Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні здароўя, ні льготаў, ні пэрспэктываў


Сёньня адзін з актывістаў беларускай апазыцыі Ўладзімер Раманоўскі заявіў “Свабодзе”, што ня бачыць магчымасьці зарэгістраваць пры сёньняшняй уладзе грамадзкую арганізацыю пэнсіянэраў “Старэйшыны”. Са словаў суразмоўцы, пачынаючы ад 1996 году, чыноўнікі перашкаджаюць стварэньню арганізацыі ў абарону пэнсіянэраў.

Раманоўскі: “На жаль, у нашай дзяржаве на сёньняшні дзень гэта немагчыма. Наш трохгадовы досьвед дэманструе, што памкненьні людзей да аб’яднаньня ўспрымаецца ў штыкі. Мы дайшлі Вярхоўнага суда, нам адмовілі, але нават выразна не патлумачылі з-за чаго”.

Уладзімер Раманоўскі пэсымістычна выказваецца пра жыцьцё вэтэранаў у Беларусі:

“У цяперашніх умовах крызісу, улічваючы, што дэвальвацыя адбылася і пэнсіі не павялічваюцца, жыцьцёвы ўзровень пэнсіянэраў зьнізіўся на 20-25 працэнтаў. Гэта ўжо дакладна”.

+Віцебск


У 63-гадовай віцяблянкі Антаніны Піванос хворыя ногі. Таму адмена ільготаў на праезд штомесяц зьмяншае ейную і так невялікую пэнсію на 26 тысяч рублёў:

“Я жыву ў такім месцы, што ўсе крамы — ці прыпынак улева, ці прыпынак управа. Хочаш ня хочаш, трэба пад’ехаць. Таму бяру праязны за 26 тысяч рублёў. Ільготнага ж няма! 415 рублёў пэнсія. Ну, эканоміць даводзіцца. Па адзеньне — у „Сэкандхэнд“, або тое апранаю, што 20 гадоў таму набыла. Як бомж хаджу!”

Спадарыня Антаніна мяркуе, што для пэнсіянэраў шмат ільготаў і ня трэба — хіба толькі на праезд у гарадзкім транспарце ды яшчэ на тэлефонную сувязь. Бо тэлефон для нямоглых старых часта ператвараецца ў адзіны сродак зносінаў:

“Людзі ўсе старыя, дык ім хаця б пагаварыць трэба. Таму за перамовы даводзіцца шмат плаціць. А яшчэ таму, што я родам з Украіны, дык туды тэлефаную — даведацца, як там сваякі. Вось паўпэнсіі за перамовы сыходзіць. А яшчэ ў мяне кот ёсьць — галодны, мяўкае, аблізваецца. А сабачка ўжо старэнькі, сьляпы… Дык хаця б крывяную кілбасу ім трэба…”

Пэнсіянэрка Антаніна Піванос эканоміць на сабе і параўноўвае сваё жыцьцё з жыцьцём сябровак-пэнсіянэрак на Украіне. Там ёсьць і ільготны праезд, і прадукты таньнейшыя.

У Беларусі людзі сталага веку, эканомячы на ежы, вырошчваюць нешта на ўласных гародчыках. І вынаходзяць іншыя спосабы, каб ашчадзіць лішнюю капейчыну.

64-гадовы Юры Конышка з Воршы, да прыкладу, набыў сабе ровар і езьдзіць на ім, не зважаючы на тое, што інвалід — зь дзяцінства кульгае на левую нагу:

“Пазбавілі ільготаў — дык і прыходзіцца езьдзіць на ровары. Жыву на ўскраіне Воршы, маршрутка дарагая — 800 рублёў, аўтобус — 500, а грошай не хапае. Таму разараў сабе гародчык, саджу моркву, гуркі. У сэзон грыбоў ды ягад хаджу ў лес. А як лекі цяпер дарагія, дык і лячыцца стараюся зёлкамі ды народнымі сродкамі”.

Юры Конышка жыве ў звычайным пяціпавярховіку, і гародчык пад вокнамі разараў незаконна, на свой страх і рызыку. Бо зэканоміць, на ягоную думку, пэнсіянэр можа толькі на прадуктах, хоць асабіста яму прызвычайвацца да гэтага было дужа цяжка:

“Я працаваў у грамадзкім харчаваньні, кухарам, дык прывык харчавацца добра. А цяпер з гэтым туга. Вось зьеў апошняе шчаўе — дадасі бульбачкі, сьмятанкі, і ўсё! А яшчэ бяру галінкі маліны, галінкі парэчак зь лісьцем, чарнаплодную арабіну, мяту, усё гэта кіпячу ды п’ю — і як лекі, і як кампот”.

Вынаходлівасьці пэнсіянэраў можна толькі пазайздросьціць. Але — каб вітамінныя напоі яны рабілі дзеля ўласнага задавальненьня, а не таму, што гэта адзіны спосаб захаваць апошняе здароўе ва ўмовах нішчымніцы ды вымушанай эканоміі.

+Горадня

Мікалай Ракевіч са Слоніма мае 52 гады стажу і атрымлівае пэнсіі 420 тысяч рублёў. Ён лічыць, што дзяржава ніколі ня дбала пра звычайнага чалавека, і гэтыя льготы таксама адабрала, ні пра кога не падумаўшы. Са слоў спадара Ракевіча, ён і так ніколі тымі льготамі не карыстаўся, але страту некаторых зь іх адразу адчуў на ўласнай кішэні.

Ракевіч: “У гарадзкім транспарце гэта адчуваецца, бо ўсё ж 50% — значна набягае. Лекі, калі набываеш, таксама. У мяне ж было 50% ад кошту, а прэзыдэнт узяў і адмяніў, і нічога ня зробіш. А лекі купляць даводзіцца”.

Тыя, хто мае вялікія грошы, у тых ільготаў ніхто не адабраў.
Спадар Ракевіч кажа, што ўжо ня пойдзе шукаць праўды і справядлівасьці ва ўладаў, бо папросту ня мае на гэта сілаў.

Ракевіч: “Адмоўна я стаўлюся да скасаваньня льготаў, таму што тыя, хто мае вялікія грошы, у тых ільготаў ніхто не адабраў. А тыя, хто зводзіць канцы з канцамі, той цярпіць заўсёды”.

Мая наступная суразмоўніца, Зінаіда Рудкоўская са Смаргоні, ад 1954 году да 2003-га адпрацавала настаўніцай у школе. Муж у яе памёр, старэйшы сын загінуў у самалёце, а малодшы сканаў ад чарнобыльскіх хваробаў.

Разам з унучкай яна атрымлівае адну пэнсію за свайго сына. Ёй вельмі цяжка казаць пра тое, што я пытаюся. Напачатку яна нават узгадала пра Дзень Перамогі, бо малой дзяўчынкай памятае якім быў дзень 9 траўня 1945 году.

Спадарыня Зінаіда ніколі ня думала, што яе жыцьцё на старасьці стане такім гаротным.

Рудкоўская: “Што я магу дазволіць з пэнсіі? Купіць булачку, хлеб купіць — вось і ўсё. Паехаць, зразумела, нікуды не магу. Пакуль да мяне ніхто не прыходзіць, праўда, адзін раз памылі вокны. А так — жыву…”

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, а з боку дзяржавы вы адчуваеце нейкую дапамогу, увагу?”

Рудкоўская: “Не, ніякай. У мяне толькі група і ніякай увагі”.

Карэспандэнт: “Ніхто вашым жыцьцём не цікавіцца?”

Рудкоўская: “Абсалютна ніхто не цікавіцца, толькі свае сябры”.

Спадарыня Рудкоўская кажа, што некаторыя льготы па аплаце кватэры ў яе засталіся, як у інваліда. З таго, што плоціць дзяржава на старасьць, кажа спадарыня Зінаіда, не разжывесься. Ратуе, зь яе слоў, толькі тое, што побач ёсьць людзі, якія ня кідаюць.

Рудкоўская: “Цяжка. Ведаеце, каб ня людзі, я б ня выжыла. А так, дзякуй Богу, заходзяць людзі да мяне”.

Пра жыцьцё без ільготаў ва ўмовах крызісу распавялі жыхары Горадні і журналісту Сяргею Астраўцову.

Перш я патэлефанаваў гарадзенцу спадару Аляксандру, пацікавіўся: ці закранула яго адмена льготаў, або асаблівых ільготаў ён ня меў і раней?

Спадар Аляксандар: “Для мяне гэта трывожнае пытаньне. Быў я ў паліклініцы цяпер, я інвалід другой групы, здавалася б, мне лекі за дзесяць адсоткаў
Усе гэта ведаюць, што льготныя лекі, якія патрэбныя, іх у сьпісах няма.
пасьля шунтаваньня. Але калі была Пастаялка міністрам аховы здароўя, яна зрабіла стопрацэнтную аплату за лекі, якія мне патрэбныя. Атрымліваецца, лекі капеечныя — яны і цяпер па льгоце выдаюцца, а за іншыя — яны ёсьць, але трэба мне аўтаматычна ўсю цану плаціць. Вось мае лекі асноўныя, мы толькі што з жонкай размаўлялі пра гэта, 38 150 рублёў за 14 таблетак каштуюць, а іх на месяц трэба 30-31 штуку. Усе гэта ведаюць, што льготныя лекі, якія патрэбныя, іх у сьпісах няма”.

Якое тут выйсьце для чалавека, які перанёс апэрацыю шунтаваньня?

Аляксандар: “Адзінае, што ёсьць фірма, якая фасуе галяндзкія таблеткі, але піша як свае. Гэта адзінае выйсьце. Карацей, табе выпісваюць беларускія лекі, ты прыходзіш у аптэку і кажаш: дайце мне той фірмы”.

Другі гарадзенскі пэнсіянэр, спадар Аляксей, адразу паведаміў, што з 1 траўня пэнсіянэрам вярнулі на дачны сэзон палавінную аплату праезду ў прыгарадным дызэлі. Раней скасавалі чамусьці гэтую льготу, а цяпер вярнулі, зьдзіўляецца спадар Аляксей. Аднак яго турбуе, што ад траўня амаль у два з паловай разы павялічылі плату за ваду для тых, хто пакуль ня мае ў кватэры лічыльнікаў. А льготаў для пэнсіянэраў няма, вадамеры трэба ставіць за поўны кошт.

Аляксей: “Няўжо вада будзе на вагу золата, што калі ня маеш вадамераў, будзеш плаціць аграмадныя сумы? Паніка такая: тэрмінова стаўце лічыльнікі, бо вада стане столькі каштаваць, што вы ня зможаце плаціць! А ў нас старыя дамы, на нашай вуліцы яшчэ з часоў Пілсудзкага ўся каналізацыя і водаправод, там закрані — усё пальецца, пазалівае і нас, вэтэранаў. Дзе там якія лічыльнікі ставіць? Я гэтага не разумею. Лёгікі тут няма, ні палітычнай, ніякай”.

+Баранавічы

Самадзейны паэт, былы шахтар Данбасу Іван Лагвіновіч маленства правёў на беларускім Палесьсі і вярнуўся жыць у Баранавічы. У яго ўласныя погляды на сацыяльныя зьмены ў Беларусі.

Іван Лагвіновіч лічыць, што галоўная сацыяльная праблема ў Беларусі — спойваньне нацыі:

“У горадзе ня так заўважна. А на вёсцы, як выпіў, прайшоў з канца ў канец вёскі — усё, усе ведаюць, што ён быў п’яны”.

Іван Лагвіновіч кажа: спойвае людзей улада.

“У выбары — палічылі бюлетэні, стол накрылі — і да ранку гулянка. Ухвалялася, каб начальства піло з рабочымі. Чалавек раскрываецца больш пад узьдзеяньнем алькаголю. Можа што ляпнуць супраць улады. Вывіжаваць у чалавека — гэта ўхвалялася”.

І выпішуць тыя лекі, якія нічога не памагаюць — самыя танныя лекі. А мне ж трэба, каб памагло.
Цяпер, акрамя як з эканамічнымі праблемамі, пэнсіянэры мусяць змагацца за сваё здароўе.

“І былі льготы — я не хадзіў. Праседзіш дзень у паліклініцы, прымусяць усе аналізы здаваць, праезьдзіш больш, чым тых ільготаў. І выпішуць тыя лекі, якія нічога не памагаюць — самыя танныя лекі. А мне ж трэба, каб памагло. Я ж купляю дарагія. І ўсё адно за свае грошы”, — разважае Іван Лагвіновіч.

Як зьмянілася жыцьцё апошнім часам?

“Канечне, пагоршылася! Цэны падскочылі, рубель абясцэніўся. Да крызісу вадамеры за 180 нашых тысячаў ставілі, а зараз за 280. Ужо ільготаў ніякіх нікому няма. Калі ў яго пэнсія 250, то кожная капеечка на ўліку”.

На пэнсію старых у час крызісу квапяцца і маладыя:

“Усё забіраюць дзеці і ўнукі. Хто аддае добраахвотна. А ў каго й жывасілам забіраюць. То кватэру дзецям, то машыну дзецям… І дзеці ўжо не глядзяць, што там бацькі ядуць, у што абутыя-адзетыя — аддавай нам. Бо зараз жа стараюцца адзін перад адным — навыперадкі”.

Сама ж моладзь шукае даўжэйшага рубля, запускаючы свае гаспадаркі.

“Там, дзе былі тры чаргі статка пасьвілі, зараз ледзь зьбіраецца на адну. Папрадавалі кароў. У старых сілаў няма, моцы, а маладыя ня хочуць. Усе працуюць пад Піцерам ці ў Падмаскоўі. У мяне пляменьнік. Карова была, трэба соткі пасадзіць, сена накасіць. А так ён паехаў на ўсё лета — і спакойны”, — кажа Іван Лагвіновіч.
XS
SM
MD
LG