Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыянты: “Хамайда замінае добраўпарадкаваць горад”


На віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы склалі пратакол за тое, што ён “загрувашчвае вуліцу Леніна, усталяваўшы самаробны столік з друкаванай прадукцыяй”.


Дзьве гадзіны Барыс Хамайда мусіў правесьці ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі. Паводле складзенага ў пастарунку пратаколу, ён вінаваты ў парушэньні правілаў утрыманьня населеных пунктаў. Згодна з артыкулам 21.14 адміністрацыйнага заканадаўства, яго могуць пакараць штрафам ад 4 да 20 базавых велічыняў.

Спадар Хамайда патлумачыў, што каля так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае незалежныя выданьні, — апошнімі днямі вядуцца рамонтныя працы. Мажліва, ягоная прысутнасьць падалася непажаданай камусьці з кіраўніцтва арганізацый, занятых будаўніцтвам забаўляльнага цэнтру побач зь “сінім домам” ці касмэтычным рамонтам самога дому № 28. Апазыцыянэр мяркуе, што ўвагу прыцягнула выява герба “Пагоня”, якую ён усталяваў каля століка з газэтамі ды часопісамі. Гэты герб узялі за аснову стваральнікі новага геральдычнага сымбалю вобласьці, і спадар Хамайда хацеў, каб гістарычную “Пагоню” ўбачыла як мага больш гараджан.

У міліцыі Барыса Хамайду папярэдзілі, каб ён чакаў позву на адміністрацыйную камісію — там павінны разабрацца, ці насамрэч распаўсюднік прэсы замінаў добраўпарадкаваньню горада. Але заўтра апазыцыянэр ізноў зьбіраецца выйсьці на звыклае месца каля “сіняга дому”, бо з тым, што ягоная “кропка” загрувашчвае вуліцу Леніна, ён катэгарычна ня згодны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG