Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Алесь Пікула


Алесь Пікула
У Баранавічах на 29 годзе жыцьця раптоўна памёр сябра партыі БНФ Алесь Пікула. Актывіст апазыцыйнага палітычнага руху, ён узначальваў гарадзкую арганізацыю партыі БНФ, удзельнічаў у акцыях Маладога фронту, быў актывістам праваабарончай арганізацыі “Вясна”.

Алесь Пікула
памёр у ноч на чацьвер у кватэры, дзе ён жыў разам з маці. Першай сьмерць Алеся выявіла суседка, бо Алесева маці — хворая, прыкаваная да ложка жанчына, распавядае праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша:

“Раніцой яго знайшлі, ляжаў на падлозе, ужо халодны быў. Неўзабаве прыедзе хуткая, будуць разьбірацца. Лёс такі — бацька яго паехаў у Расею на заробкі, яго там забілі. Матуля ягоная хворая, не ўстае з ложка, і ён яе даглядаў. Спрабаваў заняцца нейкім бізнэсам, але не атрымалася, бо ведаеце ж, як апазыцыянэру гэта цяжка зрабіць”.

Цягам некалькіх год Алесь Пікула ўзначальваў Баранавіцкую суполку партыі БНФ. Як паведамляюць сябры і паплечнікі Алеся, ніводнай буйной грамадзка-палітычнай акцыі ў Менску яны не прапускалі. Ён натхняў і заахвочваў сваёй актыўнасьцю ўсю баранавіцкую моладзь, паведамляе актывіст партыі Алесь Грыцавец:

“Калі працаваў, то працаваў добра. Энэргічны, вясёлы, харызматычны хлопец. Пры ім, менавіта пры ім якраз быў пік актыўнасьці партыі ў Баранавічах. Асабліва шмат моладзі ўвайшло, калі ён узначальваў партыю. Таварыскі, нармалёвы хлопец”.

У розныя гады Алесь Пікула таксама супрацоўнічаў з Маладым Фронтам, працаваў у перадвыбарчым штабе Аляксандра Казуліна, у філіі праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Адзін зь лідэраў “Вясны” Валянцін Стэфановіч гэтак узгадвае пра Алеся Пікулу:

“Памятаю Алеся Пікулу вельмі добра. Узгадваецца справа, калі міліцыянты зламалі яму руку і мы спрабавалі дамагчыся праўды ў гэтай справе. Памятаю яго як шчырага і адкрытага чалавека. Шкада, што такія людзі сыходзяць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG