Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтадылеры адмаўляюцца ад “Мотаршоў” на карысьць эканоміі


На выставе
На выставе

Сёньня ў Менску пачынае працу аўтамабільная выстава “Мотаршоў-2009”. Аднак традыцыйны фэстываль дасягненьняў аўтамабільнай галіны сёлета абяцае стаць адным з самых сьціплых – у пэрыяд рэзкага спыненьня продажаў, выкліканых сусьветным эканамічным крызісам, дылеры вядучых вытворцаў адмовіліся ўдзельнічаць у фінансава стратным мерапрыемстве.


Яшчэ ў верасьні мінулага году арганізатары аўтамабільнай выставы пасьпяшаліся абвясьціць: імпрэза ўзору 2009 году зьдзівіць экспэртаў і аўтааматараў сваёй маштабнасьцю. Аднак крызісныя зьявы істотна адкарэктавалі намеры і цяпер “напалоеонаўскія” пляны набылі куды больш сьціплыя абрысы.

Стала вядома, што значная колькасьць аўтадылераў адмовілася ад павільёнаў у футбольным манэжы, які некалькі апошніх гадоў прымае аўтавыставу. Пра адмову ад экспанаваньня заявілі японскія Toyota, Suzuki, Nissan, Subaru, а таксама карэйскія Kia і SsangYong. Беларускія прадстаўнікі гэтых вядомых лэйблаў кажуць пра недахоп матывацыі ўдзелу ў выставе. Гэтаксама ня будзе некаторых знакавых “немцаў”.

Адхілілі прапанову ўзяць удзел у “Мотаршоў” дыстрыбутары Audi і Porsche. Дылеры BMW паскардзіліся на несувымерныя прапорцыі кошту арэнды павільёнаў і эфэктыўнасьці ад такой рэклямы: павільён абыходзіцца ў сярэднім 50 тысяч даляраў, тады як гарантыі, што за час працы выставы ўдасца заатрымаць хоць аднаго пакупніка, няма ніякай.


Кампанія “Атлант-М Холпі”, афіцыйны прадстаўнік Mazda і Land Rover у Беларусі, аргумэнтавала аналягічны крок адсутнасьцю новых мадэльных лінеек, цікавых для такога ўзроўню імпрэзы. Намесьніца дырэктара па маркетынгу Эла Шляга кажа, што ўдзел будзе абмежаваны розыгрышам аднаго з аўтамабіляў:

“Мы ў “Мотаршоў” не бяром удзел як кампанія, але арганізатары будуць разыгрываць “Мазду-2”, машыну мы прадстаўляем ў якасьці лятарэі. Справа ў тым, што ў нас ўсе прэм’еры прыпадаюць на восень, і нам няма чаго асабліва паказваць. А ісьці туды проста так – мы ня бачым у гэтым сэнсу. Вось калі ў нас пры канцы году зьявяцца новыя мадэлі Mazda і Land Rover, тады для нас шырокі розгалас будзе важны, а цяпер -- не”.

Затое, на думку кіраўніка Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алега Маркевіча, раскрываецца бязьмежная прастора для рэклямаваньня кампаніям, якія прэтэндуюць заняць месца вытворцы беларускіх аўтамабіляў. Ужо некалькі гадоў у Абчаку пад Менскам зьбіраюць іранскія легкавікі “Саманд” – на базе маральна састарэлага “Пэжо-405”. Аднак аб’ёмы зборкі “скакуноў” не перавышаюць некалькіх дзясяткаў на год, што не дае магчымасьці перавесьці іх у шэраг “айчынных” аўтамабіляў. Цяпер распрацоўваецца верагоднасьць зборкі на базе Менскага аўтазаводу кітайскіх аўто, якія, дзякуючы шырокаму асартымэнту, патэнцыйна маюць куды большы рынак збыту. Спадар Маркевіч не выключае: дзеля рэалізацыі такіх плянаў беларускія ўлады могуць пайсьці ў тым ліку на непапулярныя меры:
будзем вымушаныя купляць кітайска-іранскі сэканд-хэнд ...

“Будуць лабіраваць чужыя інтарэсы, як быдла загоняць у стойла, папросту не пакінуўшы альтэрнатывы. На растаможку будзе так падвышаны кошт, што мы ўсе з эканамічных умоваў будзем вымушаныя купляць кітайска-іранскі сэканд-хэнд. Ужо відавочна, што Беларусь не прыкрыта лабіруе інтарэсы кітайска-іранскага аўтапраму. Але калі Кітай тупа і манатонна перадзірае лепшае з эўрапейскага (дзеля справядлівасьці, часам небеспасьпяхова), то Іран падсоўвае нам відавочны аўтазастой далёка ня новых мадэляў. А беларусы, якія жывуць у цэнтры Эўропы, хоць і ня часта, але паезьдзілі па сьвету і хочуць бачыць у сябе на радзіме зборку той жа “Шкоды”, “Эўрафорду”, японскіх, карэйскіх, амэрыканскіх аўтамабіляў. Робіць жа гэта суседняя Расея, хоць і мае ўласны аўтапрам”.




Тыя ж, хто вырашыў не здраджваць традыцыі аўтывыставаў, будуць прэзэнтаваць мадэлі, якія ўжо бегаюць ня толькі па заходнеэўрапейскіх, але і па беларускіх дарогах. Бальшыня “навінак” даўно адтэставаныя спэцыялізаванымі часопісамі і экспэртамі тэлевізійных аўтапраграмаў. Так, афіцыйны імпартэр Citroёn прадэманструе свій красовэр, які ня першы месяц рэклямуецца. Чэская Skoda пакажа Superb і поўнапрывадную вэрсію Octavia. Volkswagen, які традыцыйна спэцыялізуецца на “народных” мадэлях, спадзяецца сарваць аплядысмэнты перадусім “гольфам” шостага пакаленьня і Passat CC. Зь ліку вядомых брэндаў наведнікі таксама пабачаць зьлёгку абноўленыя вэрсіі пазадарожнікаў і красовэраў Mitsubishi, Ford, Volvo.

Падчас фінансавага крызісу аўтамабільная галіна зьведвае найвялікшыя праблемы. Ужо збанкрутавалі некалькі сусьветных гігантаў, сярод якіх амэрыканскі “Chrysler”, а продажы аўтамабіляў дасягнулі абсалютнага мінімуму за некалькі дзясяткаў гадоў. Дзеля таго, каб хоць неяк рэалізаваць прадукцыю, кампаніі намагаюцца прывабіць пакупнікоў беспрэцэдэнтнымі акцыямі і зьніжкамі. Аднак у адсутнасьць прагназаванай пэрспэктывы з працай і заробкамі людзі не кідаюцца нават на самыя “салодкія” заклікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG