Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму стала другаснай тэма палітычных зьнікненьняў?


Ульяна Захаранка з партрэтам сына Юр’я

Ульяна Захаранка з партрэтам сына Юр’я

7 траўня — 10 гадоў ад зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Яго выкраданьне дагэтуль не расьсьледаванае. Назіральнікі адзначаюць, што ня толькі афіцыйнае сьледзтва спусьціла гэтую справу на тармазах. Усё радзей тэма зьніклых падымаецца сярод беларускай апазыцыі ды ў палітычных колах Эўропы. Чаму?

10 гадоў таму мала хто з простых людзей верыў, што да зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў датычная ўлада. Толькі апазыцыя ў адзін голас заяўляла: Юрыя Захаранку скралі і зьнішчылі на замову вышэйшага кіраўніцтва. Празь 10 гадоў мала хто сумняваецца, што экс-міністра больш жывым ніколі ня ўбачыць. А вось стаўленьне апазыцыі да гэтай справы цяпер неаднароднае. Адны працягваюць ладзіць акцыі напаміну, другія не рызыкуюць нагадваць пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага ды Завадзкага. Чаму?

Намесьнік старшыні Беларускага народнага фронту Віктар Івашкевіч даводзіць словам і справай, што БНФ ад праблемы палітычных зьнікненьняў не адмовіўся:

Віктар Івашкевіч
“7 траўня БНФ будзе браць удзел у акцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл, якая прысьвечаная 10-й гадавіне зьнікненьня Захаранкі, чыя справа не расьсьледаваная. Мяркую, і мяне падтрымліваюць у БНФ, што гэта — чорная пляма, ад якой рэжым і асабіста Аляксандар Лукашэнка не адмыўся”.

Паводле Віктара Івашкевіча, праблема зьніклых канчаткова вырашыцца толькі пасьля свабодных выбараў, бо вольна абраныя дэпутаты абавязкова падымуць гэтае пытаньне і давядуць расьсьледаваньне да канца. Таму “камісія Макея і адмовілася абмяркоўваць праблему выбараў”, кажа спадар Івашкевіч, згадваючы грамадзка-кансультатыўную раду, створаную нядаўна пры адміністрацыі прэзыдэнта. Нагадаю, у гэты кансультатыўны орган уваходзяць і некалькі апазыцыянэраў. Віктар Івашкевіч ня толькі на іх ускладае адказнасьць за тое, што тэма зьніклых больш не закранаецца ў перамовах зь беларускімі ўладамі:

“Прыкладам, спадар Мілінкевіч, якога Лукашэнка хваліць за канструктыўнасьць, які кажа, што ня ўсё гэтак дрэнна ў Беларусі”.

Узяць адпаведны камэнтар у лідэра руху “За свабоду” мне не ўдалося. Цяпер спадар Мілінкевіч знаходзіцца ў Празе: тут адбудзецца саміт Эўразьвязу, на якім плянуецца падпісаць праграму “Ўсходняга партнэрства”. Аднак на сайце Аляксандра Мілінкевіча знаходжу ягоны публічны выступ у Страсбуры — сярод іншага палітык нагадвае пра 12 патрабаваньняў, выстаўленых Эўразьвязам беларускаму рэжыму ў якасьці ўмовы для дыялёгу. Адно зь іх — расьсьледаваньне спраў зьніклых. Чаму ж цяпер тэма палітычных зьнікненьняў у Беларусі стала другаснай?

Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька кажа найперш пра зьнешнія прычыны:

Анатоль Лябедзька
“Канстатую, што гэтая праблема сыходзіць з парадку дня сярод міжнародных тэмаў у эўрапейскай супольнасьці. Падчас размоў пра лібэралізацыю, канечне, яна перашкаджае стасункам афіцыйнага Брусэлю і Менску, і таму размоў пра яе значна меней, чым было яшчэ некалькі гадоў таму. Палітычная каньюнктура — гэта яна ўплывае. Але ўнутры краіны тэма застаецца актуальнай”.

Жонка зьніклага ў верасьні 1999 году Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар даўно б’е ў званы: прадстаўнікі замежжа кінулі тэму зьніклых як непэрспэктыўную.

Зінаіда Ганчар
“Даўно зьмяніліся амбасадары, якія былі знаёмыя са скрадзенымі. А новым гэта і не цікава. Усім абыякава, што сваякі цярпяць, знаходзяцца ў нейкім незразумелым стане. А калі ніхто не патрабуе, то нашая ўлада і не пашавеліцца ў раскрыцьці злачынстваў”.

Алег Воўчак
Праваабаронца Алег Воўчак разумее рацыяналізм эўрапейцаў, але ня лічыць, што саступкі прывядуць да посьпеху:

“Канечне, патрабаваць ад Лукашэнкі расьсьледаваць гэтыя справы бессэнсоўна: ён скажа, каб ня ўмешваліся ў ягоныя справы. І адносіны зноў абвострацца. Але я лічу, што гэта няправільна і трэба ціснуць на гэтую тэму. Тым больш, яна прайшла ў шмат якіх міжнародных рэзалюцыях”.

Нагадаем, некалькі гадоў таму Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла адмысловую рэзалюцыю на падставе справаздачы дэпутата Пургурыдэса, які дасьледаваў датычнасьць беларускага кіраўніцтва да спраў зьніклых. У дакумэнце адзначалася, што беларускія ўлады нічога ня робяць, каб расьсьледаваць гэтыя справы. У выніку Эўразьвяз увёў супраць беларускага рэжыму санкцыі, сярод якіх была забарона на ўезд у Эўропу шэрагу кіраўнікоў Беларусі. У канцы 2008 году санкцыі былі часова замарожаныя.

Як заяўляюць кіраўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, найперш праблему зьніклых трэба вырашаць у Беларусі — празь зьмену палітычнага рэжыму. Што да доказаў віны тых, хто стаіць за зьнікненьнямі, яны знойдуцца, перакананая журналістка Марына Коктыш.

Марына Коктыш
Днямі Марына гутарыла з генэралам міліцыі ў адстаўцы Мікалаем Лапацікам, аўтарам вядомага рапарта Ўладзімеру Навумаву пра датычнасьць да выкраданьня Юрыя Захаранкі такіх асобаў, як Шэйман, Паўлічэнка, Сівакоў. Размаўляць на гэтую тэму генэрал Лапацік адмаўляецца, але ці назаўжды?

“Чаму сёньня маўчаць тыя людзі, якія могуць падзяліцца інфармацыяй? Відаць, яны апасаюцца за сваё жыцьцё, апасаюцца, што дрэнна будзе іх сваякам. Прыкладам, былы генэральны пракурор Алег Бажэлка проста шарахаецца ад журналістаў. Магчыма, чакае, што час зьменіцца. Калі ён ды іншыя сьведкі загавораць? Ня ведаю, але ведаю, што такі час прыйдзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG