Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 траўня дэмакратычная грамадзкасьць правядзе акцыі памяці з нагоды 10-й гадавіны гвалтоўнага зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.


Ланцугі салідарнасьці плянуецца правесьці ў шэрагу гарадах Беларусі. Як паведамілі прадстаўнікі АГП, такая акцыя адбудзецца таксама ў Менску а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Яе ўдзельнікі выйдуць на плошчу з партрэтамі Юрыя Захаранкі.

Таксама прадстаўнікі дэмсілаў Гомельшчыны наведаюць 7 траўня маці генэрала, якая жыве ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці.

Берасьцейскі гарвыканкам не задаволіў заяўку абласной арганізацыі АГП на правядзеньне пікету да 10-й гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Палітык Юры Захаранка быў скрадзены 7 траўня 1999 году і пра ягоны лёс дагэтуль нічога не вядома.

У момант, калі Беларусь атрымала незалежнасьць, Захаранка быў намесьнікам старшыні міжрэгіянальнага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР.

У 1994 годзе ён быў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі. У 1995 годзе быў звольнены з пасады ўказам прэзыдэнта Лукашэнкі. Захаранка далучыўся да апазыцыі й быў абраны ў кіраўніцтва АГП. Маючы падтрымку й аўтарытэт сярод вайскоўцаў і сілавых структураў, Захаранка быў для прэзыдэнта небясьпечным праціўнікам.

Сям’я Юрыя Захаранкі — жонка, дзьве дачкі й унукі — вось ужо некалькі гадоў жыве ў Нямеччыне, дзе атрымала палітычны прытулак.
XS
SM
MD
LG