Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саюзьнік, зь якім можна блякавацца для адпору Расеі”


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
Сёньня ў Гомелі плянуецца сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі. Паводле афіцыйных крыніцаў, будуць абмеркаваныя актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўдзел у праграме “Усходняе партнэрства”. Кіраўнікі краінаў працягнуць дыялёг пачаты ў студзені гэтага года ў Чарнігаве. Чаму пачасьціліся сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны?Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Дзянісам Мельянцовым.

Дашчынскі: Гэта ўжо другая сустрэча А.Лукашэнкі з В.Юшчанкам ад пачатку года. Яна адбываецца напярэдадні саміту праграмы “Усходняга партнэрства”, якая дае магычмасьці для рэгіянальнага супрацоўніцтва. Нагадаем, раней Украіна брала на сябе ролю пасярэдніка ў дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам.

Мельянцоў: “Пра гэта адкрыта заяўляе і сам Юшчанка. Ён не раз пра гэта казаў, што выступае прамотарам гэтага дыялёгу, каб Беларусь была ўцягнутая ў гэтыя працэсы, каб працягвалася нармалізацыя палітычных стасункаў. Зусім нядаўна ён сказаў, што Лукашэнку трэба ўцягваць у дыялёг і адным з інструмэнтаў можа быць такая дыялёгавая палітыка, палітыка паступовага ўцягваньня. Сваімі заявамі і тым, што сустракаецца з Лукашэнкам, ён якраз паказвае, што сам зацікаўлены ў праэўрапейскіх настроях Беларусі. І чыста аб’ектыўна Ўкраіна зацікаўлена, каб побач зь ёй быў праэўрапейскі саюзьнік, зь якім можна ў выпадку чаго блякавацца для таго, каб даваць адпор эканамічнаму і энэргетычнаму ўплыву Расеі. І з тым, каб разам удзельнічаць у праектах Эўразьвязу, у тым ліку у тых якія анансаваліся “Адэса-Броды”, магчыма, гэта энэргетычны калідор Літва-Беларусь-Украіна, дзе беларускі партнэр абавязковы. То бок у любым разе трэба інтэнсыфікаваць кантакты з беларускім бокам.

Рэальна ўжо насьпела неабходнасьць для больш шчыльных кантактаў не толькі эканамічных, але і палітычных паміж Украінай і Беларусьсю. І паколькі раней яны былі цалкам замарожаныя, то зараз іх трэба неяк хутка наганяць”.

Дашчынскі: Нагадаем, што пасьля сустрэчы А.Лукашэнкі з В.Юшчанкам у студзені адбыліся ажно чатыры візыты кіраўніка Беларусі ў Расею. Магчыма, што з дапамогай актывізацыі на ўкраінскім напрамку А.Лукашэнка хоча даць нейкі сыгнал Маскве, каб вырашыць праблемныя пытаньні ў расейска-беларускіх дачыненьнях?

Мельянцоў: “Натуральна, бо любыя зьнешнепалітычныя кантакты беларускага кіраўніцтва пашыраюць поле для манэўраў. Зараз мы бяром удзел ва “Ўсходнім партнэрстве”, аднаўляем адносіны з Эўразьвязам – гэта азначае, што ў нас зьяўляюцца дадатковыя магчымасьці для гандлю і стасункаў у выпадку, калі Расея націсьне. Тое ж самае з Украінай, бо гэта галоўныя краіны-транзытэры, якія могуць наогул перакрыць Расеі нафту і газ. З гэтым Расея не можа не лічыцца. І гэта такі важны выклік для расейскага боку, калі насамрэч аднаўляюцца палітычныя стасункі Ўкраіны і Беларусі. І гэты мэсідж Крамлю такі, што гэтыя краіны могуць неяк салідарызавацца, калі Расея будзе праводзіць занадта жорсткую палітыку адносна Кіева альбо Менску”.

Дашчынскі: Падчас перамоваў у Чарнігаве было дамоўлена пра сустрэчу прэм’ер-міністраў Беларусі і Ўкраіны, але дагэтуль яна не адбылася. Відаць, і правядзеньне сустрэчаў на самым высокім узроўні не ў сталіцах, сьведчыць пра пэўную спэцыфіку стасункаў. Хаця А.Лукашэнка нават ставіў Расеі ў прыклад Украіну, зь якой таваразварот палепшыўся. А што тычыцца энэргетычных праектаў?

Мельянцоў: “Працуюць экспэртныя групы і што да энэргетыкі, то дакладна, што будзе гэты энэргетычны калідор. Што да больш амбіцыйных праектаў як падключэньне Беларусі да прадуктаправоду “Адэса-Броды”, то гэта яшчэ пад пытаньнем, бо не вырашана чым ён будзе напаўняцца. Там трэба яшчэ дадатковую галіну будаваць да Мазыра. Гэта патрабуе вялікіх выдаткаў. І гэта адзін з пунктаў, фінансаваньне на які Беларусь хацела б атрымаць ад ЭЗ. Але такія перамовы вядуцца і тое, што такія кантакты інтэнсыфікаваліся, гаворыць пра тое, што там ёсьць пазытыўныя зрухі. Калі гэты саміт “Усходняга партнэрства” пройдзе пазытыўна і будуць намечаныя канкрэтныя праекты, і больш канкрэтнае фінансаваньне, можна будзе меркаваць, калі і як Беларусь будзе ўключана ў рэгіянальныя праекты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG