Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка ачоліў беларускую дэлегацыю на саміце “Ўсходняга партнэрства” ў Празе. А ў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, паводле афіцыйнага сайту прэзыдэнта, “заплянаваны шэраг працоўных сустрэчаў” у Беларусі.


Паводле кіраўніка прэс-службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, А.Лукашэнка сёньня сустрэнецца з амбасадарам Расеі Аляксандрам Сурыкавым.

Напярэдадні, паводле прадстаўніка МЗС Беларусі, А.Лукашэнка прыняў рашэньне адносна складу дэлегацыі на саміце:

“Паколькі зьмест “Усходняга партнэрства” выключна прыкладны і ахоплівае сацыяльна і эканамічна значныя накірункі супрацоўніцтва (гандаль, энэргетыка, транспарт, міграцыя), яго курыраваньне аднесена да кампэтэнцыі ўраду”.

Беларуская дэлегацыя на саміце ў Празе прэзэнтуе пазыцыю Беларусі па праграме “Ўсходняга партнэрства” і правядзе шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам Эўразьвязу і яго краінаў-сяброў.

Запрашэньне на саміт для Беларусі кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку перадаў міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг падчас візыту ў Менск. Шэраг краін Эўразьвязу выступілі супраць асабістага ўдзелу Лукашэнкі ў саміце. “Нідэрлянды не вітаюць прыезд Лукашэнкі ў Прагу”,-- адзначыў напярэдадні кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Максім Вэрхагэн.

Напярэдадні саміту адказны за замежную палітыку Эўразьвязу Хавіер Саляна выказаў меркаваньне, што ні прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, ні ягоны малдоўскі калега Ўладзімер Варонін хутчэй за ўсё ня прымуць удзел у саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Празе.

“Я маю ўражаньне, што прэзыдэнт Малдовы не прыедзе... больш менш такая самая сытуацыя і з Лукашэнкам”, - сказаў Саляна пасьля сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу ў Люксэмбургу.

Лідэры астатніх краінаў пацьвердзілі, што будуць браць удзел у саміце. Нагадаем, да праграмы "Ўсходняе партнэрства" запрашаюцца Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.

Таксама на саміт у Празе не прыедуць прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, кіраўнікі ўрадаў Іспаніі і Вялікабрытаніі Хасэ Люіс Радрыгес Сапатэра і Гордан Браўн.



Польшча і Швэцыя запрапанавалі міністрам замежных справаў Эўразьвязу плян супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі.

Плян прапануе "глыбейшую інтэграцыю" Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Мэтай такога паглыбленага супрацоўніцтва павінна была быць падрыхтоўка гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз, хоць сам плян ня згадвае пра магчымасьці сяброўства ні словам. Плянам прадугледжваецца паскарэньне рэформаў, збліжэньне нацыянальнага заканадаўства з эўрапейскім для наступнай эканамічнай інтэграцыі краін у эўрапейскую супольнасьць.

Як вынік, "Усходняе партнэрства" мае спрыяць стабільнасьці ды дабрабыту ва ўсходніх суседзяў Эўразьвязу з дапамогай інструмэнтаў эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG