Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў абяцае бязьвізавую Беларусь. Праўда, на 2 тыдні


На здымку: Уладзімір Навумаў і Эрнэст Альянчыч.

На здымку: Уладзімір Навумаў і Эрнэст Альянчыч.

Сёньня ў штаб-кватэры Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) у Цурыху пройдзе генэральная прэзэнтацыя заявак краінаў-кандыдатаў на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году. Беларусь падае сваю заяўку ўжо трэці раз.

Ад пяці першапачатковых прэтэндэнтаў засталіся чатыры: Беларусь, Вугоршчына, Латвія і Ўкраіна; Чэхія вырашыла сканцэнтравацца на заяўцы-2015. Канчатковае рашэньне адносна краіны-гаспадыні сусьветнага першынства 2014 году будзе агучанае 8 ці 9 траўня падчас штогадовага Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў Бэрне. Беларусь на форуме будзе прадстаўляць экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў.

Права прыняць чэмпіянат сьвету ў хакеі Беларусь дамагаецца ўжо трэці раз. На папярэдніх этапах беларусаў пасьлядоўна апярэдзілі Нямеччына і Швэцыя, дзе першынствы адбудуцца, адпаведна, у 2010 і 2013 гадох. Трэцяя спроба, на думку кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі, мусіць стаць удалай. Аднак галоўны рэдактар спартовай газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў, які працяглы час адпрацаваў на пасадзе віцэ-прэзыдэнта хакейнай фэдэрацыі і неаднойчы браў удзел у Кангрэсах IIHF, кажа, што ў дадзеным выпадку рабіць аптымістычныя прагнозы не выпадае:

“Я б не стаў рабіць нейкія прагнозы да галасаваньня. Я 8 гадоў адпрацаваў у Фэдэрацыі хакею і 8 гадоў езьдзіў на гэтыя кангрэсы. Уласна кажучы, добра ведаю спэцыфіку гэтай публікі, ведаю, як яны галасуюць. Там табе могуць паабяцаць: так, мы абавязкова за цябе прагаласуем, але пры гэтым зробяць усё з дакладнасьцю наадварот. Справа ў тым, што галасаваньне таемнае, кожная краіна мае два галасы – два дэлегаты кангрэсу ў паперцы ўпісваюць ці выкрэсьліваюць тую ці іншую краіну. І нават ня зможаш даведацца, хто насамрэч цябе выкрасьліў. Таму штосьці тут прадракаць складана. У нас цудоўныя шанцы. Паводле прапанаваных умоваў Беларусь мае перавагу перад усімі краінамі. Хіба што ў гэтым пляне мы можам параўнацца з Латвіяй, але Латвія ўжо праводзіла чэмпіянат сьвету, і лягічней было б даць шанец Беларусі”.

Гарантыі забесьпячэньня міжнароднага клясу спаборніцтваў даваліся спартовым функцыянэрам з IIHF нават на ўрадавым узроўні. Месяц таму Менск наведаў прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазель. Яго прыняў асабіста прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Старшыня Савету міністраў заявіў, што спартовы комплекс “Мінск-Арэна”, які маюцца канчаткова дабудаваць да 7 лістапада 2009 году, можа прыняць блізу 17 тысяч гледачоў. А гэта істотна больш, чым аналягічныя магчымасьці краінаў-канкурэнтаў. Месяцам раней Менск наведаў старшыня заявачнага камітэту IIHF Эрнэст Альянчыч. Тады ўпершыню было абвешчана, што летам 2009-га пачнецца рэалізацыя праекту на ўзьвядзеньне чарговага лядовага палацу ў менскім мікрараёне Чыжоўка.

Сёньня ў Швэйцарыі агітаваць за Беларусь будзе асабіста старшыня Фэдэрацыі хакею, у нядаўнім мінулым міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў. Гэта пацьвердзіў галоўны рэдактар “Прессбола” Уладзімер Беражкоў. Пры гэтым спадар Беражкоў адзначыў, што Навумаў ужо зрабіў некалькі нечаканых заяваў:

“Так, цяпер Навумаў у Швэйцарыі, у прыватнасьці, у Бэрне. Учора ён нам даў інтэрвію. Дарэчы, адзін вельмі важны момант ён акцэнтаваў у сваёй заяве: маўляў, Беларусь падчас чэмпіянату сьвету 2014 году зробіць бязьвізавы ўезд у краіну. То бок, грамадзяне любых краінаў на два тыдні змогуць прыехаць у Беларусь бязь візы. Гэта досыць сьмелая і нават радыкальная заява. І гэта можа нядрэнна згуляць за хакей, скажам так”.

Пры гэтым Уладзімер Навумаў спадзяецца, што на правядзеньні чэмпіянату сьвету Менск можа зарабіць прыблізна 50 мільёнаў даляраў. Яшчэ на некалькі мільёнаў разбагацее Фэдэрацыя хакею Беларусі. Засталася толькі дробязь – выйграць у канкурэнтаў. Галасаваньне па краінах-кандыдатах адбудзецца 8 траўня. Вынікі выбараў будуць агучаныя альбо ў той жа дзень, альбо назаўтра, 9 траўня.

У Швэйцарыі Ўладзімер Навумаў апынуўся, нягледзячы на кампанію супраціву. Праваабаронцы зь Беларусі і Швэцыі Алесь Бяляцкі і Марцін Угла зьвярнуліся да кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам не дапусьціць прыезду Навумава ў Бэрн. Яны зазначалі, што кіраўнік Фэдэрацыі хакею Беларусі генэрал Навумаў падазраецца ў датычнасьці да сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека і ўваходзіць у лік беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз і ЗША. Праваабаронцы згадвалі пра магчымую сувязь экс-міністра са зьнікненьнем чатырох беларускіх апазыцыянэраў, сярод якіх і колішні кіраўнік МУС Беларусі Юры Захаранка -- паводле супадзеньня, сёньня роўна 10 гадоў, як Захаранка зьнік пры загадкавых абставінах. Аднак у выніку да голасу праваабаронцаў ніхто так і не прыслухаўся.
XS
SM
MD
LG