Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэды абураныя прысутнасьцю Навумава на чэмпіянаце ў Швайцарыі


Пра гэта гаворыцца ў заяве прэзыдэнта праваабарончай ініцыятывы “Östgruppen” Марціна Ўглы, надрукаванай у шэрагу швэдзкіх выданьняў.

Östgruppen — вядомая ў Эўропе некамэрцыйная арганізацыя, якая садзейнічае разьвіцьцю дэмакратыі і ўмацаваньню правоў чалавека ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Як гаворыцца ў заяве, 7—9 траўня ў Бэрне ў рамках усясьветнага хакейнага першынства будзе працаваць кангрэс ІІХФ, на якім адбудзецца галасаваньне па краінах — кандыдатках на правядзеньне чэмпіянату ў 2014 годзе. Сёньня ж у штаб-кватэры Міжнароднай фэдэрацыі пройдзе генэральная прэзэнтацыя заявак. Заяўку ад Беларусі будзе прэзэнтаваць старшыня нацыянальнай фэдэрацыі хакею Ўладзімер Навумаў.

Колішні беларускі міністар унутраных спраў уваходзіць у сьпіс тых беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ і ЗША. Ён падазраецца ў дачыннасьці да зьнікненьня чатырох беларускіх апазыцыянэраў, сярод якіх генэрал міліцыі Юры Захаранка. Апошні зьнік роўна 10 гадоў таму, 7 траўня 1999 году.

Швайцарыя хоць і ня сябра ЭЗ, але яна падтрымала санкцыі Зьвязу. Тым ня менш, абураюцца швэдзкія праваабаронцы, Навумаў безь ніякіх перашкодаў прыбыў у гэтую краіну.

“Тая інэрцыя, якая назіраецца ў кіраўніцтве Міжнароднай фэдэрацыі хакею на лёдзе, выклікае расчараваньне, — падкрэсьлівае Марцін Угла. Навумава пачалі падазраваць у злачынстве ня сёньня, а шмат гадоў таму. Тым ня менш заклікі праваабаронцаў не дазволіць гэтаму чалавеку ўезд у Швайцарыю былі праігнараваныя”.

Паводле Марціна Углы, спартовыя арганізацыі павінны адпавядаць міжнародным прынцыпам у галіне абароны правоў чалавека. Такія людзі, як Навумаў, не павінны мець доступу да мерапрыемстваў кшталту чэмпіянату сьвету, лічыць праваабаронца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG