Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прыходзіш у Вярхоўны Савет -- а дэпутаты абмяркоўваюць твой артыкул"


Госьць Начнога эфіру -- карэспандэнт Свабоды Віталь Цыганкоў, які стаў лаўрэятам прэміі БАЖ “Вольнае слова”.


Соўсь:
Да Сусьветнага дня свабоды прэсы, які традыцыйна адзначаецца 3 траўня, Беларуская асацыяцыя журналістаў уганаравала пераможцаў творчага конкурсу “Вольнае слова”.
Ганна Соўсь
Сярод ляўрэатаў у намінацыі “Лепшы аналітычны матэрыял” — наш калега Віталь Цыганкоў, які цяпер са мной у праскай студыі Начной Свабоды. Пра што быў артыкул, за які Вас узнагародзілі?. Я яго, дарэчы, даволі добра памятаю... Але раскажыце слухачам “Начной Свабоды”.

Цыганкоў: Гэта быў блог “Казус Абрамавай, альбо Пусты гранатамёт Кучынскага”, які я напісаў адразу пасьля парлямэнцкіх выбараў. Я ўвогуле ня так часта пішу такія аўтарскія камэнтары -- толькі тады, калі, што называецца, нешта моцна ўсхопіць, зачэпіць. І пазыцыя дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай якраз чапляла мяне сваім цынізмам.

Калі Абрамава заяўляла, што на ранейшых парлямэнцкіх выбарах яна перамагала дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі – мяне гэта абурала. Маўляў, іншыя апазыцыянэры ня ўмеюць працаваць з насельніцтвам, а яна адна ўмее. А выбары 2008 году даказалі – Абрамаву, як і іншых дэпутатаў, “прызначалі”. А ў кастрычніку 2008-га не прызначылі. Я пра гэта і напісаў. Артыкул перадрукавалі “Народная Воля” і “Наша Ніва”, ён паставіў рэкорд наведваньня сярод блогаў на нашым сайце, была даволі гучная рэакцыя ў Інтэрнэце. Карацей, той самы варыянт, калі журналіст зачапіў, што называецца, балючую тэму.

Соўсь: А сама Абрамава неяк адрэагавала на вашу публікацыю?

Цыганкоў: Не, да мяне асабіста не даходзіла ніякай яе рэакцыі. Магчыма, ускоснай рэакцыяй можна лічыць тое, што Вольга Абрамава зачыніла свой асабісты блог у ЖЖ і цяпер фактычна не праводзіць ніякай палітычнай актыўнасьці.

Соўсь: Вы не змаглі прысутнічаць на ганараваньні ляўрэатаў прэміі БАЖ “Вольнае слова”, паколькі знаходзіцеся ў Празе. Давайце ўявім, што мы зараз на цырымоніі ганараваньня ляўрэатаў. Што бы вы сказалі, атрымаўшы дыплём “Вольнае слова”?

Цыганкоў: Я б, напэўна, асабліва адзначыў, што сярод прэміяў БАЖу ёсьць намінацыя “Дэбют” для маладых журналістаў. Радуе, што сёньня, “у гэтай неспрыяльнай абстаноўцы” маладыя людзі прыходяць у незалежную журналістыку, пішуць добрыя артыкулы, езьдзяць у правінцыю, гутараць з людзьмі.
Гэта, напэўна, тое, з чаго трэба пачынаць свой шлях у журналістыцы – гутарыць з людзьмі.
Гэта, напэўна, тое, з чаго трэба пачынаць свой шлях у журналістыцы – гутарыць з людзьмі.

Соўсь: Гэта ня першая Ваша журналісцкая ўзнагарода. Былі яшчэ прэмія ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча ў 1995-ым годзе, летась вы ўжо былі ўзнагароджаныя прэміяй БАЖу “Вольнае слова”. А ў прынцыпе, што для журналіста, аналітыка ёсьць лепшай узнагародай – калі матэрыял трапіў у найбольш чытаныя на сайце, высокая ацэнка калегаў, герояў матэрыялу, калі твой допіс мяняе нешта ў грамадзтве, у лёсах людзей?

Цыганкоў: Хацелася б, каб было ўсё пералічаная вамі ў адной публікацыі -- але, відаць, такога не бывае. Сёньня стаўленьне да журналістыкі і яе значэньне не такое, як было ў 90-я, калі я ўваходзіў у прафэсію. Сёньня не даводзіцца чакаць, што твой артыкул нешта кардынальна зьменіць у грамадзтве – таму асабліва адчуваеш зваротную сувязь, рэакцыю слухачоў, знаёмых, калегаў..

Соўсь: Віталь Цыганкоў у журналістыцы з 1990 году. Спачатку працаваў у газэце "Знамя Юности", потым у кастрычніку 1991 стаў адным з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Далей працаваў ў газэтах "Звязда", быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай "Независимой газеты", Associated Рress, газэты “Свабода”, першым рэдактарам часопіса БАЖ "Чацьвёртая ўлада". На Беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Вы цяпер у нязвыклай для сябе ролі. Звычайна вы задаеце пытаньні ў Экспэртызе Свабоды”, “Бліц-аналізе” ці “Праскім акцэнце”. А вось цяпер даводзіцца самому адказваць на пытаньні. Гэта лягчэй ці цяжэй?

Цыганкоў: Вядома, нам, журналістам, больш звыкла задаваць пытаньні -- тут менш адказнасьці і ўсё ў тваіх руках. Зрэшты, мне ў жыцьці ня так і рэдка -- можа некалькі дзясяткаў разоў -- даводзілася даваць камэнтарыі ці інтэрвію, і я здаецца, больш разумею суразмоўцу з таго боку. Таму, калі я праводжу інтэрвію, я магу быць настойлівым, часам рэзкім, каб выцягнуць ад суразмоўцы адказы, але правакацыйныя пытаньні не ужываю. Умоўна скажам, накшталт “Што вы п’ёце – самагон ці чарніла?” Можа чалавек зусім ня п’е, альбо п’е віскі.

Соўсь: Вашыя публіцыстычныя посьпехі пачаліся ў 90-я гады. Як бы вы параўналі значнасьць і якасьць журналістыкі тады і зараз?

Цыганкоў: Ох, балючая тэма. 90-ыя – гэта быў час, калі грамадзтвам была больш запатрабаваная незалежная журналістыка, нават у больш шырокім сэнсе – вольнае слова і альтэрнатыўная інфармацыя.
Ты прыходзіў у Вярхоўны Савет і некаторыя дэпутаты абмяркоўвалі твой артыкул, ты заходзіў у кабінэты да чыноўнікаў, і яны таксама пачыналі размовы з артыкулаў у газэце “Свабода”.


Да таго ж існавала публічная палітыка, якой цяпер няма. Ты прыходзіў у Вярхоўны Савет і некаторыя дэпутаты абмяркоўвалі твой артыкул, ты заходзіў у кабінэты да чыноўнікаў, і яны таксама пачыналі размовы з артыкулаў у газэце “Свабода”. Натуральна, у такой сытуацыя лягчэй было здабыць важную інфармацыю, правільна ацаніць тэндэнцыі і матывы палітычных рашэньняў.

Была вялікая ўвага да таго, як разьвівацца грамадзтву, куды ісьці краіне. Людзей гэта цікавіла, і яны хацелі ведаць адказы на пытаньні, што адбываецца. І гэта быў росквіт беларускай журналістыкі ў сэнсе яе запатрабавальнасьці грамадзтвам.

Але нельга спасылацца на тое, што “час іншы”, трэба заставацца верным сваёй прафэсіі і місіі, не зьмяншаць прафэсійныя патрабаваньні

Соўсь: І апошняе пытаньне. Радыё Свабода праводзіць новы конкурс -- 100 адрасоў Свабоды. Дзе ў Беларусі варта павесіць мэмарыяльныя шыльды ў гонар падзеяў найноўшай гісторыі незалежнасьці і свабоды? Які адрас і чаму запомніўся вам? Які Ваш адрас Свабоды?

Цыганкоў: Напэўна, я тут ня буду арыгінальным -- гэта найперш Плошча Незалежнасьці ў Менску, дзе працаваў Вярхоўны Савет 12-а скліканьня, які і зрабіў Беларусь незалежнай краінай. Ды й на самой плошчы праходзілі і мітынгі рабочых, і мітынгі прыхільнікаў дэмакратыі і адраджэньня.

Але б да гэтага відавочнага выбару я б дадаў яшчэ адзін. Гэта рэдакцыя газэты “Свабода” – вуліца Іванаўская, 56 – рэдакцыя, якой кіраваў легенда беларускай журналістыкі Ігар Герменчук, газэта, якая на доўгія гады дала прыклад і ўзор вострай незалежнай журналістыкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG