Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 траўня 1819 году ў фальварку Ўбель былога Ігумэнскага павету на Меншчыне нарадзіўся Станіслаў Манюшка, якому выпала стаць стваральнікам польскай і беларускай нацыянальнай клясычнай опэры.

Але калі палякі прызналі за кампазытарам такое месца ў сваёй нацыянальнай культуры адразу пасьля прэм’еры ягонай опэры “Галька” ў 1858 годзе, то беларусы толькі апошнія дваццаць гадоў перасталі вывучаць творчасьць свайго земляка ў разьдзеле “Замежная музыка”.

Сёньня ў Менску адкрылася выстава “Музычны сьвет Станіслава Манюшкі”.

Сёньняшнія ўгодкі Станіслава Манюшкі ў Менску, дзе больш за паўтара стагодзьдзя таму ўпершыню прагучалі “Канторскія служачыя”, “Лятарэя”, “Рэкруцкі набор”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка” і іншыя творы кампазытара, адзначаныя дзьвюма імпрэзамі. Першая адбылася ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, дзе адчынілася выстава “Музычны сьвет Станіслава Манюшкі”. Імпрэзу распачаў амбасадар Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін:

Генрык Літвін
“Станіслаў Манюшка быў пераемнікам Рэчы Паспалітай абодвух народаў, дзіцём культуры, якая фарміравалася шляхам узаемаўзьдзеяньня розных этнасаў і розных вераспавяданьняў”.

Не дзяліць знакавых асобаў былой агульнай дзяржавы, а шанаваць іх заклікаў адзін з дасьледчыкаў спадчыны былой агульнай культурнай прасторы Польшчы і Беларусі прафэсар Адам Мальдзіс. Відэафільм, дэманстраваны пад час прэзэнтацыі, паказаў, у якім жудасным стане знаходзяцца цяпер помнікі архітэктуры ваколіцаў радзімы кампазытара, паданьнямі зь якіх прасякнутыя многія яго творы. Спадар Мальдзіс прапанаваў глядзець на сёньняшнюю дату як на пачатак падрыхтоўкі да двухсотгадовага юбілею беларуска-польскага кампазытара. Праграма мінімум на гэты час прафэсара Мальдзіса:

Адам Мальдзіс
“Найперш трэба аднавіць Убель. Гэта ж невялікая сядзіба, драўляная сядзіба. Узнавіць гэтую сядзібу ня так цяжка, асабліва народным майстрам-цесьлям гэта зусім не праблема. Другая праблема — помнік у Менску. Манюшка — кампазытар, які найбольш быў зьвязаны зь Менскам, які вучыўся ў нашай менскай гімназіі, ставіў тут першыя творы, дзе яго ўрачыста шанавалі ў хаце Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў 1856 годзе”.

А яшчэ спадар Мальдзіс спадзяецца, што празь дзесяць гадоў кіраўнік “Беларускай капэлы” сьпявак Віктар Скарабагатаў з калегамі выдадуць усю творчую спадчыну Станіслава Манюшкі. Сам спадар Скарабагатаў марыць пра той час, калі кожны, хто будзе хадзіць па праспэкце Незалежнасьці, будзе сьпяваць хаця б некаторыя песьні са створаных Манюшкам больш як чатырохсот. І тут жа прадэманстраваў колькі зь іх. А яшчэ выказаў спадзяваньне, што двухсотгодзьдзе стваральніка польскай і беларускай нацыянальнай опэры будзе сьвяткавацца ў адноўленых ягоных пэнатах:

Віктар Скарабагатаў
“Празь дзесяць год мы туды прыедзем і выступім ужо і ў сядзібе адноўленай ці ў тым самым Сьмілавіцкім замку, на вежы якога той самы гадзіньнік, які граў мэлёдыю, што стала лейтматывам опэры Манюшкі «Страшны двор»”.

А сёньня на пачатку выставы адзіны твор Манюшкі зайгралі Ірына Аўдзеева і Сяргей Махаў. Увечары ў маленькай залі музэю гісторыі тэатру і музычнай культуры канцэрт з ягоны твораў адбыўся ў выкананьні трыо “Вытокі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG