустракаліся з прэм’ер-міністрам Чэхіі Мірэкам Тапаланэкам. Падсумуйце, калі ласка, вынікі першых двух дзён супольнага візыту ў Прагу.

Аляксандар Казулін: Учора была вельмі шчырая сустрэча з прэм’ерам Тапаланэкам. Ён нам расказаў нейкія патаемныя, сапраўдныя моманты, якія адбываліся пры ўзгадненьні праграмы "Эўрапейскае партнэрства". Нас гэта вельмі ўразіў такі падыход. Ён заўважыў, што зараз вельмі патрэбна, каб знайсьці месца ў дыялёгу дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, дэмакратычнай апазыцыі. Бо зараз гэтага месца няма. Ён нам шчыра казаў, што пры перадачы паўнамоцтваў старшынства ў Эўразьвязе ён гэта будзе падкрэсьліваць. Таксама ён казаў, што, калі ёсьць праграма, трэба, каб зьявіўся нейкі зьмест. Пакуль гэта толькі дэклярацыя, а ў зьмесьце павінны ўдзельнічаць і прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці Беларусі. Сёньня мы сустракаліся з сябрамі камітэту замежных справаў чэскага парлямэнту, таксама была вельмі слушная размова, дзе мы пачулі розныя думкі, але галоўная была думка чэскіх парлямэнтароў, што пры усіх умовах палітыка Чэскай Рэспублікі будзе заўсёды маральнай. І яны ніколі здрадзяць агульным каштоўнасьцям, якія існуюць . І гэта было для нас было вельмі важна пачуць.
На сустрэчы з М.Тапаланэкам

Соўсь: Вы казалі пра нейкія патаемныя моманты, якія пачулі ад прэм’ера?

Казулін: Мы павінны казаць, што зараз самае галоўнае, што спадара Лукашэнкі няма ў Празе, бо ён вельмі хацеў прыняць удзел у гэтым саміце, прыняць удзел асабіста. Мы павінны сказаць шчыра, што гэта наша маральная перамога, перамога аб'яднанай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і беларусаў за мяжой, а таксама маральных палітыкаў Эўразьвязу, якія казалі, што калі Лукашэнка прыедзе ў Прагу, то яны ня змогуць браць удзел у гэтым саміце і ня змогуць паціснуць яму руку.

Соўсь: Скажыце, калі ласка, ці лёгка было паразумецца такім розным палітыкам, як вы, Зянон Пазьняк, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк? У чым вы не маеце агульнай пазыцыі? Чыя ў гэтым заслуга, як вы лічыце? Нагадаю, што ваш ліст да Эўразьвязу ад 17 красавіка, дзе вы заклікалі эўрапейскіх палітыкаў не запрашаць Лукашэнку ў Прагу, не падпісаў Аляксандар Мілінкевіч.

Казулін: Калі нас аб'ядноўваюць супольныя інтарэсы, а гэта інтарэсы нашай краіны, Бацькаўшчыны, так як мы можам здрадзіць гэтым інтарэсам? Таму зразумела, што і Зянон Пазьняк, і Івонка Сурвіла, і наш мэтар Станіслаў Шушкевіч, і я таксама прыйшлі да згоды, каб ісьці разам, ісьці супольна, каб усе бачылі, што гэта аб'яднаная апазыцыя. І спадар Мілінкевіч да нас далучыўся. Калі мы тут былі, ў нас амаль не было супярэчнасьцяў, зараз можа адбыцца і сумесная заява. Тое, што яе чацьвёра падпішуць, зразумела, але магчыма, што да яе далучыцца і спадар Мілінкевіч.

Соўсь: 5 траўня ў эфіры “Начной Свабоды” старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла гаварыла, што ў размове з чэскім прэм’ерам уздымалі пытаньне зьберажэньня беларускай культуры, каб гэтае пытаньне было нейкім чынам прапісанае ў пратаколе намаганьняў Эўропы, каб ня нішчылася беларуская культура. Дарэчы, 6 траўня ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам Віктар Юшчанка таксама гаварыў пра важнасьць захаваньня беларускай мовы, культуры, гісторыі. Чаму менавіта гэтае пытаньне было акцэнтаванае?

Казулін: Галоўная прыкмета незалежнасьці -- беларуская культура. творчасьць і адукацыя. І калі мы гэта страцім, мы страцім і незалежнасьць і дэмакратыю. І зараз наша сумесная прапанова, каб гэта стала адным з асноўных пунктаў праграмы "Эўрапейскае партнэрства" . Каб была шостая ўмова -- абароны беларускай культуры, адукацыі і творчасьці.

Соўсь: 7 траўня ў Празе адбудзецца саміт Эўрапейскага партнэрства”. На тэму саміта Эўразьвязу адгукаюцца і слухачы свабоды. Наш тэлефон-аўтаадказьнік у Менску 266-39-52.

Спадар, Барысаў: “Думка наконт саміту ў Празе. 27 краін, якія ў Эўразьвязе, будуць трымаць адну думку ў Празе — атрымаць ад Расеі газ безь перашкод, а ў былых шасьці краін СНД будзе свой індывідуальны ход — злучыцца з Эўропай з выгодай сабе і безь перашкод. А калі Эўразьвяз дыктатуру Лукашэнкі падтрымае, бацька беларусаў свае надта расейскія погляды памяняе”.

Спадарыня: “Эўразьвяз дапамагае ня столькі Лукашэнку, колькі Расеі ўтрымліваць яго. Бо ў час крызісу Расеі, мякка кажучы, складана трымаць Лукашэнку на поўным утрыманьні. Так што ў дачыненьні да Эўразьвязу нешта яму дазваляюць, а нешта і забараняюць. Усё гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не зьяўляецца гаспадаром становішча”.


Соўсь: Ці згодныя Вы са слухачамі Свабоды?

І калі б Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў у Прагу, то для нас стаяла бы вельмі моцнае пытаньне -- ці ехаць у Прагу. Я б не паехаў бы ў Прагу, каб тут быў Лукашэнка
Казулін
: Ёсьць вельмі слушныя заўвагі. Зразумела, што зараз мы задаем пытаньне, ці ня пойдзе гэтая праграма ў дапамогу дыктатуры? Калі ў наступным годзе можа адбывацца прэзыдэнцкая кампанія і нехта захоча быць спонсарам прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі, і самае галоўнае пытаньне, што можа адбыцца легітымізацыя дыктатарскага рэжыму...

Соўсь: Аляксандар Лукашэнка ня будзе браць удзелу ў праскім саміце. У выпадку, калі б ён паехаў, ці прыехалі б вы ў Прагу і ці зьмяніўся б характар вашага супольнага візыту?

Казулін: Зараз ужо такой верагоднасьці няма. Візы ён ужо атрымаць ня можа. Зразумела, што гэта пытаньне было . І калі б Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў у Прагу, то для нас стаяла бы вельмі моцнае пытаньне -- ці ехаць у Прагу. Я не паехаў бы ў Прагу, каб тут быў Лукашэнка.

Слухайце цалкам інтэрвію з Аляксандрам Казуліным.

СЛУХАЦЬ:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG