Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затулін перасьцерагае Лукашэнку ад лёсу Кучмы


Канстанцін Затулін

Канстанцін Затулін

“Усходняе партнэрства” адкрывае новы фронт канкурэнцыі паміж Расеяй і Эўразьвязам, перакананы вядомы расейскі палітык Канстанцін Затулін.


Учора ў Маскве міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў свайму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову, што ў праграме Усходняга партнэрства Эўразьвязу няма нейкай антырасейскай накіраванасьці.

Дырэктар Інстытуту краін СНД, дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін заявіў “Свабодзе”, што ён ня верыць такім запэўніваньням, тым больш ад краін-ініцыятарак партнэрства, Польшчы і Швэцыі, якія, на ягоную думку, усьцяж гавораць пра рост расейскай пагрозы:

“Мы ўжо навучаныя досьведам. Пасьля распаду СССР не было недахопу ў запэўніваньнях, што заходнія краіны нічога супраць Расеі не задумваюць. Аднак у паводзінах мы бачым іншую лёгіку.

За гэты час адбылося некалькі этапаў пашырэньня НАТО на Усход. Гарбачову абяцалі гэтага не рабіць, калі ён дасьць згоду на аб’яднаньне Нямеччыны. Мы не перашкаджалі гэтаму працэсу, нават віталі яго. Але ў адказ мы атрымалі поўнае ігнараваньне нашых перасьцярогаў, нашых надзённых інтарэсаў у гэтым рэгіёне.

Пасьля гэтага нас пераконвалі ўзяць удзел у праграме НАТО “Партнэрства дзеля міру”, і мы далучыліся ў 1995 годзе. Цяпер жа ў піку Расеі ў рамках гэтай праграмы адбываецца шмат захадаў, у тым ліку апошнія вучэньні НАТО ў Грузіі, якія носяць проста правакацыйны характар.

Безумоўна, Эўразьвяз зьнешне мае высакародныя мэты ў сваёй праграме “Ўсходняга партнэрства”, ён хоча знайсьці ўзаемаразуменьне з гэтымі дзяржавамі. Але быў і непрыемны сымптом — Беларусь некалькі разоў папярэджвалі, што ёй не пабачыць ніякага “Ўсходняга партнэрства”, калі яна прызнае Паўднёвую Асэтыю з Абхазіяй. Што гэта, калі не палітычны ціск на краіну для таго, каб яна не выступала з салідарных з Расеяй пазыцый?”

Тое, што да “Ўсходняга партнэрства” далучылася Беларусь, якая лічылася першым саюзьнікам Расеі, спадар Затулін ацаніў пэсымістычна:

“Калісьці імпэратар Аляксандар III сказаў, што ў Расеі, акрамя арміі і флёту, у Эўропе ніякіх саюзьнікаў няма. Можа, ён быў занадта катэгарычным... Але я не лічу сёньня Беларусь галоўным саюзьнікам Расеі.

Беларусь цяпер знаходзіцца ў стане роздуму пра лёс Саюзнай дзяржавы. Сапраўды, яна бліжэйшая нам, чым хто-колечы з постсавецкіх дзяржаў. Яна ўвайшла ў цесныя адносіны з Расеяй. Але апошнім часам кіраўніцтва Беларусі, А. Лукашэнка, якога трэціравалі ў Эўропе як апошняга дыктатара, відавочна робіць паварот, спрабуе адгуляць палітыку арэляў між Усходам і Захадам, разьлічвае, што гэта прынясе Беларусі больш выгады.

Папярэдні такі досьвед быў у Леаніда Кучмы, які таксама гойдаў арэлі паміж Усходам і Захадам. Скончыў ён досыць прыкра, калі не для яго самога, то для ягоных аднадумцаў, якія былі не дапушчаныя да ўлады ў выніку “аранжавай рэвалюцыі”. Я ня ўпэўнены, што гэта разумны і прагматычны выбар з боку кіраўніка Беларусі”.

Разам з тым спадар Затулін прызнаў, што ў пытаньні пра “Ўсходняе партнэрства” Расея ня мае права вэта і не зьбіраецца гэтага рабіць, не зьбіраецца закрываць дарогу для супрацоўніцтва з Масквою шасьці постсавецкім краінам, якія далучаюцца да гэтай праграмы Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG