Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі ў зьвязку з 65-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта ўжо дзясятая з 1991 году амністыя.


На свабоду выйдуць каля 4,5 тысяч чалавек, 2,5 тысячы з гэтага ліку пакінуць папраўчыя ўстановы закрытага тыпу — турмы і калёніі.

Дзяржава ў выніку праведзенай амністыі, паводле папярэдніх дадзеных, атрымае магчымасьць зэканоміць каля двух мільярдаў беларускіх рублёў. Утрыманьне аднаго вязьня абыходзіцца дзяржаве ў 336 тысяч рублёў на месяц.

Амністыя ня будзе мець шырокага характару, паведамляе БелТА. Вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці льготныя катэгорыі асобаў, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, а таксама менш цяжкія злачынствы. Сярод іх непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, пэнсіянэры, інваліды, хворыя на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваныя, вэтэраны баявых дзеяньняў, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, якія параненыя пры выкананьні абавязкаў падчас службы.

Незалежна ад тэрміну адбыцьця пакараньня будуць вызваленыя асобы, асуджаныя за злачынствы, якія не маюць вялікай грамадзкай небясьпекі, а таксама пры асуджэньні да арышту. Пад амністыю падпадаюць таксама асобы, асуджаныя за менш цяжкія злачынствы, калі яны адбылі не менш за адну чвэрць тэрміну пакараньня, за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы – пры адбыцьці ня менш за адну траціну тэрміну пакараньня. Таксама будуць вызвалены асобы, якія ўчынілі любое злачынства, калі да заканчэньня тэрміну адбыцьця пакараньня засталося меней за год. Пры гэтым асуджаныя, якія не падпадаюць пад вызваленьне ад далейшага адбыцьця пакараньня, вызваляюцца ад пакараньняў часткова тэрмінам на адзін год.

Амаль палова зьняволеных у Беларусі, а дакладней — 47,6%, адбываюць пакараньне за эканамічныя злачынствы. А наагул за кратамі ў краіне знаходзіцца 37,5 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG