Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сарыюш-Вольскі: “Партнэрства” для дэмакратызацыі Беларусі


Польскі палітык, старшыня камісіі замежных спраў Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі адкідае заявы расейскіх палітыкаў пра тое, што праграма “Ўсходняга партнэрства” нібыта скіраваная супраць Масквы:

“Наадварот, Эўрапейскі Зьвяз зацікаўлены на сваіх усходніх межах мець кола сяброў, якія ў пэрспэктыве рабіліся б усё больш дэмакратычнымі, рыначнымі і заможнымі, усё больш паважалі б правы чалавека. І каб яны паміж сабою былі сябрамі, каб не было канфлікту тыпу прыднястроўскага ці нагорна-карабахскага.
Народам шасьці постсавецкіх краін мы прапануем далёкасяжныя пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва.
Народам шасьці постсавецкіх краін мы прапануем далёкасяжныя пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва, аблягчэньне чалавечых кантактаў паміж Эўразьвязам і гэтымі краінамі, якое зь цягам часу прадугледжвае скасаваньне візаў. Мы прапануем падтрымку для розных сэктараў грамадзкага жыцьця. З кожнай з гэтых краін Эўразьвяз зьбіраецца падпісаць дамовы аб сяброўстве, такія, якую Польшча мела з ЭЗ паміж 1991 і 2004 гадамі”.

Яцэк Сарыюш-Вольскі кажа, што Эўразьвяз шчыра зацікаўлены, каб краіны-партнэры пераймалі эўрапейскія стандарты ў грамадзкім і гаспадарчым жыцьці. Што да Беларусі, то гэта будзе нялёгка, мяркуе спадар Сарыюш-Вольскі.

“Гэта будзе вельмі цяжка і вельмі доўга. Таго, што ёсьць сёньня ў Беларусі, недастаткова, гэта не задавальняе Эўразьвяз. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся, — гэта вызваленьне палітвязьняў, вольны распаўсюд дзьвюх незалежных газэт, лепшае стаўленьне да СМІ і апазыцыі. Мы чакаем, што далей будзе зьменены закон аб СМІ, выбарчае і крымінальнае заканадаўства, што будуць выконвацца 12 пунктаў пажаданьняў Эўразьвязу, ухваленых у рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту. І я маю надзею, што гэтае „Ўсходняе партнэрства“ дапаможа паступова іх рэалізаваць”.
XS
SM
MD
LG